Магілёўскі абласны суд не задаволіў скаргу крычаўскага журналіста Сяргея Няроўнага на рашэнне суда Крычаўскага раёна.
Нагадаем, што суд Крычаўскага раёна 1 лістапада 2021 года пакараў мясцовага журналіста і праваабаронцу Сяргея Няроўнага адміністрацыйным штрафам у памеры 20 базавых велічынь (580 рублёў) паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Суддзя Алена Азаранка палічыла, што сваімі падабайкамі, пастаўленымі ў мінулым годзе ў сацыяльнай сетцы Facebook, журналіст нібыта «распаўсюдзіў экстрэмісцкія матэрыялы».
Журналіста судзілі за падабайкі пад допісамі на старонках СМІ, якія ўлады пазней прызналі экстрэмісцкімі. На Няроўнага было складзена два адміністрацыйныя пратаколы, двойчы яго затрымлівалі супрацоўнікі крычаўскай міліцыі і змяшчалі ў мясцовы ізалятар часовага ўтрымання. Дома ў журналіста правялі вобшук.
Сяргей Няроўны не пагадзіўся з рашэннем суда Крычаўскага раёна і абскардзіў яго ў Магілёўскім абласным судзе. Скаргу журналіста 9 снежня разгледзеў у Магілёве суддзя Дзяніс Кічыгін.
Па словах журналіста, падчас свайго выступу ў судзе ён выказаў толькі адно пажаданне, – каб рашэнне суда было справядлівым і законным і праз месяц, і праз год, і праз дваццаць год.
Магілёўскі абласны суд не прыняў да ўвагі сведчанні Няроўнага аб тым, што ён ніякім чынам не распаўсюджваў “экстрэмісцкія матэрыялы”, а падабайкі паставіў больш за год таму на сваёй закрытай старонцы ў Facebook, прычым тады, калі рэсурсы, на якіх размяшчаліся матэрыялы, і блізка не былі прызнанымі “экстрэмісцкімі”.
Пасля невялікага перапынку суддзя Д. Кічыгін прыняў рашэнне пакінуць скаргу Сяргея Няроўнага без задавальнення, пастанова суда Крычаўскага раёна аб пакаранні штрафам у памеры 20 базавых велічынь застаецца ў сіле.
Адзначым таксама, што 1 снежня ў кватэры Сяргея Няроўнага і доме яго маці супрацоўнікі УДФР КДК зноў правялі вобшук. Пасля вобшука журналіста дапыталі ў якасці сведкі па крымінальнай справе. З Няроўнага ўзялі падпіску аб неразгалошванні, таму падзяліцца нейкімі падрабязнасцямі з калегамі-журналістамі ён не мог.
Іван Барысаў