Аб тым, што ўсе чацьвёра затрыманых па справе аб замаху на Лукашэнку пачалі супрацоўнічаць са сьледзтвам, у эфіры дзяржаўнага тэлебачаньня расказаў кіраўнік сьледчага аддзелу КДБ Канстанцін Бычак.
Паводле апублікаваных КДБ зьвестак, па справе аб дзяржаўным перавароце і падрыхтоўцы забойства Лукашэнкі абвінавачанымі праходзяць чацьвёра — старшыня БНФ Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандар Фядута, юрыст Юры Зянковіч і яшчэ адна асоба, імя якой афіцыйна не называецца. Усім затрыманым прад’яўленыя абвінавачваньні па частцы 1 артыкула 357 КК (Змова або іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу ці ўтрыманьня дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), піша Радыё Свабода.
Усе абвінавачаныя знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Інфармацыі пра іх стан пакуль вельмі мала.
«Асаблівых навінаў ад Рыгора няма, — расказаў Свабодзе зяць Рыгора Кастусёва Дзьмітры Антончык. — Адвакатка вельмі асьцярожна дае інфармацыю. Яна хвалюецца і за сваю ліцэнзію, і за тое, што яе кліент можа застацца без адваката, без абароны, калі нейкая інфармацыя трапіць вонкі. Таму мы і самі не распытваем адвакатку, самі таксама мала што ведаем. У Рыгора з адвакаткай была адна сустрэча. Настрой у яго нармальны, выглядае добра. Праблем са здароўем няма. Яна пацьвердзіла артыкул 357, пра які мы і так ведалі ўжо. Больш на дадзены момант мы інфармацыі ня маем».
Па словах Дзьмітрыя, у КДБ ужо прынялі адну перадачу для Кастусёва, яе з Магілёва вазіла дачка палітыка. Лістоў пакуль ад яго родныя не атрымлівалі.
Да словаў сьледчага КДБ аб тым, што ўсе затрыманыя ўжо пачалі даваць паказаньні па справе, зяць Рыгора Кастусёва ставіцца скептычна.
«Складана сказаць, што гэта такое, — кажа Дзьмітры Антончык. — Магчыма, нейкая маніпуляцыя. Улічваючы тое, што мэтады працы КДБ могуць быць розныя, то, магчыма, могуць быць і нейкія паказаньні. Але ўспрымаць іх як нейкую праўду я б ня стаў. Нават калі гэта будзе пададзена як дача паказаньняў. Гэта можа быць пад прымусам, людзі зачыталі тое, што ім далі. Невядома, што там робяць з чалавекам, калі ён нешта кажа».
Неўзабаве пасьля затрыманьня Рыгора Кастусёва зьяўлялася інфармацыя і пра затрыманьне самога Дзьмітрыя. Ён удакладняе, што фактычна затрыманы ня быў, яго запрасілі толькі для правядзеньня вобшуку на лецішчы, адмовіцца магчымасьці не было. Дзьмітры Антончык кажа, што сытуацыя ягоная застаецца напружанай, ён мае ўражаньне, што вакол яго ідзе нейкая праца.
Пра чацьвёртага затрыманага родныя Рыгора Кастусёва нічога ня ведаюць. Выданьне «Наша Ніва» выказвае меркаваньне, што гэта можа быць 43-гадовая Вольга Галубовіч, знаёмая Юрася Зянковіча.
Па словах Дзьмітрыя Антончыка, палову людзей з таго самага чату (канфэрэнцыі ў зуме. — РС) ён ня ведаў зусім. Чуў пра Зянковіча, але імя памочніцы юрыста Вольгі Галубовіч яму невядомае.
Затрыманьне Зянковіча, Кастусёва, Фядуты і справа «змоўшчыкаў». Што трэба ведаць
- У Шклове ўвечары 12 красавіка затрымалі кіраўніка партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Тады было вядома толькі, што ён праходзіць па крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
- Увечары таго ж дня жонка беларускага паліттэхноляга Аляксандра Фядуты паведаміла пра яго зьнікненьне ў Маскве. 13 красавіка КДБ Беларусі паведаміў, што Фядута затрыманы.
- У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні ў Маскве беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча. Усе яны цяпер у менскім СІЗА КДБ.
Увечары 17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых Зянковіча, Кастусёва і Фядуту.
Амаль сынхронна ФСБ Расеі заявіла, што яны сумесна з КДБ Беларусі спынілі меркаваную змову з удзелам Зянковіча і Фядуты, якія нібыта плянавалі 9 траўня «ажыцьцяўленьне вайсковага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары „каляровых рэвалюцый“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізычную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі».
У рэпартажы на беларускім дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі фрагмэнт відэаразмовы ў Zoom, у якой, акрамя Зянковіча, Кастусёва і Фядуты, удзельнічалі яшчэ чатыры чалавекі (усе жывуць у ЗША), нібыта ўдзельнікі змовы. У інтэрвію Свабодзе двое зь іх адкінулі абвінавачаньні (тут і тут).
Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і Польшчы назвалі абвінавачаньні ўладаў Беларусі і Расеі на свой бок няпраўдай.
21 красавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што краіны Захаду ігнаруюць факты падрыхтоўкі «дзяржаўнага перавароту ў Беларусі» і «плянаваньня забойства» Аляксандра Лукашэнкі. Ён абвінаваціў удзельнікаў «змовы супраць Лукашэнкі» ў падрыхтоўцы масаванай кібэратакі на Беларусь.