Магілёўскія свабодныя журналісты Аліна Скрабунова і Аляксандр Сідарэўскі накіравалі скаргі ў Камітэт па правах чалавека (КПЧ) ААН. Раней яны былі пакараныя штрафамі за збор і распаўсюд інформацыі. Беларускія ўлады лічаць такія дзеянні супрацьзаконным, нягледзячы на тое, што такое права грамадзянам дае Канстытуцыя РБ і ратыфікаваныя нашай краінай міжнародныя дамоўленасці.
Яшчэ 19 сакавіка 2020 года Скрабунову і Сідарэўскага суддзі суда Ленінскага раёна Магілёва, адпаведна Аксана Ратнікава і Алена Літвіна, прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ і прысудзілі ім штрафы па 50 базавых велічынь (па 1350 рублёў). Падставай такога судовага рашэння сталі міліцэйскія пратаколы, згодна якіх Скрабунова размаўляла 20 лютага 2020 года з грамадскімі актывістамі пад відэазапіс, які вёў Сідарэўскі. Потым гэтыя кадры з’явіліся ў эфіры польскага тэлеканала “Белсат”.
Спачатку Ленінскі, а потым і Магілёўскі абласны суд палічылі, што журналісты працавалі на замежнае СМІ, не маючы акрэдытацыі ў Міністэрстве замежных спраў. І хоць такая праца без акрэдытацыі забаронена, ніякай санкцыі за данае парушэнне беларускае заканадаўства не предугледжвае. Больш таго, даказаць, што Скрабунова і Сідарэўскі маюць нейкія працоўныя адносіны з рэдакцыяй “Белсата”, ні міліцыя, ні суды не змаглі. А менавіта наяўнасць працоўных адносін, замацаваных дакументальна, дазваляюць лічыць Скрабунову і Сідарэўскага журналістамі замежнага СМІ. Тым не менш гэта не перашкодзіла прыцягнуць свабодных журналістаў да адміністрацыйнай адказнасці.
У сваіх скаргах у КПЧ Скрабунова і Сідарэўскі адзначалі, што як свабодныя журналісты (журналісты-фрылансеры), яны зацікаўлены ў тым, каб атрыманая імі інфармацыя выкарыстоўваліся як мага большай колькасцю СМІ. У сваю чаргу права на атрыманне, захоўванне i распаўсюд поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi аб дзейнасцi дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным i мiжнародным жыццi, стане навакольнага асяроддзя ім, як грамадзянам РБ, гарантуе арт.34 Канстытуцыі Беларусі. То бок, у распаўсюдзе атрыманай імі інфармацыі яны не толькі не павінна ніяк абмяжоўвацца, але і дзяржаўныя органы павінны стаяць на варце іх права атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю.
“У сваю чаргу нормы Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах з’яўляюцца часткай прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь і могуць і павінны былі прымяняцца пры разглядзе канкрэтнай справы. Судам неабходна пры вынясенні рашэння кіравацца прыярытэтам агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і выканання дзяржавай сваіх абавязацельстваў па міжнароднаму дагавору”, – гаворыцца ў скаргах журналістаў, якія сцвярджаюць, што забараніўшы ім збіраць і распаўсюджваць інфармацыю, беларускі суд парушыў іх асноўнае (канстытуцыйнае) права на свабоднае выказванне меркаванняў. Гэта ў сваю чаргу супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах – міжнароднай дамове Рэспублікі Беларусь, якая падлягае непасрэднаму прымяненню.
Паводле заваротаў журналістаў, Ленінскі райсуд і Магілёўскі аблсуд не толькі парушылі канстутыцыйнае права грамадзян Беларусі на свабодны збор і распаўсюд інфармацыі, але і не прывялі ніякіх аргументаў, якія б абгрунтоўвалі абмежаванне данага права ў дачыненні да Скрабуновай і Сідарэўскага. Больш таго, суддзя Магілёўскага аблсуда Сяргей Каралёў, разглядаючы скаргу Сідарэўскага, сказіў сутнасць п.1 арт.1 закона РБ «Аб СМІ», у якім указваецца, што “Акрэдытацыя журналіста сродку масавай інфармацыі – пацвярджэнне права журналiста сродку масавай iнфармацыi асвятляць мерапрыемствы, якія арганізуюцца дзяржаўнымі органамі, палітычнымі партыямі, іншымі грамадскімі аб’яднаннямі, іншымі юрыдычнымі асобамі, а таксама іншыя падзеі, якія адбываюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і за яе межамі”.
Паводле Каралёва, правам асвятляць падзеі, якія адбываюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і за яе межамі «валодае толькі журналіст сродку масавай інфармацыі, які мае акрэдытацыю». “У п.1 арт.1, як і ў іншых артыкулах закона «Аб СМІ» няма гаворкі пра якое-небудзь выключнае права журналістаў СМІ на асвятленне падзей, якія адбываюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і за яе межамі”, – піша ў сваёй скарзе ў КПЧ Аляксандр Сідарэўскі.
Журналісты просяць міжнародных юрыстаў разгледзіць даныя скаргі на прадмет парушэння ўладамі Рэспублікі Беларусь правоў, гарантаваных арт. 19 у сукупнасці з арт. 2 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Таксама Скрабунова і Сідарэўскі хочуць, каб КПЧ рэкамендаваў ураду РБ адмяніць пастановы суда Ленінскага раёна Магілёва аб прыцягненні іх да адказнасці, пакрыць ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку штрафы і дзяржаўную пошліну, выплачаную імі пры абскарджанні гэтых пастаноў у Магілёўскім абласным судзе.
Уладзімір Лапцэвіч