Галоўная » Бард Аляксандр Баль пасля перамогі ў Маскве быў звольнены з Магілёўскага драматычнага тэатру

Бард Аляксандр Баль пасля перамогі ў Маскве быў звольнены з Магілёўскага драматычнага тэатру

Цудоўны калядны падарунак сабе і ўсім аматарам беларускай аўтарскай песні зрабіў самы вядомы магілёўскі бард Аляксандр Баль. У Маскве ён стаў пераможцам фестывалю аўтарскай песні “Пакроўскі сабор” 2021 года. У музычнай бітве Аляксандр атрымаў гран-пры фестывалю і значную грашовую ўзнагароду. А ў родным драматычным тэатры яму настойліва парэкамендавалі звольніцца з працы. 

Добрая навіна заключаецца ў тым, што любімы магілёўцамі аўтар і выканўца перамог не на шэраговым месцячковым мерапрыемстве, а на Усерасійскім конкурсе. Фестываль аўтарскай песні “Пакроўскі сабор” у Маскве, нягледзячы на сваю яшчэ нядоўгую гісторыю, вельмі прадстаўнічы і мае салідны для аўтарскіх фестываляў прызавы фонд. 

Сёлета на адборачны тур другога Усерасійскага фестывалю паступіла 676 творчых работ з 37 расійскіх рэгіёнаў, з Беларусі, Германіі і Швецыі. У фінальнай спаборніцтве ў Маскоўскім Гасціным двары ўдзельнічалі восем суперфіналістаў. Бітва за гран-пры праходзіла ў некалькі этапаў, кожны з якіх ацэньвала экспертнае журы. У выніку першае месца атрымаў аўтар з Магілёва Аляксандр Баль, другое месца ў Аляксея Удовіна з Чэхава, а трэцяе засталося ў ансамбля “Мезазой”. Перамогу Аляксандра Баля заля, якую запоўнілі больш за тысячу гасцей, сустрэла працяглымі апладысментамі. 

Арганізатары і члены журы падкрэсліваюць, што “фестываль закліканы аб’яднаць розныя напрамкі сучаснай аўтарскай песні”. У гэтым годзе прызавы фонд конкурсу склаў 1 мільён рублёў: гран-пры пераможца атрымаў 350 тысяч рублёў, грашовая ўзнагарода за другое месца склала 250 тысяч рублёў, а за трэцяе месца – 100 тысяч рублёў. Астатнім удзельнікам суперфіналу дасталася па 50 тысяч рублёў. Арганізатары таксама абяцаюць дапамагчы пераможцам у запісе музыкі і яе прасоўванні на музычным рынку. 

У родным тэатры калегі цёпла павіншавалі Аляксандра. А вось кіраўніцтва тэатра палічыла, што ніякія творчыя перамогі не даюць права таленавітаму выканаўцу мець аўтарскую грамадзянскую пазіцыю. Сапраўды, навошта аўтару мець самастойную аўтарскую пазіцыю. Калі ты працуеш у дзяржаўнай структуры, то пазіцыя можа быць толькі адна – прынятая недзе там на версе піраміды чыноўнікаў. 

Акалічнасці нематываванага з пункту гледжання закона звальнення Аляксандра, які шмат гадоў служыў загадчыкам музычнай часткі тэатра, нам вядомыя. Маркотна, але разгром тэатра працягваецца. У дадатак да звальнення дырэктара тэатра, выцяснення з калектыву актораў і рэжысёраў, звальнення загадчыцы літаратурнай частцы прыйшла чарга быць звольненым і загадчыку музычнай часткі тэатра. Калі так пойдзе і надалей, то неўзабаве факт работы ў тэатры будзе ўспрымацца, як кляймо несамастойнасці, канфармізму, адсутнасці аўтарскай пазіцыі. 

Але сёння, мы не будзем псаваць славутаму магілёўскаму барду і ўсім прыхільнікам яго творчасці святочны настрой. Час паставіць усё па сваіх месцах. 

Давайце ў час перамогі ўсёй грамадой павіншуем нашага земляка Аляксандра Баля з чарговым і вельмі важкім творчым поспехам, пажадаем яму новых дасягненняў і ў надыходзячым годзе. Здароўя, вам Аляксандр, удачы і новых перамог. 

Алесь Верасень