Галоўная » Магілёўскі драматычны тэатр адмяніў спектаклі праз каронавірус

Магілёўскі драматычны тэатр адмяніў спектаклі праз каронавірус

Магілёўскі драматычны тэатр адмяніў усе спектаклі з 1 па 21 красавіка. На гэты час тэатр пераходзіць у рэпетыцыйны рэжым. Такое рашэнне кіраўніцтва тэатру прыняла ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй у Беларусі і свеце.

Небяспека захварэць закрыла тэатр

Адміністрацыя тэатру распавяла пра рэзкі спад наведвальнасці спектакляў і зрабіла чырвоную абвестку:

«Каб зберагчы сябе і сваіх блізкіх ад заражэння, магілёўцы імкнуцца пазбягаць месцаў масавага збору людзей, адмаўляюцца ад наведвання шматлюдных імпрэзаў, у тым ліку тэатру. Гледачы звяртаюцца ў тэатральную касу па вяртанне грошай за раней набытыя квіткі. Спектаклі праходзяць практычна ў пустой залі (10-15 гледачоў), што эканамічна немэтазгодна, улічваючы выдаткі на электраэнергію, ацяпленне, заробкі супрацоўнікам», – сказана ў прэс-рэлізе тэатру.

Кіраўніцтва ўстановы свядомае таго, што на масавыя зборы людзей – не на карысць кампаніі па стрыманні распаўсюду новай інфекцыі. Квіткі на спектаклі, якія меліся адбыцца 1-21 красавіка можна здаць у касе тэатру.

Літаратурная рэдактарка Воля Семчанка

«Тыя асобныя калегі, з якімі я паспела паразмаўляць, гатовыя нават за свой кошт пайсці ў адпачынак. Усім ахвочым прапанавалі пайсці ў адпачынак з захаваннем большай часткі акладу, але не ведаю, хто з калегаў скарыстаецца, а хто не. Агульны настрой цяпер такі, што людзі не хочуць збірацца на рэпетыцыі, а калі рэпетуюць, то ў малых групах. Асабліва хвалюемся за старэйшае пакаленне, бо ўсе сочаць за навінамі», – кажа літаратурная рэдактарка тэатру Воля Семчанка.

Дзень таму супрацоўнікі Магілёўскага драматычнага тэатру стварылі петыцыю за ўвядзенне каранціну ва ўсіх беларускіх тэатрах. Воля Семчанка кажа, што да петыцыі ў калектыве паставіліся прыхільна. Подпісы 2 красавіка накіруюць у Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства культуры. На момант публікацыі пад петыцыяй падпісаліся 813 чалавек.

 

Тэатр ідзе ў online

Афіша на красавік да адмены спектакляў выглядала так

Пасля адмены буйнога міжнароднага фестывалю «Март-кантакт» напрыканцы сакавіка, калектыў знаходзіўся ў напружанным чаканні – калі чарга дойдзе і да іхнага месца працы?

«Cусветная сцэна згортваецца. Гэта дрэнна адбіваецца на настроі, а неўзабаве адаб’ецца і на заробках, магчыма, што ўжо ў красавіку. Але мы ўсё разумеем, што жыццё і здароўе, нашае і астатніх людзей – даражэйшае. Адміністрацыя тэатру таксама стараецца берагчы калектыў і гледачоў». – кажа Воля Семчанка.

Апошнія тыдні ў магілёўскім драмтэатры спектаклі прыходзілася праводзіць пры мінімальнай колькасці гледачоў

Каб захаваць аўдыторыю, падтрымаць гледачоў і калектыў тэатру, адміністрацыя вырашыла перайсці на рэпетыцыйны рэжым працы. Зараз у тэатры рыхтуюцца да будучых прэм’ер. На 13 і 14 траўня запланаваная прэмʼера спектаклю «Прыйшоў мужчына да жанчыны» рэжысёра Віктара Куржалава. У траўні свой новы спектакль (па аповесцях Васіля Шукшына) плануе прадставіць маладая рэжысёрка Каміля Хусаінава. На кастрычнік перанеслі прэм’еру спектаклю «Пікавая дама» па аднайменнай аповесці Аляксандра Пушкіна рэжысёра Ігара Казакова. Вядзецца падрыхтоўка спектаклю «Гандзі маўчаў па суботах» па п’есе расейскага драматурга Анастасіі Букрэевай у пастаноўцы рэжысёра Міхаіла Лашыцкага. Тэлеканал «Беларусь 4» Магілёў» ва ўсе красавіцкія выходныя будзе паказваць спектаклі Магілёўскага абласнога тэатру лялек і Магілёўскага абласнога драматычнага тэатру. Жывыя трансляцыі будуць весці таксама праз інтэрнэт.

Фота Васіль Коркін / «Белсат»

Вольга Васільева, Belsat.eu