Вясной 2014 года, як і чакалася, – яны зноў актывізаваліся. Пытанне “Хто?” задаваць ужо было б не тактоўна. Яны адзін за адным з’яўляліся нечакана, палохаючы рэдкіх мінакоў і работнікаў гаспадарчай групы сваёй таямнічай прысутнасцю.
Да таго ж паводзіліся агрэсіўна, натапырыўшы ўсе свае вострыя часткі, нібыта нацэльваючыся параніць любога, хто апынецца ў зоне дасягальнасці. А калі б той нехта, напрыклад у цемнаце, пераскочыў бы небяспечныя цвікі, то адразу ж трапіў бы ў пастку, прыкрытыю зверху гнілымі дошкамі.
Па сапраўднаму шкада, што секцыю альпіністаў так і не паспелі адкрыць. Таму што нарэшце, па указу звыш, засыпалі будаўнічым смеццем той глыбокі люк, на базе якога планавалася падрыхтоўка будучых скалалазаў (гл. частку І, “люк з лыжамі”).
А вось з дрэвам, якое раптоўна завалілася, выйшла больш сур’ёзная сітуацыя. Яго нечаканае і загадкавае падзенне вызначыла шмат якія фатальныя падзеі. Напрыклад, закрываецца інтэрнат аддзела адукацыі, які месціўся праз дарогу ад дрэва. Адукцыйны цэнтр “Ветразь” тэрмінова пакідае будынак былой школы ў цэнтры мястэчка і шукае прытулак на ўскрайку. Музей аддзела адукацыі, які назбіраў пэўную колькасць матэрыялаў, так і не адкрыўся.
Праўда, гаражы, склады, стадыён і, нават, прыбіральня, пакуль застаюцца на месцы. Як не цяжка здагадацца спецзаданне па ахове гэтых важных стратэгічных аб’ектаў атрымлівае не хто-небудзь – вядомая нам гаспадарчая група аддзела адукацыі.
Гукнулася і Мінатаўрам. Як высветлілася, сучасныя Мінатаўры знаходзяцца ў значна больш спрыяльных умовах, чым летапісныя – іх проста здымаюць з пасады, такім чынам абмінаючы праблему сустрэчы са сваім Тэсеем.
На іх месца прэтэндуюць многія. Добра, калі патрапіць не Цыклоп, а хаця б які-небудзь Кентаўр. Але спадзяванні гэта адно, а рэальнасць – гэта іншае. Калі прэтэндэнт заняў трон, на тэрыторыі нашага чароўнага лабірынта, замаскіраванага пад каналізацыйную сістэму (і за якой мы з вамі назіраем не першы год), раптам знікаюць усе дрэвы (sic!).
Мала таго, стратэгічны аб’ект, на які калісьці ўказала паваленае дрэва, таксама бясследна знікае. Такім чынам, спартсмены са стадыёна, кінолагі-пачаткоўцы а разам з імі і адважная гаспадарчая група – усе застаюцца без прыбіральні. І калі шукаць нейкае выйсце, дык і за дрэва няма як схавацца.
Нездарма мы ж маем справу з істотамі амаль фантастычнымі. Вось так у гэты загадкавы лабірынт, які пачынаўся з бяскрыўдных каляровых люкаў, уцягваецца ўсё больш і больш аб’ектаў з не вельмі радасным для іх фіналам.
(Заканчэнне будзе)
Юрый Несцярэнка