Галоўны рэдактар нашага інтэрнэт-выдання Зміцер Салаўёў быў беспадстаўна затрыманы і беспадстаўна асуджаны да сямі сутак арышту. Рэдакцыя “Магілёўскага рэгіёну” пратэстуе супраць пераследу журналіста за яго прафесійную дзейнасць і патрабуе яго найхутчэйшага вызвалення.
Змітра Салаўёва затрымалі 23 верасня каля 11:30 у уласнай кватэры. Два дні ён правёў у ізалятары часовага ўтрымання, пасля чаго 25 верасня быў асуджаны за нібыта ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі (ч.1 арт.23.34 КаАП).
Насамрэч галоўны рэдактар нашага выдання прысутнічаў на мірнай масавай акцыі выключна як журналіст, і здымаў яе ход на відэа. Ён выконваў журналісцкую працу і ніякім чынам не быў удзельнікам масавага мерапрыемства. Аднак, нягледзячы на гэтыя аргументаваныя сцвярджэнні, суддзя суда Ленінскага раёна Магілёва Алена Літвіна пакарала Змітра Салаўёва сям’ю суткамі адміністрацыйнага арышту.
Журналісты “Магілёўскага рэгіёну” выказваюць свой пратэст супраць неабгрунтаванага прыцягнення нашага галоўнага рэдактара да адміністрацыйнай адказнасці. Яго міліцэйскі і судовы пераслед сведчыць аб пераследзе свабоднага журналіста за прафесійную дзейнасць.
Мы патрабуем неадкладнага вызвалення Змітра Салаўёва і прынясення яму прабачэнняў за незаконныя дзеянні міліцыі і суда!
Калектыў рэдакцыі інтэрнэт-выдання “Магілёўскі рэгіён”