Рэдакцыя канала віншуе работнікаў з ААТ “Магілёўліфтмаш” з круглай датай і жадае прадпрыемству росквіту
ААТ “Магілёўліфтмаш” сёння святкуе свой юбілей. Прадпрыемства за 55-гадоў выпусціла больш за 375-тысяч ліфтаў. Завод пазіцыянуецца як лідар ліфтавай галіны на ўсёй постсавецкай прасторы, але ва ўмовы абмежаваных заказаў на прадукцыю адпраўляе работнікаў у вымушаныя адпачынкі.
Гісторыя прадпрыемства пачалася ў 1966 годзе, калі ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў СССР ад 20 кастрычніка было прынята рашэнне аб будаўніцтве Магілёўскага ліфтабудаўнічага завода. У красавіку 1970 года былі выраблены першыя тры ліфты, якія былі ўсталяваныя ў Доме Саветаў г. Магілёва.
Ва ўмовах пераходу да рынкавай эканомікі ў 1992 годзе на прадпрыемстве пачалі пераход ад буйнасерыйнай вытворчасці да вытворчасці дробных серый і індывідуальнага вырабу ліфтаў. У 2004 быў выпушчаны дзьвюхсоттысячны беларускі ліфт. Да 55-гадавіны работнікі ў верасні 2021 года вырабілі 375-тысячны ліфт.
Прадпрыемства пазіцыянуецца як лідар ліфтавай галіны на ўсёй постсавецкай прасторы. На заводзе выпускаецца шырокая гама пасажырскіх і грузавых ліфтаў – усяго каля 140 базавых мадэляў. Штомесяц з канвеера можа сыходзіць да 1 250 ліфтаў.
Каля 80% ліфтавага абсталявання пастаўляецца на экспарт. Асноўным гандлёвым партнёрам прадпрыемства на працягу многіх гадоў застаецца Расія. Сёння актыўна развіваецца супрацоўніцтва з Украінай, Казахстанам, Малдовай, Кыргызстанам, Грузіяй і Арменіяй. Таксама ў планах асваенне рынкаў далёкага замежжа і краін Еўрасаюза.
Адным з шляхоў развіцця прадпрыемства стала асваенне выпуску новых відаў прадукцыі. Некалькі гадоў таму завод пачаў вырабляць эскалатары і траволатары, што дазволіла выйсці на новыя рынкі: пастаўляць прадукцыю бізнес і гандлёвым цэнтрам, вакзалам і аэрапортам. Затым на прадпрыемстве наладзілі выпуск парковак рознага тыпу. Цяпер асвойваецца вытворчасць высакахуткасных ліфтаў.
Загрузка вытворчых магутнасцяў апошнія гады складала больш за 90%. Ва ўмовы абмежаваных заказаў на прадукцыю восенню прадпрыемства пачало адпраўляць работнікаў у вымушаныя адпачынкі.
Алесь Верасень