Галоўная » Магілёў: 12 мая ўсіх затрыманых за акцыі ў сувязі з блогерам Сяргеем Ціханоўскім пакаралі арыштамі

Магілёў: 12 мая ўсіх затрыманых за акцыі ў сувязі з блогерам Сяргеем Ціханоўскім пакаралі арыштамі

У магілёўскіх судах 12 мая працягнуўся разгляд адміністрацыйных спраў у дачыненні да журналістаў і грамадскіх актывістаў. Усе яны былі абвінавачаны ў парушэнні закона аб масавых мерапрыемствах і пакараны суткамі арышту.

Сустрэча з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, які прыехаў 5 мая ў Магілёў, каб паразмаўляць са сваімі падпісчыкамі і прыхільнікамі, для многіх ужо каштавала свабоды.

У 9-30 у судзе Кастрычніцкага раёна горада Магілёва пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы пазаштатнага карэспандэнта БелаПАНа Алеся Асіпцова. Алесь знік 9 мая ў Бабруйску пасля акцыі аўтамабілістаў “Антыпарад”. Пазней высветлілася, што яго затрымалі і даставілі ў ІЧУ ў Магілёве.

Адміністрацыйная справа супраць Алеся Асіпцова была ўзбуджана за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве  – сустрэчы каманды блогераў “Краіны для жыцця” са сваімі падпісчыкамі ў Магілёве 5 мая. Асіпцоў сапраўды прысутнічаў на мерапрыемстве, але ён там быў у якасці журналіста, які назіраў за падзеямі і рабіў фота для падрыхтоўкі матэрыяла аб падзеі.

Пасля свайго затрымання і дастаўкі ў ІЧУ ў Магілёве Алесь Асіпцоў увесь час трымаў галадоўку. Пра гэта ён сам распавёў калегам-журналістам, пасля таго, як яго даставілі ў суд Кастрычніцкага раёна.

Неабходна адзначыць, што суддзя Наталля Ясенка не пусціла ў свой кабінет на разгляд справы Асіпцова людей, якія прыйшлі падтрымаць Алеся ў судзе., спаслаўшыся на эпідэміялагічную сітуацыю. У кабінет суддзі не пусцілі нават дачку Асіпцова Яніну.

У судзе А.Асіпцоў заявіў, што ён працаваў падчас сустрэчы блогераў з магілёўцамі, як журналіст. Ён мае адпаведнае журналісцкае пасведчанне, меў заданне рэдакцыі і быў абазначаны адпаведным бэйджам. Сваю віну ў парушэнні закона аб масавых мерапрыемствах журналіст не прызнаў.

Пасля перапынка для вынясення прысуду сакратар судовага пасяджэння запрасіла журналістаў і прыйшоўшых падтрымаць Асіпцова актывістаў у залу для агалошання рашэння суда. Аргументы Асіпцова на суддзю Наталлю Ясенка ніякім чынам не падзейнічалі, яна зачытала пастанову аб пакаранні журналіста 10 суткамі арышту згодна ч.1 арт.23.34 КаАП РБ за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Пасля вынясення судовага рашэння А.Асіпцоў заявіў, што ён працягне галадоўку да сканчэння тэрміна адбыцця пакарання. Журналіст адразу напісаў скаргу на рашэнне суда Кастрычніцкага раёна Магілёва ў Магілёўскі абласны суд.

У 10 гадзін раніцы ў судзе Ленінскага раёна Магілёва працягнуўся разгляд адміністрацыйнай справы журналіста-фрылансера Аляксандра Буракова (старэйшага). Суддзя Вікторыя Палякова адразу зачытала рашэнне аб пакаранні журналіста 10 суткамі арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Алесь Буракоў

Аргументы Буракова, што ён не ўдзельнічаў ні ў якім масавым мерапрыемстве, а выконваў свае журналістскія і праваабарончыя функцыі, на суддзю Палякову ніякім чынам не падзейнічалі.

А.Буракоў адразу ж напісаў скаргу на рашэнне суда Ленінскага раёна ў абласны суд. Супрацоўнікі міліцыі пасля гэтага адразу ж забралі журналіста для адбыцця пакарання ў магілёўскі ІЧУ.

У 16-00 у судзе Ленінскага раёна Магілёва працягнуўся разгляд адміністрацыйнай справы магілёўскага відэааператара і блогера Міхаіла Аршынскага.

Разгляд справы Міхаіла Аршынскага ў судзе пачаўся яшчэ 8 мая. Аднак суддзя Аксана Ратнікава, у адказ на хадайніцтва Аршынскага пра неабходнасць пошуку адваката для сваёй абароны ў судзе, абвесціла перапынак судовага пасяджэння да 16.00 12 мая. За гэты час Аршынскі мусіць заключыць дамову з адвакатам.

Літаральна праз некалькі хвілін пасля рашэння суддзі Ратнікавай Аршынскі зноў быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі наўпрост ў будынку суда. Міліцыянеры вывелі журналіста праз службовы ўваход, пасадзілі ў машыну і даставілі ў Магілёўскі ізалятар часовага ўтрымання.

11 мая суддзя суда Кастрычніцкага раёна Магілёва Таццяна Міхайлава пакарала Міхаіла Аршынскага  10 суткамі арышту “за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве” за тое, што 5 мая журналіст рабіў стрымы з акцый у падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага ў Магілёве.

12 мая Аршынскага даставілі ў Ленінскі суд прама з ІЧУ, дзе ён адбывае пакаранне. Падчас пасяджэння журналіст, правёўшы некалькі сутак ў турэмнай ізаляцыі, выглядаў вельмі стомленым і, магчыма таму, на пытанне суддзі, ці патрэбен яму яшчэ адвакат, адказаў адмовай.

Падчас судовага пасяджэння журналіст сцвярджаў, што не ўдзельнічаў ні ў якім масавым мерапрыемстве, а проста выконваў рэдакцыйнае заданне, асвятляючы для “Магілёўскага рэгіёна” акцыю ў падтрымку блогера С.Ціханоўскага.

Усе гэтыя аргументы не аказалі ніякага ўплыву на суддзю Ратнікаву. Ужо ўвечары яна вынесла рашэнне аб пакаранні Міхаіла Аршынскага 11 суткамі арышту.

Разам з учарашнімі дзясяццю журналіст правядзе ў ІЧУ у Магілёве 21 суткі.

12 мая ў Кастрычніцкім судзе Магілёва таксама была разгледжана адміністрацыйная справа грамадскага актывіста Андрэя Бодзілева. Яго абвінавацілі ў тым, што 5 мая на Віцебскім праспекце, калі натоўп абараняў ад міліцыі аднаго з членаў каманды блогераў “Краіна для жыцця”, ён рабіў відэаздымку.

Андрэй Бодзілеў папрасіў не ўжываць да яго адміністрацыйны арышт, паколькі ў яго на ўтрыманні знаходзіцца састарэлая мама, у яе інваліднасць II групы.

Нягледзечы на гэта, суддзя Дзяніс Кічыгін прыняў рашэгнне пакараць актывіста 7 суткамі арышту.

Супрацоўнікі міліцыі накіравалі А. Бодзілева ў ІЧУ для адбывання пакарання ў адной машыне з Алесем Асіпцовым.

Фота: Алесь Сабалеўскі, Іван Барысаў

Відэа: Яўген Глушкоў

Іван Барысаў