Палітычны зняволены магілёўскі актывіст Валадар Цурпанаў парваў дасланы да яго ліст ад Юрыя Васкрасенскага з прапановай напісаць на імя Аляксандра Лукашэнкі просьбу аб памілаванні. Аб гэтым “Магілёўскаму рэгіёну” распавяла жонка палітвязня Ірына Цурпанава.
Паводле жанчыны, ліст ад Васкрасенскага быў дасланы на добрай, прыгожай паперы. “Натуральна, ён нічога не стаў пісать, парваў гэты ліст”, – паведаміла спадарыня Ірына.
Яна распавяла, што мела кароткатэрміновае спатканне з мужам 6 жніўня ў выпраўленчай калоніі №3 (Віцьба) ў Віцебскім раёне Віцебскай вобласці. “Ён трымаецца. Лісты ідуць дрэнна. Ён мае права на тэлефанаванне. Кожны тыдзень званіць мне – 2-3 хвіліны цягнецца размова”, – паведаміла жонка палітвязня.
Нядаўна яна даслала мужу медыцынскую пасылку, таму мяркуе, што са здароўем у яго не вельмі добра. “Хоць мне ён нічога не паведаміў. Відаць, не хацеў мяне растройваць”, – распавяла Ірына Цурпанава, адзначыўшы, што ціск на яго ў калоніі не аказваецца, але гутаркі праводзяць.
Спадарыня Ірына распавяла, што вельмі сумуе па мужу і маральна ёй вельмі цяжка. Перадаць жа наступную перадачу палітвязьню ёй дазволена будзе толькі пасля 24 кастрычніка. “Такія ў іх парадкі. А калі будзе наступнае спатканне – невядома”, – адзначыла жонка палітвязьня.
Як ёй распавёў сам Валадар Цурпанаў, разам з ім у калоніі знаходзіцца яшчэ адзін палітзняволены магілёвец – Уладзімір Шустаў, які быў асуджаны Ленінскім судом Магілёва да трох гадоў пазбаўлення волі нібыта за гвалт у адносінах да супрацоўніка міліцыі Аляксандра Шмаенкова падчас разгона сілавікамі мірных грамадзян 10 жніўня 2020 года каля кінатэатра “Радзіма”. Прысуд вынесла суддзя Алена Літвіна, якая знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза.
Таксама разам з гэтымі двума магілёўскімі палітзняволеннымі ў Віцьбе знаходзіцца фігурант справы лялек, прозвішча якога спадарыня Ірына, нажаль, не запомніла. Нагадаем, увосень 2020 года некалькі магілёўцаў вырабілі шэсць роставых лялек з “цынічнымі надпісамі і выявамі вышэйшых службовых асоб, размесцілі іх на пуцепровадах каля вёсак Вільчыцы і Любуж, сфатаграфавалі і распаўсюдзілі здымкі ў сетцы”.
Як раней паведамлялася, 4 чэрвеня 2021 года Валадару Цурпанаву прызначылі два гады калоніі агульнага рэжыму. Да гэтага ён быў пакараны трыма гады “хіміі”.
Падставай да крымінальнага пераследу актывіста, прысуджанага да абмежавання волі, сталі дысцыплінарныя спагнанні за парушэнне ўнутранага парадку (арт. 415 КК РБ) падчас адбыцця пакарання ў ВУАТ №46 у Круглым.
Па сутнасці Цурпанаў быў пакараны за тое, што ляжаў і сядзеў на ложку ў несанкцыянаваны час, яго спальнае месца не было заслана належным чынам, а яго асабістыя рэчы ляжалі на прыложкавай тумбачцы.
Сяргей Вяршынаў