Галоўная » Магілёў кандыдацкі (фотарэпартаж)

Магілёў кандыдацкі (фотарэпартаж)

Пачатак перадвыбарчай прэзідэнтскай  кампаніі ў Магілёве выдаўся даволі актыўным. У самым цэнтры горада ўжо адбылася адна вельмі незвычайная для Беларусі акцыя па збору подпісаў за аднаго з кандыдатаў, але ў іншыя  дні гэты працэс адбываецца больш спакойна.

Рэпарцёр 6tv.by прагуляўся па цэнтру горада і паназіраў за пікетамі па зборы подпісаў ды паразмаўляў з людзьмі, што пакідаюць свае подпісы за кандыдатаў. Некалькі пытанняў было адрасавана і актывістам з ініцыятыўных груп – чаму яны вырашылі ўключыцца ў палітычную кампанію за таго ці іншага кандыдата. Нагадаем, што пакуль афіцыйна гэта толькі прэтэндэнты ў кандыдаты, бо рэгістрацыя адбудзецца прыкладна праз месяц, пасля праверкі і падліку подпісаў грамадзянаў. Але, па звычцы, кандыдатамі людзі называюць усіх, хто пра такія намеры заявіў і зарэгістраваў свае ініцыятыўныя групы.

Ад пачатку асноўным месцам, дзе розныя ініцыятыўныя групы выстаўлялі свае пікеты, была вуліца Ленінская, каля дому №29. У некаторыя моманты да пікетаў нават утвараліся чэргі

 

Пікет за кандыдата Святлану Ціханоўскую звычайна выклікае найбольшую цікаўнасць магілёўцаў

Некалькі дзён асноўная частка ўсіх пікетаў па зборы подпісаў месціліся па вуліцы Ленінскай. Калі сярод іх з’яўляўся пікет за Святлану Ціханоўскую, ён заўсёды збіраў заўважна больш мінакоў, хто падыходзіў і пакідаў подпіс за кандыдата. Адзначым, што ад пачатку сваю ініцыятыўную групу, як кандыдат у прэзідэнты, хацеў зарэгістраваць блогер Сяргей Ціханоўскі. Але ў тыя тэрміны, калі была магчымасць гэта зрабіць, ён адбываў адміністратыўны арышт “за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях”, таму зарэгістравацца вырашыла яго жонка. Людзі, якія аддаюць галасы за Святлану Ціханоўскую, гэтым выказваюць падтрымку Сяргею, ягонай рашучасці і адкрытасці да дыялогу з усімі.

 

Сваю чаргу да пікету адстаялі дзве жанчыны сталага веку, калі яны падпісаліся, запытаў:

– Чаму менавіта за гэтага кандыдата:
– Пакуль падпісаліся толькі за Ціханоўскага, папросту спачатку ўбачылі гэты пікет. Хочацца пераменаў, хочацца краіну пакінуць дзеля дзяцей, а не для сябе. Хто зараз падпісваецца за дзейснага прэзідэнта, думаюць толькі пра сябе, я лічу, бо што чакае нашу моладзь наперадзе, ніхто не ведае. Ужо стаміла тое, што нідзе нічога нельга сказаць, што начальнік, як кажуць “чалавек”, а ты – ніхто. Вельмі нізкія заробкі, я, напрыклад, не бачу, куды пасля атрымання адукацыі пайсці працаваць маім дзецям, каб атрымліваць годны заробак.

 

Запыталіся яшчэ ў адной жанчыны, але маладзейшага ўзросту:

 – Чаму менавіта за Ціханоўскага? Бо ёсць і больш вядомыя кандыдаты, Бабарыка, напрыклад. А Ціханоўскі, усё ж, не палітычны дзеяч, проста блогер.

– Таму што яго каштоўнасці мне бліжэй, чым таго ж Бабарыка або чыйсьці яшчэ. Мне вельмі падабаецца, што ў Ціханоўскага ёсць сям’я: жонка, дзеці. Відаць, што ён любіць іх, і дзеля іх будучыні і дабрабыту гатовы горы згарнуць. Гэта і падымае многіх бацькоў з канапы і прымушае пайсці і зрабіць нешта дзеля сваіх дзяцей, а не чакаць, што нехта іншы пойдзе замест цябе.

 

А вось што адказваў мужчына сярэдніх гадоў:

– Вы галасуеце менавіта за Ціханоўскага? За кагосьці іншага не плануеце ставіць подпіс?
– Мне ўсё роўна, хто, абы не Лукашэнка, такі адказ задавальняе?
– Так. Тады яшчэ адно пытанне, вы хадзілі на выбары да гэтага, і за каго галасавалі?
– Не, гэта першы раз.
– Ці спадзеяцеся, што ў гэты раз нешта зменіцца?

– Так. Спадзяемся. На што-небудзь спадзяемся. 

 

І, безумоўна, цікава было даведацца, хто і чаму вырашыў далучыцца да ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай і выдаткоўваць свой час і сілы на гэту кампанію. На пікеце за яе збірала подпісы ўдзельніца ініцыятыўнай групы Кацярына. З яе словаў, раней яна не ўдзельнічала ні ў якіх палітычных партыях, увогуле ні ў якіх грамадскіх актыўнасцях, і гэта першы яе такі крок. Вось як Кацярына патлумачыла свой выбар:

– Мабыць, пасталела, паднабралася досведу, вырашыла, што ў 38 гадоў пара для сябе зрабіць нейкія высновы, зрабіць нешта для будучыні сваіх дзяцей, а не проста ныць і расказваць, як дрэнна жывецца ў нас у краіне. Як гаворыцца – а што ты зрабіў, каб тут было добра? Шмат хто, вядома, да гэтага часу кажуць, што мы нічога не зменім, а я ім адказваю: «З такімі, як вы, вядома мы нічога не зменім!» Добра сядзець і казаць, што нічога нельга памяняць, і нічога немагчыма зрабіць. Мы з мужам пачалі з сябе, пачалі ў гэтым актыўна ўдзельнічаць. Не за грошы, а менавіта на альтруізме, дзесьці нават самі ўкладваем грошы ў гэты працэс. Я лічу, такія рэчы павінны адбывацца не за кошт, скажам, Захаду, а менавіта каб самі людзі хацелі пераменаў і гатовыя былі хоць якую капейку, хоць два рубля, ахвяраваць на гэты рух, каб у гэтым балоце затхлага пайшлі нейкія хвалі, рабізна па паверхні, і сітуацыя, нарэшце, пачала мяняцца ў лепшы бок. Хочацца, каб нашы дзеці жылі ў нашай краіне, а не з’язджалі адсюль. Вось гэта больш за ўсё і падштурхнула.

 

Далей паразмаўлялі і з іншымі людзьмі – як удзельнікамі пікетаў за кандыдатаў, так і тымі, хто падпісваўся. Побач стаяў пікет за Сяргея Чэрачня. Вось што адказаў Аляксандр, сябра гэтай ініцыятыўнай групы:

– Я прагледзеў яго біяграфію, ведаю, што ён хоча змяніць, яго дэвіз – час «Чэ», час пераменаў, таму і далучыўся. Народ папросту стаміўся, і калі Лукашэнка прыйдзе на свой шосты тэрмін, то я не ведаю, што можа здарыцца. Падрастае моладзь, якая не бачыла іншай альтэрнатывы, шмат у каго дзеці, у якіх не будзе будучыні з гэтым нязменным ладам жыцця.

А тут збіраюць подпісы за Сяргея Чэрачня
Падпісны аркуш так сама досыць хутка запаўняецца

Калі звонку паназіраць за пікетамі, то можна заўважыць, што людзі вельмі часта падыходзяць па чарзе да ўсіх пікетаў, і не проста цікавяцца біяграфіяй кандыдатаў, а менавіта пакідаюць подпісы за іх. Пацікавіўся наконт гэтага ў маладой жанчыны, якая абышла ўсе пікеты:
– У чым ідэя падпісацца за ўсіх?
– Я проста хачу, каб быў выбар. Каб выбары былі сумленнымі, павінен быць выбар. Каб людзі маглі выбраць з некалькіх кандыдатаў, трэба больш пра іх даведацца, каб яны высунулі свае праграмы. Для гэтага спачатку трэба сабраць подпісы, каб мы даведаліся, што яны хочуць прапанаваць. Тады ў далейшым людзі змогуць выбраць канкрэтнага кандыдата. Каб кожнаму кандыдату набраць 100 000 подпісаў, трэба вельмі пастарацца, таму пакуль я проста хачу ўсіх падтрымаць.
– А самі не ў якую партыю не ўваходзіце?
– Не, пакуль не ўваходжу. Пакуль я проста хачу вывучыць праграму кожнага кандыдата, а потым ужо буду глядзець.
– Можа ў будучыні з’явіцца жаданне далучыцца да адной з партый?
– Паглядзім, усё можа быць.

Людзі досыць актыўна падпісваюцца, пры чым шмат хто адразу за некалькіх кандыдатаў (што дазваляе закон аб выбарах). Гэтак жа і самыя розныя людзі выказваюць жаданне рэалізаваць сваё канстытуцыйнае правы. Пікет за Валерыя Цэпкала

Вось што адказала яшчэ адна жанчына:

– Чаму вы вырашылі паўдзельнічаць у выбарах?
– Хочацца жыць у вольнай краіне.
– Звычайна людзі ў нас апалітычныя і не давяраюць выбарам. Вы ўсё ж такі спадзеяцеся, што можна кагосьці выбраць шляхам выбараў?
– Не, пакуль нельга.
– А што трэба зрабіць, каб можна было?
– Трэба пачаць мяняць. У першую чаргу – выбарчую камісію.

 

І яшчэ адна папулярная кропка ў горадзе, дзе розныя ініцыятыўныя групы ладазяць свае пікеты – пляцоўка каля гандлёва-офіснага цэнтру Атрыўм. А з нядаўнага часу сюды канчаткова перабраліся пікеты з вуліцы Ленінскай.

Плошча каля Атрыўму – адна з папулярных пляцовак для пікетаў
Перадвыбарчай кампаніяй актыўна зацікавілася моладзь
Магілёў ужо наведалі шэраг палітыкаў, якія заявілі пра свае прэзідэнтскія амбіцыі, некаторыя з іх актыўна ўдзельнічалі ў пікетах па зборы подпісаў

Бывае, што на свае пікеты ў Магілёў наведваюцца і самі прэтэндэнты ў кандыдаты. 27 мая да нас завітаў лідар кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў. Пра гэту падзею быў асобны рэпартаж, тут прывядзем ягоны адказ на пытанне, якія настроі ў людзей, што падыходзяць да пікетаў:
– Мне падаецца што сёння ёсць два вялікія настроі, адзін – мы падпісваемся за любога кандыдата, акрамя Лукашэнкі. Мне ў Мінску адна жанчына сказала – мы хочам каб вас, і яна мела на ўвазе ўсіх альтэрнатыўных кандыдатаў, было як мага болей, каб вы штурхалі грамадства да пераменаў. І ёсць, канешне, тыя, хто прыходзяць мэтанакіравана, кажуць, што мы Вас ведаем, ведаем кампанію Гавары праўду, і прыйшлі за Вас падпісацца.

Але ў асноўным на пікетах працуюць актывісты – зарэгістраваныя прадстаўнікі ініцыятыўных груп кандыдатаў. Вось што распавялі пра хаду кампаніі на пікеце Валерыя Цэпкалы:
– У нас па Магілёву ў ініцыятыўнай групе больш за сорак чалавек, кожны дзень працуюць тры стацыянарныя пікеты ў розных частках гораду. Шмат людзей падыходзяць падпісацца менавіта за Валерыя Цэпкала, але не мала і тых, хто кажа – падпішуся і за вашага, і за іншых альтэрнатыўных.

Пікет за Валерыя Цэпкала
У будныя дні пікеты ладзяцца ад 15-й да 19-й гадзінаў
Не змяншаецца цікаўнасць да прэтэндэнта ў кандыдаты Святланы Ціханоўскай
Пікеты за Віктара Бабарыку пачалі з’яўляцца паздней за іншыя, і так сама збіраюць да сябе чэргі

І яшчэ адзін дыялог з мужчынам, што падпісаўся за некалькіх кандыдатаў. Хацелася даведацца і пра думкі чалавека наконт досць вядомай праблемы празрыстасці падліку галасоў:

– Вы ўжо ўдзельнічалі ў галасаванні да гэтага, ці вырашылі наведаць менавіта гэтыя выбары?
– Імкнуся заўсёды хадзіць на выбары.
– Я заўважыў, вы там падпісаліся, тут падпісаліся …
– Так, падпішуся за ўсіх, акрамя аднаго.
– Гэта значыць хочаце, каб больш кандыдатаў прайшло?
– Тых, хто праяўляе ініцыятыву, я падтрымліваю.
– Ёсць меркаванне, што на нашых выбарах перамога залежыць не ад таго, колькі галасоў атрымае кандыдат, а ад таго, як іх палічаць. Як вы думаеце, на гэтых выбарах нешта зменіцца?
– З нагоды сумленнасці падліку галасоў у мяне ёсць вялікія сумневы, але казаць нічога не буду, доказаў няма.
– На ваш погляд, ці можна паўплываць на сумленнасць падліку?
– Не ведаю, пакуль я не гатовы адказаць на гэтае пытанне.

 

Яшчэ раз нагадаем, што пакінуць свой подпіс можна хоць за ўсіх прэтэндэнтаў у кандыдаты, але толькі па адным подпісу за кожнага. Так сама Выбарчы кодэкс забараняе ўдзел адміністрацыі арганізацый у зборы подпісаў, роўна як і прымус у працэсе збору подпісаў і ўзнагарода выбаршчыкаў за ўнясенне подпісу. Парушэнне гэтых патрабаванняў можа быць падставай для адмовы ў рэгістрацыі альбо адмены рашэння аб рэгістрацыі кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

Разнастайнасць палітычных інстытутаў, ідэалогій і меркаванняў – аснова канстытуцыйнага ладу, а вышэйшая мэта дзяржавы – забеспячэнне правоў і свабод грамадзян. Канстытуцыяй гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне.

 

Пікеты па зборы подпісаў на пляцоўцы каля Атрыўму ладзяцца штодня з 15 да 19 гадзінаў, а ў выходныя дні і раней – з 12-ці. Асобныя пікеты можна сустрэць і ў іншых раёнах горада.

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара