У Магілёве дзве новыя вуліцы зноў названы ў гонар вайскоўцаў Канстанціна Уладзімірава і Міхаіла Мяцельскага. Усе прапанаваныя жыхарамі горада назвы былі адкінуты гарадскімі ўладамі без тлумачэнняў, нават нягледзячы на тое, што адпаведна іх рашэнню ў супрацьлеглых канцах Магілёва цяпер вуліца і завулак будуць названы ў гонар аднаго і таго ж чалавека. Гэта мала таго, што выкліча блытаніну, так яшчэ і супярэчыць прынцыпам найменавання геаграфічных аб’ектаў.
Магілёўскім гарадскім Саветам дэпутатаў прынята рашэнне аб прысваенні найменняў новым элементам вулічна-дарожнай сеткі горада Магілёва, размешчаным у квартале індывідуальнай жылой забудовы ў раёне вуліц Аграрная мікрараёна Казіміраўка. Адна вуліца названа імем Канстанціна Уладзімірава, а другая – Міхаіла Мяцельскага. Абодва ўдзельнічалі ў абароне Магілёва ў 1941 года.
Па факце мы маем справу з грубым ігнараваннем думак нашых гараджан. У ходзе грамадскага абмеркавання, якое дарэчы было абвешчана самімі ўладамі, магілёўцы выказалі ў друку, у тым ліку на нашым сайце і ютубканале самыя разнастайныя прапановы. Былі прапанаваны імёны вялікіх навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў з Магілёва. Напрыклад, пачынальніка беларускага руху ў Магілёве – Міхаіла Кахановіча, слыннага этнографа Магілёўшчыны Івана Насевіча і г.д. Найбольш, як нам падалося, жыхары мікрараёна выказваліся за прывязку вуліц да мясцовых геаграфічных аб’ектаў. Падабалася ім, у прыватнасці, мірная і паэтычная назва “Казіміраўскі Гай”.
Была выказана і прапанова назваць вуліцу жаночым імем, бо амаль усе патранімічныя назвы ў горадзе мужчынскія. Была нават падабрана кандыдатура Праскоўі Дзярыба, якая ў гады гітлераўскай акупацыі выратавала ад галоднай смерці сотні ваеннапалонных Лупалаўскага канцлагера.
Але ўсё гэта аказалася марнай справай. Абраны зноў мужчыны, якія ўдзельнічалі ў абарончых баях у ліпені 1941 года: Міхаіл Мяцельскі і Канстанцін Уладзіміраў. Апошні на чале міліцэйскага батальёна прыкрываў паўночныя подступы да горада: на рубяжы вёсак Пашкава і Гаі і загінуў у гэтым баі. У Магілёве маецца мемарыял героя, вялікі завулак (рэальна вуліца) у раёне вакзала. Навошта мець дзве вуліцы Уладзімірава ў адным горадзе? Да таго ж, гэта натуральна выклікае праблемы з лагістыкай, бо дзве вуліцы размешчаны ў супрацьлеглых раёнах горада, што будзе выклікаць блытаніну.
Як мы ўжо пісалі ў ранейшых публікацыях, магілёўская тапаніміка перанасычана ваеннымі назвамі. У Магілёве на сённяшні дзень асобам і падзеям звязаным з Вялікай Айчыннай вайной прысвечаны назвы шостай часткі ўсіх вуліц, а сярод галоўных вуліц і плошчаў горада – пятай часткі. Кожны другі помнік і памятны знак горада звязаны таксама з падзеямі апошняй вайны. Няўжо ў гісторыі Магілёва няма іншых тэм, акрамя Вялікай Айчыннай вайны?
Пытанні гэтыя рытарычныя. Новы склад тапанімічнай камісіі падтрымаў, а Савет дэпутатаў ухваліў недарэчнае рашэнне, якое не ўлічвае думкі гараджан.
Застаецца толькі адно пытанне: Навошта было імітаваць грамадскае абмеркаванне?
Тася Лемон