Старшыня Магілёўскага ТБМ Алег Дзьячкоў 27 чэрвеня патэлефанаваў на “прамую тэлефонную лінію” старшыні Магілёўскага аблвыканкама Леаніду Зайцу. Актывіст задаў Л.Зайцу некалькі пытанняў і ўнёс канкрэтныя прапановы па захаванню гісторыка-культурнай спадчыны ў Магілёўскай вобласці.
Пра гэта Алег Дзьячкоў паведаміў у сваім фэйсбуку.
“Толькі што званіў на прамую лінію старшыні Магілёўскага аблвыканкама Леаніду Канстанцінавічу Зайцу.
Выказаў некалькі прапаноў і пытанняў:
- Праз месяц 27 ліпеня будзе адзначацца 30-годдзе абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь. З гэтай нагоды прапанаваў правесці ў Магілёве і раённых цэнтрах вобласці ўрачыстыя канцэрты на свежым паветры.
- Прапанаваў на Замкавай гары ў парку М. Горкага ўсталяваць помнік Народнаму паэту Янке Купалу, які прысвяціў нашаму гораду паэму ‘Магіла льва’.
- Прасіў захаваць старажытны будынак па адрасе завулак Камуністычны 10, які збіраюцца ‘вмонтіровать’ у сучасны шматпавярховік і пакінуць толькі фасад. Выказаў пажаданне, каб захавалі ўвесь будынак. І адзначыў, што, на вялікі жаль, у нашым старажытным горадзе штогод знікаюць гістарычныя артэфакты: пару год таму некуды знік дарэвалюцыйны люк на тэрыторыі першасавецкай бальніцы, спілавалі 200-сотгадовы вяз у гістарычным цэнтры…
- Нагадаў, што 21 сакавіка гэтага года ўжо была прамая лінія, дзе я задаваў пытане і пра касцёл у Княжыцах 18 ст., які знаходзіцца ў аварыйным стане. Але, на вялікі жаль, пісьмовага адказу за сакавік няма і ў грамадскасці складаецца ўражанне, што праблемы нацыянальнай культуры нашых чыноўнікаў не хвалююць!!!
Леанід Канстанцінавіч сказаў, што праблемамі нацыянальнай культуры ён і чыноўнікі таксама займаюцца і пісьмовы адказ мне будзе дасланы”.
Пазней ў каментары А.Дзьячкоў удакладніў :
“Толькі што пазванілі з аблвыканкама з Аддзела па звароту грамадзян і сказалі, што адказ мне ў красавіку даслалі. Я сказаў, што падайду на наступным тыдні і папрасіў копію мне раздрукаваць. магчыма, што нейкі тэхнічны збой”.