Каля дзесятка чалавек 11 мая былі пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі ці штрафамі за ўдзел, як сцвярджаюць улады, у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Сярод іх відэааператар «Магілёўскага рэгіёна» Міхась Аршынскі.
Сустрэча з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, які прыехаў 5 мая ў Магілёў, каб паразмаўляць са сваімі падпісчыкамі і прыхільнікамі, для некаторых ужо каштавала свабоды. Нагадаем, што 5 мая стаўшы за невялікі час вядомым у Беларусі блогер наладзіў сустрэчу са сваімі падпісчыкамі ў Магілёве на Віцебскім праспекце і каля гіпермаркета «Гіппа». Міліцыя расцаніла гэта як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Потым пачаліся затрыманні. Перш наперш былі затрыманыя госці Магілёва з каманды Ціханоўскага. І ўжо 8 мая пачаліся суды. Блогераў Уладзіміра Няронскага, Арцёма Сакава, Аляксандра Арановіча асудзілі да адміністрацыйнага арышту. Так, Няронскі атрымаў 10 сутак знаходжання ў ІЧУ, Арановічу – шэсць, Сакаву – пяць.
Таксама адбыліся суды па магілёўцах. Сцяпан Лазаронак атрымаў пяць сутак арышту, Вячаслаў Зайцаў – двое сутак.
У той жа дзень пачалі судзіць відэааператара «Магілёўскага рэгіёну» Міхася Аршынскага, які як відэаблогер здымаў сустрэчу з Ціханоўскім. Таксама ён здымаў 6 мая людзей каля ІЧУ, што сабраліся там, жадаючы ведаць, што адбылося з іх кумірам. Аршынскага затрымалі ўвечары 7 мая, калі ён выйшаў са свайго дому. Яму таксама інкрымініравалі удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Суддзя Ленінскага суда Ратнікава задаволіла яго хадайніцтва аб выдзяленні часу на пошук адваката і перанесла суд на 12 мая. Аднак пачаць пошукі адваката журналісту не ўдалося – адразу пасля пасяджэння ён быў затрыманы па другой аналагічнай справе і адвезены ў ІЧУ.
11 мая магілёўскія раённыя суды зноў разглядалі справы затрыманых раней за сустрэчу з блогерам Ціханоўскім. Сярод іх была актывістка АГП Таццяна Сівачэнка. Яна пакуль адзіная, якой быў прысуджаны штраф, а не арышт. Маладая жанчына павінна сплаціць 25 базавых велічынь (675 рублёў). Адзначым, што яе затрымалі 8 мая, калі актывістка святкавала ў сябе дома ўласны дзень нараджэння.
Міхасю Аршынскаму, які да 11 мая ўжо чацвёра сутак знаходзіўся за кратамі, Кастрычніцкі суд Магілёва прызначыў 10 сутак арышту. І 12 мая яго чакае яшчэ адзін працэс.
Таксама 11 мая былі пакараны арыштамі за сустрэчу з блогерам Ціханоўскім Уладзімір Барэйша (8 сутак), Мікіта Ігнашын (10 сутак), Барыс Огнеў (7 сутак), Іна Джумава (3 сутак).
Акрамя ўдзельнікаў сустрэчы з Ціханоўскім, 11 мая судзілі і тых, хто змагаецца за чысціню магілёўскага навакальнага асяроддзя. Пару разоў яны, па прыкладзе брэсцкіх актывістаў, выходзілі карміць галубоў. За гэта на 15 сутак арыштаваны Станіслаў Паўлінковіч, які быў затрыманы 7 мая па выхадзе з працы на заводзе. На свой прысуд палітычны актывіст адказаў воклічам «Ганьба!». Да 10 сутак адміністрацыйнага арышту за кармленне галубоў прыгаварылі Стаса Расінскага.
Сярод тых, хто яшчэ чакае суда ў ІЧУ – журналіст Алесь Асіпцоў, які быў затрыманы ў Бабруйску на «Антыпарадзе», які наладзілі 9 мая прыхільнікі Ціханоўскага, і магілёўскі экаактывіст Андрэй Бодзілеў. Сёння ж з ізалятара быў дастаўлены на суд журналіст «Магілёўскага рэгіёна» Алесь Буракоў. Пра яго працэс – у далейшых матэрыялах.
Варта адзначыць, што інкрымініраваныя затрыманым і асуджаным правапарушэнні – удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах абсалютна беспадстаўны і парушаюць правы чалавека. Бо, згодна з падпісаным і ратыфікаваным Беларуссю Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, карыстанне правам на мірныя сходы не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што накладваюцца ў адпаведнасці з законам і якія неабходны ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай ці грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маралі насельніцтваці абароны праў і свабод іншых асоб. З таго, што адбывалася пры сустрэчах з блогерам Ціханоўскім у Магілёве і пры кармленні галубоў, нічога, аб чым гаворыцца ў Пакце, не было парушана.
Фота: Алесь Сабалеўскі, Яўген Глушкоў
Уладзімір Лапцэвіч