Мінатаўр – гэта не міністэрства аўтатранспарту і не мінская ўстанова, звязаная з аўтатурызмам. Гэта пачвара з галавой быка. Справіцца з ёй змог толькі легендарны Тэсей. Які і Мінатаўра перамог, і з лабірынта здолеў знайсці выйсце.
І вось, група бялыніцкіх энтузіястаў, ці то натхніўшыся подзвігам Тэсея, ці то замаскіраваўшыся пад Траянскага каня, вырашыла браць “быка за рогі”. Пэўная супольнасць добранадзейных і сумленных грамадзянаў арганізавалася, каб падпісаць наступны зварот. Адбылося гэта напрыканцы 2012 года.
Мінатаўр вырашыў спакойна сустрэць Новы год. А потым выйсці на сувязь.
Паколькі ўся наша гісторыя працята загадкавым духам ці то містыкі, ці то містыфікацыі, здарэнні дзіўнага характару не прымусілі сябе чакаць.
Нейкая неўтаймаваная энергія побач з некаторымі з люкаў раптам заваліла вялікае моцнае дрэва, нібыта даючы пэўны загадкавы знак. Прычым дрэва было завалена ў накірунку грамадскай прыбіральні, прызначанай для спартсменаў, што займаліся на стадыёне; для кінолагаў, якія трэніравалі сабак тут жа; для незабыўнай гаспадарчай групы, якая базіравалася ў гаражах аддзела адукацыі ды на складах установы; для супрацоўнікаў некаторых кабінетаў адміністрацыі, якія месціліся ў будынку былой школы і да якой раней усё вышэй пералічанае і адносілася – і стадыён, і кабінеты, і прыбіральня, і гаражы.
У хуткім часе наступіла вясна. Вясна 2013 года. Неўзабаве прыйшоў яшчэ адзін ліст.
Вось, што ў нас атрымалася сумеснымі высілкамі з Мінатаўрам. Мы здолелі сустрэць яшчэ адзін Новы год. І мы маем вынікі пэўных дзеянняў. Як кажуць, усё дзеля нас. Здымкі гэтыя датуюцца студзенем 2014 года.
Рабіце высновы самі наконт якасці працы. Але ж хацелася б дадаць пару словаў у абарону рабонікаў. Нельга не адзначыць іхнае імкненне да прыўкраснага і прагу неардынарна, з творчым падыходам выканаць пастаўленую задачу – напрыклад, бярозкі, якія знаходзяцца вакол люка, гэта не спілаваныя дрэвы, гэта спецыяльна ўсталяваныя мастацкія элементы…
(Працяг будзе)
Юрый Несцярэнка