Галоўная » Магілёвец: „Ксенія Ўрублеўская зь Ленінскага суду дала мне 9 сутак“

Магілёвец: „Ксенія Ўрублеўская зь Ленінскага суду дала мне 9 сутак“

Давід Гавейновіч, 24 гады, Магілёў:

„9 жніўня ўвечары вяртаўся з працы зь дзяўчынаю па пешаходнай вуліцы. Сустрэтыя амапаўцы параілі ісьці адтуль, бо далей, казалі яны, «людзей забіраюць». Збочылі ў адзін з двароў, каб прайсьці на прыпынак. Раптам пачулі воклічы: «Жыве Беларусь!» — і празь нейкі час на нас выскачылі зь дзясятак экіпіяваных міліцыянтаў без апазнавальных знакаў, у шаломах. Мы кінуліся наўцёкі. Яны за намі. Бегучы, крычалі «Падлюга», «Хадзі сюды, жывёла», «Чаму крычаў?».

Мяне дагналі. Білі на вачах у маёй дзяўчыны. Яна потым расказала, як тое адбывалася. Я запомніў толькі, як заламалі рукі, павалілі, выцялі дручком па носе ды пайшла кроў (дагэтуль шорты ў крыві ляжаць). А затым па галаве. Са словаў дзяўчыны, потым білі нагамі па рэбрах, бо я прыкрываў галаву. Пабіўшы, паставілі на ногі.

Завялі ў аўтазак і кінулі спачатку ў аднамясцовую камэру. Але, паколькі ў мяне прыроджаны парок сэрца і была апэрацыя, то мне стала блага. Пачаў грукаць у дзьверы і патрабаваць, каб мяне адпусьцілі. Перасадзілі ў іншую камэру, на пяцёх. Пры гэтым сказалі, каб я не прыдурваўся.

Аўтазак напоўнілі хлопцамі і дзяўчатамі і прывезьлі ў Ленінскі аддзел міліцыі. Там мне стала яшчэ горш. Адняліся рукі, іх наагул не адчуваў, ня мог нават паварушыць. Мне далі нейкую пігулку, ад якой стала лягчэй.

Затрыманых сабралі ў спартовай залі. Забралі тэлефоны і праглядалі іх. У маім разьбілі камэру, каб не здымаў. Калі ўладальнік быў падпісаны на «Нехта», «Белсат», «Голас», то пакідалі ў аддзеле. У каго такіх падпісак не было, адпускалі. Я быў падпісаны на ўсё. Адпраўляў бюлетэнь за Ціханоўскую. Да 7 раніцы наступнага дня нас пратрымалі ў «малпоўні». Пасадзілі ў аўтазакі, каб весьці ў ізалятар, але пратрымалі ў іх яшчэ гадзіны тры.

У самім ізалятары мы правялі таксама гадзіны тры. Нам не давалі тэлефанаваць родным. Рэчы ўсе забралі. Потым зноў завялі ў аўтазак і завезьлі ў турму №4. Для нас у ёй вызвалілі цэлы паверх. У турэмнікаў стаўленьне да нас было нармальным.

У ізалятары я казаў аб праблемах з сэрцам (стаіць штучны кляпан). Мне давалі толькі валідол (пэрыядычна яго сам прымаю, і мне дапамагае), і ўсё. Са мною сядзеў хлопец-астматык. Яму двойчы давалі пігулкі, і ён хадзіў трое сутак з чырвоным тварам. Яму прысудзілі 30 базавых і выпусьцілі.

На трэція суткі ў мяне быў суд. Нас усіх паставілі ў калідоры тварам да сьцяны. З кабінэта судзьдзі выходзіў нейкі начальнік і казаў: хто прызнае віну, таму даюць 6 ці 7 сутак, а калі не, то 15.

Судзіла мяне судзьдзя Ленінскага суду Ксенія Ўрублеўская. Віны я не прызнаў. Тлумачыў, як мяне затрымлівалі. Сказаў, што ішоў з працы зь дзяўчынаю і мяне пабілі. На маю заяву пра сэрца суд не зьвярнуў увагі. Мне далі 9 сутак. На пятыя суткі ўсіх адпусьцілі.

Я ўжо абскардзіў пастанову судзьдзі Ўрублеўскай і напісаў скаргу ў Сьледчы камітэт наконт зьбіваньня і пашкоджаньня тэлефона. Пабоі зьняць не пасьпеў, але сфатаграфаваў іх. Пашкоджаньні былі на локці, калені, носе, бачыне. На рэбрах, пакуль сядзеў, сінякі сышлі.

Сама сытуацыя, у якой я пабываў, жахлівая. Міліцыя павінна берагчы нас. Яны створаныя, каб бараніць простых грамадзян. Але тое, што яны тварылі, гэта як іх з ланцуга спусьцілі. Калі мяне выпусьцілі, я пабачыў, што рабілі на Акрэсьціна. Гэта жахліва, і так не павінна быць“.

Фота: Радыё Свабода

Крыніца: Радыё Свабода