Суддзя Магілёўскага абласнога суда Ірына Ланчава адмовіла ў скарзе журналіста інтэрнэт-партала “Магілёўскі рэгіён” Алеся Сабалеўскага, аштрафаванага Ленінскім райсудом Магілёва на 30 базавых велічынь за асвятленне мірнай пратэстнай акцыі. Яму інкрымінавалі ч.3 арт.23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
Як распавёў Алесь Сабалеўскі, у абласным судзе ён, як і раней у судзе Ленінскага раёна Магілёва, сцвярджаў, што сведчанні сведкі-міліцыянера аб тым, што журналіст ішоў у натоўпе пратэстоўцаў 13 верасня, пляскаў у далоні і выкрыкваў лозунгі, з’яўляюцца цалкам хлуслівымі і ніяк не падцвярджаюцца прыкладзеным да матэрыялаў справы відэа. “Суддзя Ленінскага раёна двойчы накіроўвала на дапрацоўку той пратакол у міліцыю. У Кастрычніцкім РАУС нічага не зрабілі і пакінулі як было, але гэта не перашкодзіла прыняць суддзі несправядлівае рашэнне. І аб гэтым я казаў у абласным судзе”, – адзначаў журналіст.
Паводле Сабалеўскага, ён указываў пры абскарджванні, што дзеючы ў Беларусі закон аб масавых мерапрыемствах ёсць неканстутыцыйным, і на гэта неаднаразова ўказвалі міжнародныя інстанцыі. Аднак суддзя, выслухаўшы довады журналіста, не палічыла мэтазгодным задавальняць скаргу. “Судовая сістэма не дзейнічае, бо не можа суд, грунтуючыся на хлуслівых паказаннях, прызнаць чалавека вінаватым”, – сказаў Алесь Сабалеўскі, заявіўшы аб намеры абскарджваць далей вынесенае рашэнне.
Нагадаем, што 12 лістапада 2020 года суддзя Ленінскага райсуда Магілёва Таццяна Касцюк пакарала Сабалеўскага штрафам у памеры 30 базавых велічынь (810 рублёў) за асвятленне пратэстнай акцыі, што, па меркаванні суддзі, было ўдзелам у маніфестацыі.
Абвінаваўчы вердыкт Касцюк вынесла пасля двухразовага накіроўвання справы Сабалеўскага на дапрацоўку ў Кастрычніцкі РАУС Магілёва. Аднак нават двойчы нібыта выпраўленыя дакументы нічым не адрозніваліся ад першапачатковых. Праўда, суддзя вырашыла інакш.
Першае пасяджэнне па справе Сабалеўскага ў судзе першай інстанцыі адбылося яшчэ 16 верасня, калі журналіст знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання, як затрыманы на 72 гадзіны да суда. Яму інкрымінавалі знаходжанне з 14 да 15 гадзін 13 верасня каля гандлёвага цэнтру “Атрыум”, дзе ён нібыта прымаў удзел у несанкцыянаваным мітынгу. Журналіст быў затрыманы ў той жа дзень толькі значна пазней і зусім у іншым рёне горада – на Пушкінскім праспекце. Сабалеўскі цалкам адрынуў абвінавачванне і заявіў, што напісаннае ў пратаколе не адлюстроўвае рэчаіснасць.
Падчас пасяджэння ў якасці сведкі быў дапрошаны ўчастковы Кастрычніцкага РАУС, які складаў пратакол аб правапарушэнні на Сабалеўскага, Фёдар Гарэлікаў. Паводле яго, Сабалеўскі знаходзіўся ў групе людзей, трымаў тэлефон на сэлфі-палцы і мікрафон. Прычым журналіст, паводле міліцыянта, паспавяў яшчэ і актыўна ўдзельнічаць ў несанкцыянаваным мітынгу каля гандлёвага цэнтрна “Атрыюм”.
Журналіст “Магілёўскага рэгіёну” цалкам абверг паказанні сведкі, якія ён назваў нагаворам, а пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні – выдумкай.
Уладзімір Лапцэвіч