Звычайна яго называюць замкам. Аднак, калі выкарыстоўваць фартыфікацыйную тэрміналогію, то гэта была яшчэ і цытадэль. У чым розніца? Не кожны замак можна лічыць цытадэллю. Часам яны былі адзінкавым вузлом абароны, накшталт замка на выспе, альбо замка на вяршыні гары. Тады гэта проста замак. А калі гэта – галоўны і апошні вузел абароны, дапоўнены дадатковымі лініямі фартыфікацыі, то да такога замка прынята выкарыстоўваць таксама тэрмін “цытадэль”.
Гэты тэрмін паходзіць ад лацінскага “civis” – “гараджане” і ў вольным перакладзе “цытадэль” азначае “гарадок” – тут маецца на ўвазе, што гэта дадатковы, маленькі горад для гараджан, дзе яны могуць схавацца падчас небяспекі. Але ў цытадэлі была і адваротная функцыя.
Яшчэ Макіявелі зазначаў, што вельмі часта італьянскімі князямі цытадэль выкарыстоўвалася дзеля аказання ўплыву, а часам, і ваеннага падаўлення гараджан у выпадку гарадскога паўстання супраць князя. У гэтай сітуацыі цытадэль выкарыстоўвалася для абароны верных князю прадстаўнікоў адміністрацыі, якія маглі схавацца ў замку да падыходу асноўных сілаў манарха. З гэтай прычыны цытадэль праектавалася так, каб ва ўласніка замка была магчымасць увайсці ў цытадэль праз асобную браму, якая кантралявалася яго падданымі. Паміж замкам і асноўнай часткай горада размяшчалася вольная ад пабудоў плошча, а цэнтральныя вуліцы горада разыходзіліся ад гэтай плошчы радыяльна, па прамой, што забяспечвала магчымасць прастрэлу плошчы і вуліц з замка.
Прыглядзімся да тапаграфіі магілёўскага замка. Ён меў дзве ўязныя брамы. Першая знаходзілася на самым рагу мыса, што клінам увапіраўся ў месца ўпадзення Дубравенкі ў Днепр, і мела назву Дольняя. На першым этапе ўзвядзення гарадскіх умацаванняў гэтая брама кантралявалася толькі абаронцамі замка. Яна магла быць як непрыступнай, так і прыняць узмацненне для абаронцаў, у выпадку, калі непрыяцель кантраляваў астатні горад. Другая ўязная брама – Горняя – выходзіла на Гандлёвую плошчу, ад якой радыяльна разыходзіліся галоўныя вуліцы старой часткі горада. Як і ў выпадку з класічнай еўрапейскай цытадэллю, магілёўскі замак мог выступаць эфектыўным апошнім абарончым вузлом, які забяспечваў захаванне кантроля над горадам.
У класічнай фартыфікацыі ёсць яшчэ адзін тэрмін, які падкрэслівае значэнне цытадэлі як апошняга прыстанішча для гарнізона, якога ціснуць з усіх бакоў – “рэд’юіт”. Але магілёўская цытадэль стала рэд’юітам для агульнай сістэмы ўмацаванняў не адразу. Як мы пабачым, гэта стала вынікам развіцця і распаўсюджвання на Беларусі актуальных еўрапейскіх фартыфікацыйных тэндэнцый.
Але, безумоўна, галоўная функцыя, якую выконваў магілёўскі замак – абарона горада ў шматлікіх войнах ВКЛ і пазней Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай. Заваёўніцкая палітыка ўсходніх суседзяў у пачатку XVI стагоддзя прадыктавала неабходнасць умацавання большасці ўсходнебеларускіх гарадоў па перадавых тэхналогіях свайго часу. Аблогі, якія прыйшлося вытрымаць Магілёву ў 1518 і 1519 гадах супраць войскаў маскоўскай дзяржавы, справакавалі цэнтральную ўладу на ўзвядзенне ў горадзе новай цытадэлі. Магілёўскі гісторык М. Сідарэнка адзначае, што, магчыма, з гэтай мэтай каралём і вялікім князем Жыгімонтам І горад быў аддадзены “на держанье” князю Васілю Саламярэцкаму.
Першапачаткова замак размяшчаўся на гары, якую мы зараз ведаем як Замкавая гара, альбо як парк Горкага, а ў крыніцах – у летапісе Сурты і Трубніцкіх – яна назваецца гара Магіла. Прычым тут жа сказана, што “по горце Могиле назван Могилёв”. У хроніцы гаворыцца, што замак быў пабудаваны ў 1526 годзе як “болшы” замак – у адрозненні ад меншага, які некалькі сот гадоў “да таго быў”. Даследчыкі зараз не валодаюць дакладнымі звесткамі, як мог выглядаць і якую плошчу мог займаць першапачатковы, меншы замак, як і дакладны яго ўзрост. Даследчык Міхась Ткачоў у сваёй кнізе “Замкі Беларусі” зазначае, што падчас будаўніцтва замка ў 1526 годзе ўсё тое, што яму папярэднічала, было знішчана пад тоўстым слоем гліны.
Што ж да замка “большага”, яго структура добра вывучаная дзякуючы археалагічным і архіўным дадзеным. Вось як рэканструяваў знешні выгляд магілёўскай цытадэлі легендарны краязнавец Іеранім Осіпавіч Філіповіч.
У пададзенай вышэй выяве нас засмучае рэльеф. Як бачым, паводле рэканструкцыі, замак размяшчаўся на высокім, роўным плато. Удала выкарыстоўваецца яго дамінуючае палажэнне над поймамі Дняпра і Дубравенкі, і гэтая перавага ўдасканальваецца ўзведзенымі па краі плато вежамі і сценамі. Аднак выявы замчышча на самых ранніх з дайшоўшых да нас планаў ставяць пад сумненне такі рэльеф. Канечне, гэтыя планы значна пазнейшыя за XVI стагоддзе. Але выглядае малаверагодным, каб у XVIІ – XVIІІ стагоддзях форму замкавай гары наўмысна і істотна змянялі б, прычым у бок пагаршэння яе фартыфікацыйных якасцяў.
Паводле большасці выяваў месца размяшчэння былой цытадэлі на планах горада XVIІІ – пачатку ХІХ стагоддзяў мы бачым, што магілёўскі замак меў складаны рознаўзроўневы рэльеф. Яго паўднёва-заходняя частка размяшчалася на ўзвышэнні, і гэта тая частка, якая захавалася зараз – Замчышча, альбо парк Горкага. А на ўсход ад гэтага ўзвышэння ішоў дадатковы абарончы вал у форме, падобнай да перавернутай літары Г. Гэты вал не захаваўся, а першапачаткова ён даходзіў амаль да самай кромкі берага Дняпра. Паміж асноўным узвышэннем і валам заўважны спуск, які ў часы існавання замка з паўднёвага боку быў абаронены ўязной брамай. На гэты перапад рэльефу таксама паказваюць і назвы ўязных брам – Горняя, значыць “верхняя”, і Дольняя, значыць “ніжняя”.
Гэты рэльеф мы можам бачыць таксама вось на гэтым плане перабудовы былога замчышча 1827 года.
Міхась Ткачоў адзначаў, што пры будаўніцтве замка і асноўны насып, і вал былі пакрытыя тоўстым слоем гліны, якую потым дадаткова абпалілі да стану цэглы, для трываласці. Наверсе былі ўзведзены сцены і абарончыя вежы.
Замак ад 1526 года і ўсё сваё існаванне быў драўляны, толькі часам яго знешнія сцены абмазваліся глінай і фарбаваліся – так яны станавіліся і больш трывалымі, і ўводзілі ў зман непрыяцеля, які ўспрымаў замак каменным.
Нас не павінна засмучаць тое, што замак быў драўляным. Эпоха каменных замкаў на той час ужо скончылася. Каменныя замкі былі эфектыўнымі пры метацельных асадных прыстасаваннях. Пры распаўсюджанні агнастрэльнай зброі выявілася, што каменныя сцены самі прадстаўляюць сабой пагрозу для абаронцаў, паколькі падчас абстрэлу сваімі ашчэпкамі наносяць ім больш стратаў, чым ядры гармат.
У XVI стагоддзі магілёўскі замак паступова ператвараецца ў цытадэль, паколькі акрамя замка, пачынаюць узводзіцца ўмацаванні для абароны астатніх частак горада – у каралеўскай грамаце 1561 года сярод абавязкаў гараджан указваецца неабходнасць “паркан местский оправовати”. З гэтага часу адказнасць за стан замку ляжыць на насельніках воласці, у той час як гараджане неслі абавязак па ўтрыманні іншых ліній гарадскіх умацаванняў.
Першае сваё выпрабаванне новая магілёўская цытадэль прайшла ў час вайны ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы ў 1535 годзе, затым – падчас Лівонскай вайны, калі горад быў выпалены войскамі князя Сярэбранага ў 1580 годзе, але выстаяў, дачакаўшыся падыходу войскаў Чартарыйскага. У 1581 годзе горад выстаяў зноўку, вытрымаўшы аблогу 10-тысячнага рускага войска начале з любімчыкам Івана Грознага Дзмітрыем Хварасцініным, у складзе якога быў адзначаны ў тым ліку і будучы заваёўнік Сібіры, казак Ермак.
Але ў 1595 годзе Магілёў, і ў тым ліку яго замак не справіліся з абаронай ад паўстанцкіх атрадаў казацкага гетмана Севярына Налівайкі.
Сваёй сапраўднай велічы магілёўская цытадэль дасягае ў XVII стагоддзі. Пасля спалення горада казакамі Налівайкі, і наступных разбурэнняў ад войскаў гетмана ВКЛ Мікалая Буйвіда, горад паступова адбудаваў выкшталцоную сістэму абароны, роўнай якой не меў ніводны іншы беларускі горад. Яшчэ ў 1601 годзе каралеўскія рэвізоры Я. Чыж і Я. Вільчак канстатавалі, што “паркана местскага” горад не мае. Пад кіраўніцтвам каралеўскага інжынера-фартыфікатара быў распрацаваны праект новай сістэмы гарадскіх умацаванняў, якая цяпер складалася – з замка-цытадэлі, і двух абарончых валоў, якія абаранялі Стары і Новы горад. Для ўзвядзення гэтых валоў прадугледжваўся знос прыватных пабудоў і расчыстка значных тэрыторый. У гэты час пры будаўніцтве магілёўскіх умацаванняў прымяняецца новы еўрапейскі фартыфікацыйны элемент – бастыёны.
Бастыёны прыходзяць на замену замкавым вежам. Традыцыйныя круглыя замкавыя вежы, якімі звычайна абараняліся ўчасткі сцен, мелі істотны недахоп пры прымяненні агнястрэльнай зброі – яны дапускалі існаванне мёртвых зон, недаступных для абаронцаў. Нападнікі, такім чынам, маглі выкарыстаць гэтыя мёртвыя зоны дзеля ўсталявання лесвіц і перагрупіроўкі сілаў. Бастыён жа мае пяцівугольную форму і размяшчаецца на краях абарончага ўчастка і пасярод прамых вучасткаў. Ён мае два фасы – гэта два бакі, якія пад вуглом выдаюцца ў бок праціўніка, і два фланкі – гэта дзве бакавыя сценкі. Такая форма бастыёна дазваляла абаронцам весці з яго агонь у чатырох накірунках – франтальны агонь з фасаў, і агонь для прыкрыцця сцен з фланкаў.
Прымяненне бастыённай сістэмы павышала абароназдольнасць магілёўскага замка, нават нягледзячы на стан замкавых сцен – а замак неаднаразова гарэў у XVII стагоддзі. Бастыён – гэта ўжо эфектыўнае ўмацаванне, якое дадатковымі сценамі можа быць толькі палепшана, але і без іх яно давала перавагу абаронцам над нападнікамі.
Але ў пачатку XVII стагоддзя бастыёны яшчэ толькі пачынаюць прымяняцца, а асноўная ўвага надаецца характару ўмацаванняў самаго замка.
Якім быў магілёўскі замак у гэты час мы добра ведаем дзякуючы таму, што захаваўся інвентар замка 1604 года, складзены каралеўскімі рэвізорамі Я. Корсакам і Я. Гізам.
Замак быў аддзелены ад астатняга горада абарончым рвом. Праз гэты роў быў перакінуты свайны мост, апошняя секцыя якога падымалася на ланцугах. Мост вёў да абарончай брамы-вежы – галоўнага замкавага ўмацавання, пяціяруснай Горняй брамы. Таўшчыня яе сцен з боку горада складала тры бервяны да ўзроўню трэцяга яруса, а вышэй – два бервяны. Гэткая ж была таўшчыня астатніх вежаў і сцен замка. З унутранага боку яе таўшчыня, як і таўшчыня іншых сцен і вежаў, складала адно бервяно. Пяць ярусаў вежы давалі ёй пяць ярусаў вядзення агня, да якіх дадаваўся яшчэ адзін узровень – падэшвенны бой, г. зн. на ўзроўні зямлі. Падэшвенны бой выкарыстоўваўся замкавай артылерыяй для вядзення агня насцілам. На верхніх ярусах размяшчаліся стралкі. Другая вежа-брама, Дольняя, мела таксама пяць ярусаў. Ад яе ішоў падземны ход да ракі.
Абарончыя сцены замка мелі форму драўляных і вельмі высокіх гародняў у два-тры ярусы, з галерэяй на верхнім ярусе для размяшчэння стралкоў.
На момант складання інвентара ў 1604 годзе магілёўская цытадэль мела такое ўзбраенне: 4 гарматы-шротаўніцы, 3 серпанціны, 2 невялікіх палявых гарматы. У арсенале таксама захоўваліся 65 гакаўніц і 21 ручніца, а таксама запасы пораху, олава, панцыры і іншая амуніцыя. За станам замкавага арсенала сачылі восем пушкароў.
У канцы XVII стагоддзя замкавыя і наогул гарадскія ўмацаванні канчаткова мяняюцца на бастыённыя, а падэшва замкавай гары была дадаткова ўмацавана больверкам.
У гэты час гарадская цытадэль некалькі разоў гарэла ў пажарах, аднаўлялася, але канчаткова была знішчана ў пажары 8 верасня 1708 года, калі ў часы Паўночнай вайны ўвесь горад быў выпалены па загадзе расійскага імператара Пятра І.
Аляксей Бацюкоў, гісторык