Пад час правядзення «Дзён Рэспублікі Беларусь у Прыморскім краі»(Уладзівасток, Усурыйск) беларускія прадпрыемствы прадалі сваёй прадукцыі на 200 тысяч даляраў ЗША. Эксперт дае ацэнку гэтым дасягненням.
Больш за 200 тысяч даляраў ЗША зарабілі прадпрыемствы Беларусі, якія ўдзельнічалі ў кірмашы ва Уладзівастоку. Аб гэтым праінфармаваў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц.
Кірмаш-продаж тавараў беларускіх вытворцаў і выстава буйнагабарытнай тэхнікі прамысловых прадпрыемстваў Беларусь праходзіла ў рамках праведзеных «Дзён Рэспублікі Беларусь у Прыморскім краі» (Уладзівасток, Усурыйск).
На выставе была прадстаўлена прадукцыя «МТЗ», «МАЗ», «Бабруйскаграмаш» (прэс-падборшчыкі, машыны для ўнясення цвёрдых і вадкіх арганічных угнаенняў, шэраг узораў прычапной тэхнікі), «Амкадор» (пагрузчык), «Гомсельмаш» (камбайн з жаткай для соі і інш.), «Белшына».
Магілёўскі рэгіён быў годна прадстаўлены ААТ “Бабушкіна крынка”, Бабруйскім і Магілёўскім мясакамбінатамі, ААТ «Булачна-кандытарская фабрыка «Дамачай», кандытарскай фабрыкай «Чырвоны харчавік», ААТ «Стужка».
Кірмаш суправаджалі культурныя мерапрыемствы, уключаючы вялікі канцэрт з удзелам майстроў сцэны Рэспублікі Беларусь.
Беларускія тавары карысталіся попытам і тавары кірмашу – увесь аб’ём прывезенай беларускімі вытворцамі быў распрададзены на суму больш за 200 тысяч долараў ЗША.
«Атрыманая на кірмашы выручка з’яўляецца яшчэ адным доказам таго, што ў беларускай прадукцыі ёсць свая ніша на Далёкім Усходзе. Цяпер перад намі стаіць задача не проста прасоўваць сваю прадукцыю ў Прыморскі край, а выдратаваць як мага шырэй сваю дарожку на гэты магутны далёкаўсходні рынак», – падзяліўся планамі старшыня Магілёўскага аблвыканкама.
Мы папрасілі пракаментаваць эканаміста Саламона Брука (Хайфа) эканамічны поспех «Дзён Рэспублікі Беларусь у Прыморскім краі».
Вось што ён адказаў:
-Шаноўныя калегі! Я ўсцешаны Вашым патрыятызмам, паважаю Ваш аптымізм! Але не раздзяляю яго! Паглядзіце на рэчы рэальна. Я бачу чарговую спробу падаць правал у якасці поспеху! За 200 тысяч даляраў асабіста я не змагу набыць годную кватэру сваёй маме ў Хайфе. А колькі ж каштуе ў Мінску новая кватэра ў 150 квадратаў? Што такое 200 тысяч? 8-9 аўтамабіляў «Джылі» для старшыняў СВК і райвыканкамаў, або 2 грузавых чыгуначных вагона, або адзін больш-менш камфартабельны турыстычны аўтобус … На мінулым тыдні партнерская фірма закупіла 150 кампутараў для школьнікаў адной з краін Афрыкі на падобную суму. Я не падзяляю аптымізму маіх былых суайчыннікаў. Верагодна, для прафесараў МаДУ імя А. Куляшова гэта і прыстойная сума…