Галоўная » Магілёвец: “У міліцыі цкавалі гамафобнымі выказваньнямі“

Магілёвец: “У міліцыі цкавалі гамафобнымі выказваньнямі“

Канстанцін Чарноў, 26 гадоў, Магілёў:

„Затрымалі мяне 9 жніўня а палове на 12-ю ночы ў цэнтры гораду, на плошчы Арджанікідзэ. Сытуацыя тады ў горадзе была жахлівай, бо АМАП літаральна паляваў на людзей. Мы нават тэлефанавалі ў міліцыю і пыталіся, дзе можна хадзіць, каб нас не забралі. У міліцыі на гэта кідалі слухаўку.

Я зь сябрам мэтанакіравана прыйшоў у цэнтар гораду, каб выказаць сваё стаўленьне да пабачаных пасьля выбараў працэнтаў. Ніхто не чакаў, што настолькі нахабна людзям плюнуць у твар.

У кампаніі знаёмых стаяў на прыпынку, каб ехаць дамоў, калі з буса выскачылі людзі ў чорным. Мы кінуліся наўцёкі. Я забег у двор і думаў, што за мною ніхто не бяжыць. І раптам яны. Ударылі некалькі разоў у твар. Падсечкай павалілі і малацілі дручкамі. Білі па рэбрах, дзе меней за ўсё застаецца сінякоў. Дагэтуль рэбры баляць і ляжаць балюча.

Забралі ў аўтазак. У ім было чалавек дванаццаць. Прывезьлі ў Ленінскі аддзел міліцыі, але там чарга вялікая з аўтазакаў. Павезьлі ў ізалятар. Тыя, хто нас пільнаваў у аўтазаку, былі з крымінальнага вышуку. Казалі, што іх ноччу прымусілі гэтым займацца і яны тут ні пры чым.

У ізалятары прабылі гадзінаў зь пяць. Зноў павезьлі ў аддзел. Завялі ў спартовую залю. Афармляючы, усяляк правакавалі, маўляў, хто перамог на выбарах. Самы трэш пачаўся, калі знайшлі ў маіх рэчах стыкеры ініцыятывы «Новыя рэгіёны» (гуртуе людзей ЛГБТ+). Пачалі цкаваць гамафобнымі выказваньнямі. Супрацоўнік, які абшукваў, расказваў калегам, хто я. Усё гэта псыхалягічна прыгнятала. Калі афармлялі пратакол, то віны я не прызнаў.

У аддзел прыехаў супрацоўнік ізалятара і заявіў, што мяне ня возьме праз праблемы са здароўем. Я прымаю прэпараты ад астмы і антыдэпрэсанты. У аддзеле я прабыў 8 гадзінаў. Быў на мяжы нэрвовага зрыву, бо ўвесь гэты час бачыў адных міліцыянтаў. Ад іх даведаўся, што а 16 гадзіне яны выяжджаюць «паляваць на людзей». Урэшце сам папрасіўся ў ізалятар, бо на той момант псыхалягічна быў выматаны.

Тры дні прабыў у камэры турмы №4 (ізалятар арандаваў у ёй 180 месцаў, бо ў самім не было куды садзіць затрыманых). Як вялі па турме, было жахліва. Канваіры пастаянна крычалі, наганялі страху. Адчуваў сябе тэрарыстам ці забойцам. Але абыходзіліся з намі па-людзку і нават на прагулку вадзілі.

У камэры былі 16 чалавек, усе забраныя падчас зачыстак у горадзе. Мы падтрымлівалі адзін аднаго. Прэпаратаў мне ніхто не прывёз, таму я адчуваў сябе кепска. Стрэсавая сытуацыя адбілася на самаадчуваньні.

Увечары 12 жніўня быў суд у ізалятары. Затрыманых выстраілі каля сьценкі. Заводзілі ў маленькі пакой да судзьдзі. Маю справу разглядала Алена Літвіна зь Ленінскага суду. Я спрабаваў ёй казаць пра адкрытасьць працэсу, права на адваката. Яна адказала, што трэба было з адвакатам ісьці на мітынгі. Упікнуў яе ў тым, што працэс адбываецца, як у 1937 годзе. Даводзіў ёй, што мне патрэбны лекі. Мне тады было дужа кепска. У мяне былі адны лекі, дык судзьдзя пералічыла пігулкі, каб даць мне столькі сутак, колькі іх. Урэшце прысудзіла штраф у 30 базавых велічыняў (810 рублёў) за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Яна прыгразіла: як яшчэ раз пападуся, то папярэдзіць ахову, каб да мяне было асаблівае стаўленьне.

Я быў адзіны ў камэры, каго аштрафавалі. У мяне была кніга, дык хлопцы напісалі ў яе нумары тэлефонаў, каб расказаў родзічам, што зь імі і што варта класьці ў перадачы. Старонкі з запісамі на выхадзе выдралі і выкінулі.

Маім бацькам не паведамілі, дзе я, бо ў дадзеных няправільна пазначылі мае ініцыялы. Бацькі абтэлефанавалі ізалятары ў райцэнтрах, куды затрыманых маглі вывезьці.

Я займаўся тайскім боксам, і бывала, што на занятках білі, але каб не нанесьці шкоды. А як затрымлівалі, дык супраць мяне ўчынілі бессэнсоўны гвалт, бо я ж не супраціўляўся. Цяжка было, калі цкавалі гамафобнымі выказваньнямі. Я не з палахлівых людзей, але тады было страшна, што могуць «прышыць» крыміналку. У турме было лягчэй. За тры дні, праведзеныя ў няволі, гэта было «самае прыемнае» месца“.

Крыніца: Радыё Свабода