Наданне Каралём Рэчы Паспалітай Стэфанам Баторыем 28 студзеня 1577 года Магілёву Магдэбургскага права прадвызначыла яго веліч і слаўную гісторыю. Але афіцыйныя ўлады, магілёўскія сайты, грамадскія арганізацыі горада практычна праігнаравалі галоўную дату гарадской гісторыі. Упершыню за апошнія 10 гадоў да дня горада з-за складанай палітычнай сітуацыі не абраныя “Падзея” і “Асоба” 2021 года па версіі грамадскасці. Толькі асобныя грамадскія актывісты паспрабавалі ў сацыяльных сетках нагадаць магілёўцам пра падзею, якая зрабіла іх грамадзянамі.
А ганарыцца Магілёву ёсць чым. Беларускія магдэбургскія гарады стаялі на адной роўніцы са славутымі гарадамі Старога Свету ў сэнсе самакіравання, і гэта стварала вялікія магчымасці для іхняго развіцця і росту. А гісторыя магдэбургскага Магілёва – яскравы прыклад таго, як дасканала можа арганізоўвацца беларуская супольнасць ва ўмовах свабоды.
Каб зразумець значэнне факта атрымання Магдэбургскага права, трэба нагадаць што ў старажытнай Грэцыі – заснавальніцы сучаснай Еўропы ў пэўным сэнсе супрацьстаўлялі “горад” “месцу”. Горад разумеўся матэрыяльна, як сукупнасць будынкаў, умацаванняў, вуліцаў, пляцаў. Горад у гэтым сэнсе – гэта інфраструктура. Месца ж ёсць сукупнасць мяшчан – жыхароў месца, якія валодаюць пэўнымі правамі і абавязкамі. Разважаючы ў гэтых катэгорыях можна сказаць, што гараджане – гэта простае насельніцтва гораду, а мяшчане – гэта грамадзяне месца, якое ўключае найперш прававыя інстытуты, а ўжо потым яго забудову.
Атрымаўшы магдэбургскае права Магілёў з горада ператвараўся ў МЕСТА – самастойную адміністрацыйную адзінку са сваёй тэрыторыяй, грамадзянствам, інстытутамі ўлады і суда, падатковай сістэмай і г. д. З увядзеннем магдэбургскага права мяшчане вызваляліся ад улады ваявод, стараст, уся ўлада ў горадзе пераходзіла да органаў гарадскога самакіравання.
Пасля атрымання Магдэбургскага права горад хутка рос і развіваўся. Ад ХVІІ ст. самакіраванне складала падмурак багацця і славы горада, які па велічыні вырас да другога ў краіне пасля сталічнай Вільні. Гісторыкі спрачаюцца пра колькасць гараджан тагачаснага Магілёва, кажучы пра “каля”, “да” ці нават “болей за” 20 тысяч месцічаў. Гэта вельмі значная лічба. Нават ва ўрбанізаваных рэгіёнах Еўропы ў ХVІ – пачатку ХVІІ стст. толькі вельмі буйныя гарады мелі насельніцтва ад 30 да 50 тысяч чалавек. Сярэднія гарады мелі ад 10 да 25 тыс чалавек. А насельніцтва большай часткі гарадоў Еўропы складала 2-3 тыс чалавек. Такім чынам, Магілёў быў сярэднім еўрапейскім горадам, які часамі набліжаўся па колькасці насельніцтва да мяжы буйных гарадоў. А па мерках Усходняй Еўропы Магілёў быў буйным эканамічным цэнтрам.
На думку многіх гісторыкаў у Беларусі не знойдзеш другога такога горада, як Магілёў, дзе б жыхары так моцна трымаліся за свае вольнасці. Выступленні магілёўскіх мяшчан у першай палове ХVІІ ст., якія дазвалялі сучаснікам называць Магілёў сталіцай літоўскіх бунтаў, прымусілі ўдасканальваць выбарчую сістэму гарадскіх органаў самакіравання.
Пасля войнаў сярэдзіны XVII стагоддзя гаспадарка Вялікага княства была ўшчэнт разбурана. Шчасліва ацалелі толькі два адносна вялікія гарады Магілёў ды Ляхавічы. У выніку шчаслівага збегу абставінаў Магілёў змог завязаць на сабе многія эканамічныя сувязі і стаў найбуйнейшым горадам ВКЛ на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У выніку ў канцы стагоддзя Магілёў стаў вельмі заможным горадам, а яго магістрат меў дастаткова грошаў, каб не толькі пабудаваць ратушу, але і набываць прыгарадныя землі, будаваць там неабходныя гораду гаспадарчыя пабудовы.
Трэба памятаць сваю гарадскую гісторыю.