Дыскусія “Як мастаку прабіцца да гледача і каму гэта трэба” у галерэі Андрэя Вараб’ёва сабрала творчых людзей, якія падзяліліся сваім досведам па арганізацыі культурных акцый у Магілёве. З магілёўскай фанабэрыстасцю яны распавялі пра ўзровень культурнага жыцця ў Магілёва і паспрабавалі даць рэцэпт поспеху найперш для маладых майстроў.
Спікерамі былі запрошаны: скульптар, старшыня магілёўскага аддзялення Саюза мастакоў Беларусі Андрэй Вараб’ёў, вядомы магілёўскі мастак Серж Ардэн і маладая мастачка Мілена Дабрынская – арганізатар і адна з стваральніц арт-праекта “THRO. Зліццё тварэнняў мастака і прасторы”. Як ні дзіўна, моладзь не бянтэжылася прысутнасцю мэтраў, яе адказы былі і грунтоўнымі і выклікалі не менш увагі, чым рэфлексія абцяжараных вопытам прызнаных мастакоў.
Дыскусія пачалася з пытання вядучага Зміцера Ляпейкі: “Якія сусветныя і мясцовыя культурныя праекты і акцыі сталі найбольш значнымі падзеямі апошняга часу?”
Усе спікеры і госці адзначылі, што ў горадзе праводзіцца даволі шмат мерапрыемстваў і падзей у сферы мастацтва: пленэры, выставы і шмат іншага. Было нават крыху нечаканым даведацца, што нягледзячы на эканамічны крызіс і сусветную пандэмію культурнае жыццё не прыпынілася, што Магілёў, як адзначылі спікеры, сёння нават пераўзыходзіць па інтэнсіўнасці культурных акцый многія іншыя беларускія абласныя гарады, у тым ліку Віцебск, які заўжды лічыўся адным з лідараў у гэтай сферы ў нашай краіне.
Натуральна, што вялікае ўражанне на свядомасць спікераў аказалі іх уласныя праекты. Так, сярод найбольш значных гарадскіх акцый апошняга часу Андрусь Вараб’ёў вылучыў свой праект з рознакаляровымі ільвамі, якія выстаўляліся каля ратушы.
А вось на Мілену Дабрынскую наймацнейшае ўражанне аказаў марш феміністак у Барселоне, які пакарыў яе эстэтычна свай моццу і фіялетавай вопраткай удзельніц. Усе маўкліва пагадзіліся, бо самі бачылі летась, што эстэтычны складнік палітычных акцый – вельмі важны чыннік…
Надалей спікеры з зацікаўленымі асобамі – спажыўцамі і ўдзельнікамі магілёўскага культурнага жыцця абмяркоўвалі складанасці з прыцягненнем новых наведвальнікаў, няпросты пошук рашэнняў. Пытанні: як злучыць кансерватыўны імідж культурных устаноў са зменлівымі густамі і запытамі аўдыторыі; як абысці абмежаванасць фінансавання; як не згубіцца ў канкурэнцыі за гледача з масавай культурай; наколькі гараджане зацікаўлены ў тым, каб мастацтва, як традыцыйнае, так і сучаснае рабілася больш прыкметным выклікалі разнастайныя меркаванні, якія часам супярэчылі адзін аднаму. Інакш і не магло быць. Многія з гэтых пытанняў вечныя. Напрыклад, пра недахоп камунікацыі паміж мастаком і спажыўцом мастацтва казалі практычна ўсе ўдзельнікі.
Леанід Маўчанаў распавёў і паказаў тыя магчымасці, якія можа даць і ўжо дае галерэя Вараб’еў для творчага старту моладзі. А Серж Ардэн акцэнтаваў увагу на неабходнасці стварэння музея Сучаснага мастацтва ў Магілёве.
Для маладых мастакоў напэўна найбольш каштоўнымі гучалі парады Мілены Дабрынскай, якая распавяла пра свой шлях да рэалізацыі інтэрактыўнага артпраекта “THRO. Зліццё тварэнняў мастака і прасторы”, які плануецца прэзентаваць у галерэе Вараб’ева 12-14 лістапада. Галоўная яе выснова – не трэба баяцца, трэба заяўляць пра свае намеры, найперш праз сённяшнія сродкі камунікацыі, і тады аднадумцы і рэсурсы знойдуцца. “У мяне ўсё пайшло як па маслу, – заўважыла Мілена, – але для гэтага павінна было нешта назапасіцца ўнутры мяне”. Маладая мастачка прапанавала сваю тэхналогію рэалізацыі праекта. Тэхналагічна яна запусціла пост у інтэрнэце, на які адгукнулася 40 творчых асобаў, затым іх кола зменшылася да 15, якія і рэалізуюць праект. Для іх натхнення, яна напачатку дала поўную свабоду самавыказвання маладых творцаў і гэта іх натхніла. Мілена сціпла адзначыла, што ёй засталося толькі звесці ўсё ў адзінае цэлае.
У выніку абмеркаванняў удзельнікі пагадзіліся, што выставачным пляцоўкам неабходна больш актыўна падтрымліваць маладых мастакоў, а мастакам і творчым людзям часцей размаўляць адзін з адным і ствараць сумесныя творчыя праекты і новыя арт-пляцоўкі.
Нарадзіліся і канкрэтныя прапановы:
- з гарадскімі ўладамі прадумаць ідэю стварэння арт-кластара ў раёне галерэі Вараб’ёва на Дубравенцы (усталяваць летнюю сцэну, стварыць інфраструктуру для творчасці і развіцця, мініпарк сучаснай скульптуры ў новых формах);
- у будынку былой залы гімнастыкі на вул. Ленінская стварыць музей сучаснага мастацтва;
Прыемна было назіраць, што тыя, хто прыйшлі, не толькі дзве гадзіны абмяркоўвалі ўсе гэтыя пытанні, але і не спяшаліся разыходзіцца пасля фармальнага завяршэння дыскусіі, працягвалі абмеркаванне, выказвалі свае меркаванні.
Алесь Верасень