Новы моладзевы культурніцкі праект пачалі рэалізоўваць у Магілёве. “Цэнтр развіцця моладзі “Мы – будучыня”” – так назвалі сваю ідэю ініцыятары праекту Яўген Сіндзюкоў і Аляксей Аліпчыкаў.
Прэзентавалі ініцыятыву ў новай прасторы “ПушкінЦэнтр”, і не проста прэзентавалі, а адразу правялі імправізаваны brainstorm з абмеркаваннем гарадскіх моладзевых праблем, якія тычацца культурнай сферы і экалогіі. Маладзёны выказаліся наконт таго, чаго ім не хапае ў Магілёве, што яны могуць прапанаваць палепшыць і якія ідэі рэалізаваць з дапамогай новага моладзевага праекта.
Арганізатары прапанавалі абмеркаваць чатыры тэматычных блока: мастацтва, музыка, харэаграфія і экалогія. Удзельнікі падзяліліся адпаведна на чатыры каманды, кожная з якіх распрацавала сваю ідэю пэўнай тэматычнай імпрэзы альбо нават асобнага праекта, якія можна правесці ці арганізаваць у горадзе намаганнямі самой моладзі. Калі пералічыць больш дэталёва, то было прапанавана правесці “паэтычны батл” у новым арыгінальным фармаце, пашукаць у горадзе пляцоўку для вулічных музыкаў, дзе б яны маглі ладзіць загадзя запланаваныя канцэрты для прыхільнікаў, рэкламаваць сваю творчасць. Па тэме “харэаграфія” адна з камандаў выказалася за арганізацыю ў горадзе танцавальнай студыі, куды можна было прыходзіць па “вольным графіку”, бясплатна (што важна для моладзі) атрымліваць навыкі ў тых ці іншых стылях танцаў на майстар-класах, і, галоўнае, знаходзіць сабе партнёраў для такога прыемнага і карыснага баўлення часу. Па тэме экалогіі, плюс у спалучэнні з ідэяй здаровага ладу жыцця, было прапанавана правесці забаўляльную летнюю імпрэзу з абліваннем вадой, але пакуль дакладна не вызначыліся з самім працэсам – ці то выкарыстаць вадзяныя пісталеты, ці прыдумаць нешта больш простае для такога занятку.
Пра мэту новага моладзевага праекта журналісту 6tv.by распавёў адзін з аўтараў ініцыятывы Яўген Сіндзюкоў : “Ёсць праблема – яе трэба неяк вырашаць. Мы аб’ядноўваем моладзь, бо гэта ў нас адна з праблемаў – яна вельмі раз’яднаная. У Магілёве моладзь шмат часу праводзіць у “Атрыўме”, і гэта не нармальна, ёсць багата талентаў, і мы “выцягвалі” адтуль шмат такіх людзей, якія і спяваюць, і танчаць, ім трэба дапамагаць, ствараць больш спрыяльныя ўмовы для самарэалізацыі, але без штучнага “фармалізму””.
Дзяўчынка Саша, адна з удзельніц сутрэчы, падзялілася з журналістам сваімі назіраннямі і турботамі, датычнымі некаторай пасіўнасцю яе аднагодкаў: “Зараз моладзь чамусьці не цікавіць тое, чым займаюцца людзі крыху старэйшыя – імпрэзы, праекты, спартовае жыццё, ім гэта не цікава, яны сядзяць дома, у тэлефоне, такое жыццё “анлайн” і ўсё. І я задаюся пытаннем увесь час – “Як вам увогуле жывецца?”, на што звычайна адказваюць – “А нашто нам тое, а навошта гэта, што нам за гэта будзе?”. Зараз людзі нейкія меркантыльныя – ім трэба нечага ўзамен на тое, што яны некуды пойдуць, на нешта паглядзяць, і, на жаль, ніякіх мэтаў, ніякіх каштоўнасцяў у іх няма. І мы разам з сябрамі зараз думаем над тым, як гэта змяніць, як прыцягнуць моладзь у больш актыўнае культурнае жыццё горада”.
Трэба дадаць, што аўтары праекта Яўген Сіндзюкоў і Аляксей Аліпчыкаў – выпускнікі акадэміі моладзі «Creatiwe.2.0» ад Цэнтру гарадскіх ініцыятываў, а сама пляцоўка “ПушкінЦэнтр” – сумесны праект ЦГІ і дзіцячай бібліятэкі імя Пушкіна, які рэалізуецца як інструмент для прыцягнення ініцыятыўнай моладзі, пляцоўка для яе нефармальнай адукацыі, самарэалізацыі і камунікацыі.
Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара