Галоўная » “Мае сваякі, растраляныя фашыстамі, пахаваны ў брацкай магіле” (27 студзеня – Дзень памяці ахвяр Халакоста)

“Мае сваякі, растраляныя фашыстамі, пахаваны ў брацкай магіле” (27 студзеня – Дзень памяці ахвяр Халакоста)

У кожным горадзе, ёсць вуліцы, назвы якіх сучаснікам растлумачыць цяжка, або ўвогуле немагчыма. Вось і ў Шклове ёсць вуліца, якая носіць назву “Іскра”. Гэта невялікая вулачка знаходзіца на ўзбярэжжы ракі Днепр і абмежавана мясцовымі прадпрыествамі ААТ “Папяровая фабрыка “Спартак” і ААТ “Шклоўскі льнозавод”.

 

Напярэдадні Дня памяці ахвяр Халакосту, шклоўскія краязнаўцы наведалі гэты куток горада. Выпадковым прахожым, якія сустракаліся на нашым шляху, прапаноўвалася адказаць на пытанне: “Чаму вуліца носіць назву “Іскра” і якія падзеі тут адбываліся ў мінулым?”. У выніку, дасканалага адказу пачуць не ўдалося.

Між тым, гістарычна-краязнаўчыя даследванні паведамляюць, што на гэтым ускрайку Шклова ў 1925 годзе была створана адна з першых сельскагаспадарчых арцелей, якая ў адпаведнасці з подыхам таго часу атрымала назву “Іскра”. Арцель аб’ядноўвала гандляроў і рамеснікаў у асноўным яўрэйскай нацыянальнасці. З 1926 года арцель пачалі папаўняць бядняцкія гаспадаркі.

Спачатку гаспадарка развівалася марудна. Аднак к 1929 году арцель дасягнула значных поспехаў і стала паказальнай гаспадаркай Шклоўшчыны. У яе ўваходзілі 28 асабістых гаспадарак, налічвалася 124 галавы буйнай рагатай жывёлы. Арцель мела трактар і сельскагаспадарчыя машыны, у тым ліку малацілку-камбайн, касілку, бульбакапалку, жняярку. Арцель апрацоўвала 222 гектары ворнай зямлі і мела 41 гектар лугу.

Заработная плата прызначалася ў адпаведнасці спецыяльнасці і адказнасці. Член арцелі атрымліваў усе неабходныя прадукты на сваю сям’ю па цвёрдай цане. Дзеці вучыліся за сродкі гаспадаркі. Працавалі дзіцячыя яслі, гурток павышэння пісьменнасці. Але ў хуткасці пачалася вайна і менавіта на гэтай вуліцы адбыліся падзеі, якое сусветнае грамадства аб’ядноўвае трагічным словам “Халакост”.

З успамін Розы Майсееўны Алдашавай: “Мае бацькі, Майсей Якаўлевіч Ратніцкі і Бася Навумаўна Угольнікава працавалі ў сельскагаспадарчай арцелі “Іскра” з моманту яе стварэння ў 1925 годзе. Арцель аб’ядноўвала ў асноўным мясцовых яўрэяў. Я добра памятую, што гаспадарка мела млын і вялізны амбар. На гаспадарчым двары вісеў металічны звон, які выкарыстоўваўся для апавяшчэння мясцовых жыхароў.  Калі Шклоў быў акупаваны фашыстамі, маіх дзядулю і бабулю, як і шмат іншых мясцовых яўрэяў, прымусова сагналі ў амбар.  Пасля шматлікіх пакутаў, гэтыя людзі былі растраляны каля Дняпра на лузе, які мае мясцовую назву “Кругліца”. Маёй матулі, разам са мной, неяк удалося збегчы. Спачатку мы дабраліся да суседняй Оршы, а потым пад іншымі імёнамі схаваліся ў адной з вёсак. Мае сваякі, растраляныя фашыстамі, пахаваны ў брацкай магіле на яўрэйскіх могілках Шклова”.

З успамін Клары Захараўны Альтшулер: “Я з бацькамі да вайны жыла ў Шклове па вуліцы Ітэрнацыянальная. Мой бацька, Залман Навумавіч, працаваў ў Шклоўскім райпа, а матуля, Малка Захараўна, была швачка. Калі пачалася вайна, бацька пайшоў на фронт. Мы, па-ранейшаму, заставаліся ў Шклове. Падчас адной з аблаў, немцы схапілі матулю разам са мной. Прымусова, шматлікіх яўрэяў сагналі ў былы клуб льнозавода. Праз суткі ўсіх яўрэяў павялі на растрэл, а мясцовых жыхароў-беларусаў прынудзілі глядзець на гэту карную акцыю. Падчас гэтага гвалту нехта з мяцовых жыхароў схаваў матулю і мяне ў натоўпе прысутных. Я бачыла, як знішчалі яўрэяў, як маленькіх дзетак жывымі кідалі ў роў. Усё адбывалася на лузе за льнозаводам (Кругліца). Нас с матуляй схавалі ў нейкай пуні, а потым мы хаваліся ў вёсцы. Гэта дапамагло нам перажыць вайну”.

І гэта толькі дзве гісторыіі тых падзей, якія адбывалія на вуліцы “Іскра”. Больш падрабязна пра гэтыя жудасныя падзеі можна даведацца з кнігі «Разделенные войной. Дети войны вспоминают: Быхов, Шклов». Книга 1. Составители: И. Шендерович, А. Литин. — Могилев, 2014 год. А таксама з відэапрэзентацыі «Чтобы это никогда не повторилось!» на сайце часопіса «Мишпоха».

Куток Шклова пад назвай “Іскра” зведаў жудасную трагедыю. Сучасная вуліца забудавана домаўладаннямі ў пасляваенны час. З’явіліся і сучасныя прыгожыя дамы. Але захавалія і дзве больш даўнія пабудовы барачнага тыпа. Напэўна гэтыя дамы належылі ў даваенны час арцелі “Іскра” і нагадваюць сучаснікам аб мінулых тут падзеях. Гэта наша гісторыя.

Алесь Грудзіна