Галоўная » Магілёўскі журналіст і праваабаронца Аляксандр Буракоў (малодшы) выйшаў на волю

Магілёўскі журналіст і праваабаронца Аляксандр Буракоў (малодшы) выйшаў на волю

Пасля адбыцця пакарання 25 мая з Магілёўскага ІЧУ выйшаў на волю журналіст і праваабаронца Аляксандр Буракоў (малодшы).

Суддзя суда Ленінскага раёна Магілёва Ірына Ланчава 15 мая прызнала Аляксандра Буракова (малодшага) вінаватым па арт. 23.34 КаАП. Журналіст нібыта ўдзельнічаў у акцыі 6 мая пад магілёўскім ІЧУ, і за гэта яму далі 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

Пасля свайго вызвалення А. Буракоў зазначыў, што ён па-ранейшаму плануе займацца сваёй журналісцкай і праваабарончай дзейнасцю. Журналіст пажартаваў, што раз яго за гэта затрымліваюць і арыштоўваюць, значыць, сваю справу ён робіць добра.

Таксама А. Буракоў адзначыў добрае стаўленне з боку супрацоўнікаў ІЧУ, увесь час свайго знаходжання ў ізалятары ён знаходзіўся ў адзіночнай камеры, шмат чытаў. Аляксандр падзякаваў праваабаронцаў і журналістаў за салідарнасць, сказаў, што да яго даходзілі паштоўкі і газеты, перадачы ад родных, і яму нават было крыху ніякавата ад такой вялікай увагі.

Сустракалі А.Буракова каля ІЧУ ў Магілёве каля паўтара дзесятка праваабаронцаў, журналістаў і сваякоў. Праваабаронца Барыс Бухель адразу ж прапанаваў Аляксандру далучыцца да актыўнай працы, аднак журналіст папрасіў усе ж даць яму адпачыць і прывесці сябе ў парадак хаця б адзін-два дні.

Аляксандр Буракоў (малодшы) з’яўляецца журналістам магілёўскага праваабарончага рэсурсу mspring.online. У якасці журналіста гэтага інтэрнэт-сайта ён актыўна ўдзельнічаў ў асвятленні падзей, якія мелі месца ў Магілёве 5-6 мая, і былі звязаны з прыездам у горад вядомага блогера Сяргея Ціханоўскага.

Відэа: Яўген Глушкоў

Тэкст і фота: Іван Барысаў