Галоўная » Магілёўцы даведваюцца пра сваіх знаёмых-даносчыкаў

Магілёўцы даведваюцца пра сваіх знаёмых-даносчыкаў

Па “Чорнай карце акупантаў”, якая размешчана ў інтэрнэце, з’явілася магчымасць даведацца пра тых, хто ў жніўні 2020 года адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў даносіў у праваахоўныя органы на грамадзян, незадаволеных фальсіфікацыямі вынікаў галасавання. Сярод іх – знаёмыя і блізкія апазіцыянераў.

Так, сярод даносчыкаў аказалася Алена Леанідаўна Падбярэцкая – дачка аднаго з магілёўцаў, які доўгі час займаўся апазіцыйнай дзейнасцю. Паводле размешачанай інфармацыі, ад яе 11 жніўня 2020 года паступіў данос на ахоўніка магазіна “Перекресток”, што месціцца на вуліцы Піянерскай, 36.

“В магазине “Перекресток” заявительница услышала телефонный разговор охранника указанного магазина, который пояснил, что вечером будет встречаться и возьмет с собой коктейль Молотова”, – напісана ў паведамленні ад Алены Падбярэцкай, якая займаецца прадпрымальніцтвам.

Нагадаем, што 10 жніўня 2020 года сілавікі здзейснілі жорсткі разгон у цэнтры Магілёва, нападаючы на людзей, якія не мелі ніякага дачынення да пратэстаў. Як распавядаў пазней у Ленінскім райсудзе Магілёва індывідуальны прадпрымальнік, экс-амапавец Уладзімір Шустаў, увечары 10 жніўня 2020 года ён разам з дарослым сынам паехаў у цэнтр горада, каб выпіць піва. У гэты час ля Плошчы зорак, што побач з кінатэатрам “Радзіма”, экіпіяваныя ў бронекамізэлькі, шлемы і іншую амуніцыю супрацоўнікі міліцыі разганялі людзей, якія знаходзіліся там. Адзін з іх схапіў ззаду за горла ні ў чым не вінаватага, на думку Шустава, хлопца і стаў душыць. Гэта абурыла былога амапаўца, які ўбачыў як міліцыянты збіваюць і затрымліваюць мірных грамадзян. Пазней Шустаў быў асуджаны на тры гады калоніі агульнага рэжыму за нібыта гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі і быў прызнаны палітвязнем.

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў, які паходзіць з Магілёва, знайшоў ў “Чорнай карце акупантаў” чатырох сваіх знаёмых. “Плакаць трэба ад таго, што сёння ты з адным нешта святкуеш, а заўтра ён цябе можа запхнуць у аўтазак і робіць гэта з іншымі, ды яшчэ сведчыць у суддзе, як хлуслівец, другі – выслужваецца за жыллё дзяржаўнае, там дзе мог проста нешта не заўважыць, але робіць гэта ў спадзяванні плюшак ад дзяржавы… Дакладна ведаю, што з гэтымі людзьмі мае стасункі скончаны назаўжды. Да іх няма больш даверу. Такіх людзей можна назваць маральнымі карупцыянерамі. Бо паступаюць амаральна, але апраўдваюць свае ўчынкі загадамі і прыказамі, і праз выкананне іх атрымліваюць дывідэнды”, – заявіў ён “Магілёўскаму рэгіёну”, не стаўшы называць прозвішчы даносчыкаў.

“101 стукач на горад”, – падлічыў і напісаў у Фэйсбуку былы дырэктар Музея гісторыі Магілёва, наш калега Аляксей Бацюкоў. “Повезло… ближайший ко мне аккурат на этаж выше”, – піша там жа актывіст веларуху Канстанцін Чарнякоў.

Разам з тым многія магілёўцы з радасцю адзначаюць, што сярод іх знаёмых не аказалася даносчыкаў.

“Посмотрев новую, достаточно популярную карту осведомителей, с удовольствием выяснил, что стукачей среди соседей нет. И до сгустка ближайших информаторов целых полкилометра”, – паведаміў у Фэйсбуку гадзіннікавых спраў майстар Генадзь Галоўчык.

Нагадаем, што сваю “ўважлівасць” некаторыя магілёўскія прыхільнікі ўлады, асабліва тыя, хто носіць пагоны, праяўлялі нават тады, калі ў краіне на непрацяглы час спыніліся збіццё і пераслед мірных пратэстоўцаў. Так, у ноч на 15 жніўня 2020 года падчас вяртання з працы старэйшы прапаршчык вайскавой часткі №6713 Унутраных войск МУС Яўген Марчанка на мікрараёне Юбілейны затрымаў 18-гадовага Сяргея Турунава. Хлопец маляваў на асфальце белай фарбай надпісы “3%”, “Где 80%?” і лічбу 80, акантаванную знакам сэрца. Тады Турунава адразу аштрафавалі па арт.17.3 КаАП за з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага апьянення на 0,2 базавых велічыні (на той час 5 рублёў 40 капеек). А ўжо ў сакавіку 2021 года ён быў асуджаны на два месцы арышту па арт. 341 Крымінальнага кодэкса (псаванне маёмасці).

Сяргей Вяршынаў