2 снежня адбыўся тэлевізійны паказ фінальнай гульні 2021 года Вышэйшай лігі Міжнароднага саюза клуба вясёлых і знаходлівых. Магілёўская каманда “Доктар Хаўсс” упершыню заваявала бронзавыя медалі вышэйшай лігі. Пасля паказу можна ацаніць узровень выступлення нашых землякоў, вырашыць, ці чэсна судзіла расійскае журы?
Найперш адзначым, што сезон 2021 усталяваў новы рэкорд па колькасці ўдзельнікаў вышэйшай лігі, а таксама па колькасці дэбютантаў – іх аказалася сямнаццаць. Усе яны каманды-выпускнікі прэм’ер, першай і міжнароднай ліг. Магчыма з-за колькасці дэбютантаў напачатку сезон пачынаўся вяла, першыя туры былі не вельмі высокага ўзроўню. Увогуле падавалася, што КВЗ ужо не той. Але паступова каманды разыграліся. Прыемна было бачыць, як прыбаўляе ў гумары і наша магілёўская каманда.
Да фіналу дайшлі пяць каманд. Супраць магілёўскіх хлопцаў у фінале за званне новага чэмпіёна КВЗ змагаліся 4 расійскія дружыны: “Імені мяне” (Каралёў), Зборная Пермскага краю (Пермскі край), “Нястрымны Джо” і “Юра” (Універсітэт «Сінэргія», Масква). Каманды былі вельмі роўныя, усе выступленні выклікалі смех і падымалі настрой. Відавочнага фаварыта ў фінале не было. Барацьба каманд сапраўды была вельмі ўпартая. Малая колькасць конкурсаў, а прадстаўляліся толькі візітныя карткі і музычныя хатнія заданні, не дазваляла выявіць менавіта знаходлівасць. Усё залежыла ад хатніх нарыхтовак. А яны шмат у чым вызначаюцца яшчэ і вялікай колькасцю тых, хто дапамагае камандам за сцэнай. У расіян тут адчувалася перавага.
Трэба прызнаць, што журы, у складзе якога былі Канстанцін Эрнст, Таццяна Наўка, Юлій Гусман, Пелагея, Дзмітрый Нагіеў, Канстанцін Хабенскі і Святлана Лабада журыла чэсна. Разрыў паміж першым і трэцім месцамі склаў толькі 0,4 бала. З-за роўнасці выступленняў, калі б каманды памяняліся месцамі, то ніхто б не пратэставаў. Занялі б беларусы першае месца разам з якой расійскай камандай, мы з сказалі, што гэта – па чэснаку. Але маглі застацца і без медалёў. І гэта было б па свойму справядліва. Каб перамагаць расіян на іх пляцоўцы – трэба быць на галаву вышэй за іх. Але гэтага не адбылося. А вось чаму – гэта пытанне, бо патэнцыял у магілёўцаў ёсць.
Пачнем з пераможцаў. Гэта рэальна моцныя каманды, у якіх сабралі яркіх лепшых гульцоў Пермскага краю і амбітных няўдачнікаў ранейшых сезонаў з розных каманд. Зборная Пермскага краю складаецца ў асноўным з удзельнікаў нетэлевізійных ліг вялізнага расійскага рэгіёну. “Нястрымны Джо” – каманда ў склад якой увайшлі КВЗшчыкі з вядомых каманд Вышэйшай лігі, такіх як “Парапапарам”, “Барцы”, Зборная горада Мурманска і “Будзем сябраваць сем’ямі”, якіх аб’ядноўвае тое, што ўсе яны не былі чэмпіёнамі Вышэйшай лігі.
Магілёўскія мальцы таксама ўжо вопытныя байцы, летась яны дайшлі да паўфіналу вышэйшай лігі. Але ім было відавочна цяжэй за багатыя на людскія і фінансавыя рэсурсы расійскія каманды. Але толькі гэтым не патлумачыш адносную няўдачу. Дарэчы, спонсарамі магілёўцаў сёлета быў Магілёўліфтмаш і Беларуськалі.
Зборная Пермскага краю ўзяла адным, але зразумелым усёй Расіі вобразам “непапраўнага рамантыка” – пітушчага паўкрымінальніка дзядзькі Ігара Саныча. Сатырычны народны вобраз карэннай Расіі – праставаты да дурнаватасці не мог не расчуліць залу і журы. Да і іншыя каманды, асабліва чамусьці масквічы, часам пераходзілі ў сваіх жартах да хамавітасці, а зала добразычліва рэзаніравала ім.
У гэтым сэнсе мне больш спадабаўся “Нястрымны Джо”, які прыцягнуў поспех роўным саставам і высокай сярэдняй якасцю нумароў. Вось толькі іхныя барцы так рэалістычна ігралі некаторых прадстаўнікоў каўказскіх горцаў у расійскіх гарадах, што станавілася аж на няёмка. Да яшчэ каманда “Імяні мяне” спрабавала ў некаторых сцэнках данесці ў жартаўлівай форме гуманныя прынцыпы. Але агульны ўзровень смеху быў усё ж невысокі.
Феерычным выступленне магілёўцаў не назавеш, але гэта было вельмі годнае прадстаўленне. Найперш, “Доктар Хаўсс” сапраўды каманда КВЗ. Маладыя хлопцы энергічна па пацанску жартавалі, без комплексаў прыкалваліся на сцэне. Увогуле падалося, што каманда лавіла кайф ад выступлення. Асабліва гэта адчувалася ў выступленні яе капітана і сапраўднага лідара – Паўла Малахава. Астатняя тройка была ў ценю капітана, але зусім не была статыстамі. Рэспект яму і яго сябрам. Усе – малайцы.
У каманды, якая пачала свой шлях на сцэну яшчэ ў 2008 годзе, ёсць свой стыль па форме і зместу. Самае галоўнае – яна вельмі пазнавальная. Чорныя строі з белымі кашулямі глядзяцца і модна, і сучасна, і не аляпавата, як уборы некаторых іншых каманд. Іх жарты кароткія, але трапныя. А аб’ектамі насмешак і жартаў “Доктар Хаўсс” традыцыйна выбірае вострыя палітычныя тэмы. Чаму ж беларусам не ўдалося скочыць вышэй галавы?
Сёлета хлопцы два разы звярнуліся да тэмы мігрантаў на Беларусі з мусульманскіх краін. І, як звычайна, жартавалі на тэму ўзаемаадносін Беларусі і Расіі, дзе наша краіна выступае ў ролі прасіцеля расійскіх рэсурсаў. Дарэчы, пра гэта жартавалі і іншыя каманды. Відаць такая роля Беларусі ў адносінах да Расіі ў апошнія гады стала рэальнасцю.
Лепшыя жарты ад “Доктара Хаўсса” у фінале 2021 года:
- “Беларусь прызнала Крыс!
- Я так разумею, што грашыма мы ўжо аддаваць не збіраемся!”
“Як адказ беларускага МЗСа – кароткі і смешны!”
А самая лепшая сцэнка – гэта паездка ў таксі ў 1990-я двух персанажаў, якія размаўлялі галасамі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Дыялог узапраўду інтэлігентны смешны і шматзначны. Трэба яго глядзець самім. Наразмаўлялі б хлопцы на тры гады хіміі, каб гэта не была гумарыстычная перадача.
Толькі вось гэты палітычны кантэкст “Доктара Хаўсса” не надта вітаецца сёння ў Расіі, і ён не вельмі ўспрымаецца гледачамі. Відаць і тэма эмігрантаў у польскай мяжы, і тэма ўзаемаадносін прэзідэнтаў дзвюх краін для іх не вельмі актуальныя. Расіяне жартавалі больш на побытавыя тэмы, тэмы здароўя, маралі… Гэта трэба ўлічваць надалей. Прыкладам, музычны конкурс ад магілёўцаў быў задужа палітызаваным.
Часцяком расійскія каманды эксплуатуюць настальгію па СССР, па яднанню народаў былой камуністычнай імперыі. Апошняе “Доктар Хаўсс” таксама спрабаваў выкарыстаць у фінальным спеве. Гэта выглядала, як прагіб пад расійскія імперскія густы, але магчыма яно ім і дапамагло.
Яшчэ хочацца параіць хлопцам, каб яны менш выпрошвалі медалі ў журы. Я налічыў мінімум чатыры іх просьбы даць ім залатыя медалі. Гэта засквар. А самае галоўнае, на трэцяй просьбе гэта пачынае працаваць у супрацьлеглы бок.
Напрыканцы трэба сказаць, што фінал КВЗ быў падрыхтаваным тэлевізійным шоў, а не клубам знаходлівых, і шанцаў у правінцыйнай магілёўскай каманды апрыёры было не багата. “Доктар Хаўсс” як раз адпавядае былым прынцыпам ранейшага Клуба вясёлых і знаходлівых. Але КВЗ ужо сапраўды не той. Імправізацыі, кемлівасць, рэактыўнасць ужо не так патрэбныя, як хатнія нарыхтоўкі, прафесійны сцэнар і адрэпетаванасць выступлення.
Алесь Верасень
фото из открытых источников