У гадавіну знакамітага магілёўскага паўстання 1 лютага 1661 года, узгадваем, што было вядома пра тыя падзеі сучаснікам, і якімі міфалагічнымі сюжэтамі абрасла памяць пра паўстанне сярод магілёўцаў.
1 лютага 1661 года, падчас зацятай вайны Расійскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай, Магілёў падняў самае славутае і вядомае ў гісторыі нашай краіны гарадское паўстанне. Даволі шырока вядомыя перадумовы і наступствы гэтага паўстання. Бадай што любы аматар гісторыі роднага горада ўзгадае, што паўстанню папярэднічала добраахвотная здача горада расійскім войскам цара Аляксея Міхайлавіча ў самы першы год вайны, у 1654-м. Сумесна з расійскім гарнізонам узімку 1655 года магілёўцы абараняліся падчас аблогі горада войскамі Рэчы Паспалітай пад кіраўніцтвам гетмана Януша Радзівіла.
Потым будзе некалькі год расчаравання магілёўцаў тымі парадкамі, што навядуць новыя ўлады ў горадзе, і нарэшце, на хвалі спрыяльных для Рэчы Паспалітай ваенных поспахаў, магілёўцы падымаюць паўстанне. Яго наступствам стала вяртанне гораду ўсіх прывілеяў і вольнасцяў, наданне новага герба, а таксама ўганараванне шляхецкім статусам найбольш актыўных удзельнікаў паўстання.
Прывілей караля Яна Казіміра ад 9 чэрвеня 1661 года г. Магілёву з пацвярджэннем правоў і новым гербам
Аднак няшмат хто ведае, што вакол падзеяў гэтага славутага паўстання ў гістарычнай традыцыі паступова сфарміравалася цэлая міфалагічная традыцыя, пакліканая не толькі перадаць рэальныя падзеі самаго паўстання, але і рамантызаваць, узвялічыць яго абставіны і галоўных дзеючых асоб. Зараз вядома пра тры асноўныя версіі падзей 1 лютага 1661 года, і давайце ўзгадаем тут іх паасобна.
Першая версія – рэалістычная
Першая і самая рэалістычная версія магілёўскага паўстання 1661 года маецца ў творы «Annalium Poloniae climacter secundus» Веспасіяна Кахоўскага, сучасніка падзей (1688 г.). Нягледзячы на тое, што дадзены тэкст добра вядомы гісторыкам, у папулярнай літаратуры яго рэдка прымаюць да ўвагі пры апісанні тых падзеяў, таму дадзім цікавы нам урывак цалкам.
Старонка з кнігі Веспасіяна Кахоўскага «Annalium Poloniae climacter secundus» з апісаннем магілёўскага паўстання
“Каб адпомсціць за ўсе крыўды свае, магілёўцы прысягнулі на знішчэнне масквы. Час і гадзіну прызначыўшы, выслалі сваіх [месцічаў] для суправаджэння жыўнасці за горад. Там тыя высланыя месцічы загаласілі, што на іх палякі і літва напалі, пазабівалі, у палон пабралі, і кінуліся да гарадскіх валоў, на гвалт галосячы, каб іх масква ратавала. Масква брамы паадчыняла і гуртам выпала, сягаючы за палякамі і літвой. Магілёўцы ў гэты час брамы пазачынялі, і калі масква назад вярталася, то іх не пусцілі, а па ім з валоў стралялі, а рэшту, што заставалася ў горадзе, на вуліцах пасеклі.” Секлі, піша Кахоўскі, жорстка, нават жанок стральцоў не пашкадавалі.
Версія другая, рамантычная
Другая версія, куды больш вядомая, утрымліваецца ў Магілёўскай хроніцы Сурты і Трубніцкіх і ў “Запісках ігумена Арэста” – асноўных крыніцах па гісторыі Магілёва дадзенага часу. Вось як выглядае паўстанне ў апісанні Трафіма Сурты:
“У год 1661. Месяца лютага, 1 дня на святога Трыфана, высеклі ў Магілёве гараджане-магілёўцы маскоўскі гарнізон, а траіх ваяводаў, Сямёна Савіча Гарчакова, Мацвея Андрэевіча Палуэктава і Сямёна Іванавіча Чэкіна, стралецкага галаву, паланілі і да караля Яна Казіміра з пасланымі ад горада панамі Пятром Казановічам, войтам, Базылём Леашкевічам, Юзафам Порам, бурмістрам, адвезлі і аддалі(…)
Гэтага вынішчэння маскоўскага гарнізона паводле рады на той час галоўных гараджан атаманам быў Пора, бурмістр, са сваімі памочнікамі на такое адважнымі. Аднак была тады і таемная змова паміж гараджанамі, што кожны гаспадар ноччу ў сваёй гасподзе выкруціць салдату з ружжа крэмень. І калі ўжо надыходзілі час і гадзіна, Пора, бурмістр, меў схаваны пад адзеннем катаўскі палаш, а калі ўбачыў, што маскалі гвалтам адбіраюць пірагі ў гарадскіх пякарак, перахрысціўся і пачаў маскоўцаў секчы, а гэтым часам на гвалт у брацкі звон ударылі, стаў галас, разруха, бойка, вайна. І пачалі былі маскоўцы браць верх, але нейкі гараджанін адамкнуў турму, у якой знаходзілася многа вязняў палякаў. Гэтыя вязні добра дапамаглі, бо за некалькі гадзін маскоўцаў збілі і абрабавалі.”
Дыярама “Магілёўскае паўстанне 1 лютага 1661 года” ў экспазіцыі Музея гісторыі Магілёва адлюстроўвае найбольш вядомую, рамантычную версію падзей
З аднаго боку, хочацца думаць, што гэтыя дзве версіі дапаўняюць адна адну, адлюстроўваючы два розныя тэатры баявых дзеянняў. Але дзіўна, што яны ні ў адной дэталі не супадаюць. Выглядае, што такая сімпатычная і прывабная для магілёўцаў карціна падзеяў мела характар “выставачнай” – рамантызаванай версіяй з мноствам сімвалічных элементаў. Ці не сімвалічна выглядае ў руцэ бурмістра катаўскі меч? А баявое братэрства паўстаўшых магілёўцаў з палоннымі палякам”?
Версія трэцяя, лубочная
У 1822 годзе ў Магілёве пабываў невядомы падарожнік, які сціпла называе сябе ў нататках “галіцыянінам”. Вынікам падарожжа па Беларусі і Літве стала серыя публікацый у старэйшай польскамоўнай газеце “Gazeta Lwowska” ў спецыяльным літаратурным дадатку “Rozmaitosci” 1824 года, тры з якіх былі прысвечаныя Магілёву. Аўтару давялося прабыць доўга ў горадзе, таму ў тэкстах ёсць вялікая колькасць апісанняў побыту гараджан, а таксама ўтрымліваецца кароткі пераказ гісторыі горада. Значную частку ў ім займае аповед пра магілёўскае паўстанне, які таксама прывядзем тут цалкам:
“Тое адбылося ў часы крывавых і зацятых войн паміж Польшчай і Расіяй, калі пад войтам на імя Пара было знішчана ў горадзе 7000 (лічба, канечне, шматкроць завышаная) расійцаў, якія хацелі пазней выразаць увесь горад. Войт Пара меў іншае імя, а Пара ад Пора, час, было дадзенае яму ў мянушку, таму што калі ён вучыўся і хадзіў у школу, то вяртаўся адтуль не хутка, і астатнія дамачадцы, калі нехта ўзгадваў пра абед, адказвалі заўжды, што яшчэ няма студэнта, то яшчэ не пара; а калі той вяртаўся, крычалі: вунь “пара” ідзе; то бок пара есці даваць.
Начальнікі збройнай сілы маскоўскай перад пачаткам дамоўленай паміж сабой разні сабраліся ў цэрквы брацкай (так яна называлася), чакаючы прызначанага часу. Войт, даведаўшыся раней пра намеры расійцаў ад адной дзяўчыны, у якую салдат закахаўся і адкрыў ёй таямніцу, каб яна там не знаходзілася, вырашыў апярэдзіць расійцаў.
То калі распачалася разня, масковец кінуўся да царквы і распавёў начальніку, што Пара паўстаў. Той падумаў, што ён нагадвае яму, што ўжо прыйшла пара пачаць разню, паглядзеў на гадзіннік, і са спакоем яму адказаў, што яшчэ не пара, а толькі праз гадзіну. Але неўзабаве народ даў яму зразумець сваю памылку, калі яны кінуліся да царквы, усіх выцягнулі на могілкі і вылішылі іх жыцця.”
Яны хацелі нас усіх выразаць – вось нам і прыйшлося паўстаць – апраўдваюцца магілёўцы пачатку ХІХ стагоддзя “вуснамі” гэтай, зусім мала вядомай версіі. Выглядае, што яна стала вынікам ужо досыць доўгай вуснай традыцыі, перайшоўшы з абшараў калектыўнай памяці ў абшар гарадскіх легенд.
Ілля Шмідтавец