Галоўная » Магілёвец: „Ваш бацька забіты. Цела шукайце каля «Арбату». Больш не тэлефануйце“

Магілёвец: „Ваш бацька забіты. Цела шукайце каля «Арбату». Больш не тэлефануйце“

Аляксандар Іванькоў, 39 гадоў, Магілёў:

„Першы раз мяне затрымалі 12 жніўня на праспэкце Пушкіна каля гандлёвага цэнтру «Арбат». У гэты дзень тут праходзіла акцыя пратэсту. Удзельнікі перасоўваліся з аднаго месца ў другое, скандуючы лёзунгі. На іх «палявалі» экіпіяваныя міліцыянты.

Я зь сябрам сядзеў на прыпынку, калі пратэст ужо разагналі. Падышлі міліцыянты і забралі нас у Кастрычніцкі аддзел міліцыі. Там у двары стаяла ўжо больш за сорак чалавек на расьцяжцы: тварам да сьцяны, рукі на ёй, а ногі шырока расстаўленыя.

Позна ўвечары патэлефанавала жонка і ёй адказаў амапавец: «Ваш муж забіты, шукайце цела каля «Арбату». Праз колькі часу пазваніла дачка і ёй той жа міліцыянт кажа: «Ваш бацька забіты, цела каля «Арбату» і больш сюды не тэлефануйце». Потым жонка і дачка расказалі, што ў іх была гістэрыка. Яны ня ведалі што рабіць, дзе шукаць маё цела.

У аддзеле мяне ня білі. Адтуль завезьлі ў ізалятар. У ім праседзеў двое з паловай сутак да суду. Прысудзілі за парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў 270 рублёў штрафу. Справу разглядала судзьдзя Краўчанка.

Другі раз затрымалі 25 жніўня, калі я адзін выйшаў зь бел-чырвона-белым сьцягам на мост, які непадалёк ад майго дому на праспэкце Дзімітрава. Пад’ехалі два супрацоўнікі ДАІ і запатрабавалі, каб паехаў зь імі для высьвятленьня асобы. Я адмовіўся. Паспрабавалі мяне круціць, але ня выйшла. Загадалі прыбраць «фашысцкі сьцяг». На гэта ім адказаў, што пад ім Лукашэнка ў 1994 годзе прысягаў на вернасьць народу і Канстытуцыі. Сьцяг пашыў сам і яго парвалі ў міліцыі. Мяне са сьцягам забралі амапаўцы ў свой аўтобус.

У ім паклалі між сядзеньнямі і пакуль везьлі ў Кастрычніцкі аддзел міліцыі, білі, прыгаворваючы, што гэта «за патрыятызм». Зьбівалі ўтраіх нагамі: па баках, сьпіне, галаве. У самім аддзеле фізычнага ўзьдзеяньня не было.

У ізалятары трое сутак не кармілі. У камэры ежу давалі ўсім, акрамя мяне. Пасьцельнай бялізны не выдавалі. Спаў на засцаным матрацы.

28 жніўня асудзілі на 5 сутак за незаконнае пікетаваньне і толькі тады далі вячэру. Імя судзьдзі ня памятаю. Гэта была пажылая жанчына. Справу разглядалі праз скайп. Якасьць трансьляцыі была кепскай. Я мала што чуў з таго, што судзьдзя гаварыла.

29 жніўня на сайце абласной міліцыі зьявіўся відэаролік і паведамленьне, у якім пра мяне гаворыцца, што я вывесіў сьцяг і «візуальна знаходзіўся ў стане алькагольнага ап’яненьня». На той момант мае родзічы ня ведалі, куды я падзеўся. Усё, што можна было, абтэлефанавалі і зьвярталіся да праваабаронцаў. Міліцыя вымушаная была адрэагаваць на маё зьнікненьне. У яе матэрыялах мяне выставілі крымінальнікам, каб паказаць, што ў пратэстах удзельнічаюць грамадзяне з сумнеўным мінулым. Дык няўжо такія, як я, ня маюць права выказваць сваё меркаваньне пра падзеі ў іх на радзіме.

Пакуль быў у ізалятары, пабоі загаіліся і цяпер ледзь бачныя. Баліць лапатка, бо яе выкруцілі амапаўцы, калі заносілі ў аўтобус, бо я ж супраціўляўся. Буду пісаць у Сьледчы камітэт і патрабаваць пакараньня вінаватых у перавышэньні службовых паўнамоцтваў.

Тое, што са мною адбылося — проста зьдзек з чалавечай годнасьці. Міліцыі цяпер усё дазволена, а мы бяспраўныя“.

 

Гісторыя магілёўца-інваліда Драздова

Андрэй Драздоў, 36 гадоў, інвалід 3 групы, Магілёў:

„12 жніўня з прыяцелем чакаў тралейбус на праспэкце Пушкіна. Гэта было пасьля 10-й вечара. Людзей было няшмат і раптам адключалася асьвятленьне. Пад’ехаў аўтобус, зь якога выскачыла некалькі дзясяткаў людзей у чорным. Яны хапалі ўсіх, хто трапляўся ім пад руку, забягалі ў двары і кідалі людзей у аўтазак, які пад’ехаў за аўтобусам.

На прыпынку разам з намі стаяла чалавек зь пяць і нас таксама ў аўтазак. Амапаўцы кінуліся былі мяне круціць, але я іх папярэдзіў, што інвалід і зь імі бегаць ня здолею. Яны супакоіліся і дапамаглі залезьці ў аўтазак. Праўда, забралі, тэлефон.

У Кастрычніцкім аддзеле міліцыі спачатку ўсё нармальна было. Падчас вобшуку запыталі пароль ад тэлефона, я сказаў. Чамусьці аформілі як удзельніка несанкцыянаванага мітынгу, на якім я нешта крычаў. Міліцыянт з прозьвішчам Цярэнцій, які афармляў пратакол, напісаў, што сам бачыў мяне на мітынгу. Мне ён падаўся адэкватным чалавекам. Мне дазволілі сядзець, як інваліду. Іншыя затрыманыя стаялі.

Потым у кабінэт ускочыў мужчына 40-45 гадоў, дужага целаскладу зь відэакамэрай. Некалькі разоў ударыў па маіх нагах, схапіў за куртку, парваў яе і сьцягнуў мяне на падлогу. Усё гэта здымаў на камэру. Крычаў, каб я назваў сябе і дадаў: «Хочаш, каб цябе ў ж..пу вы…лі». Пазьней я даведаўся ад іншых затрыманых, што гэты мужчына бегаў да ўсіх з камэрай і кожнага біў.

Міліцыянты, якія сядзелі ў кабінэце, сярод іх была жанчына, ніяк не адрэагавалі на зьбіцьцё і прыніжэньне. Была цішыня, нібыта, так і мелася быць.

Па афармленьні дакумэнтаў я гадзіны паўтары чакаў у аўтазаку, пакуль яго напоўняць, каб везьці ў ізалятар.

У ізалятары, калі ўбачылі пасьведчаньне інваліда, запыталіся пра маё самаадчуваньне. Я сказаў, што яно нармальнае. Прабыў у ізалятары двое сутак. Туды прыяжджала судзьдзя Краўчанка. Сваёй віны не прызнаў, бо таго, што мне інкрымінавалі, не ўчыняў. Па твары судзьдзі было бачна, што такіх гісторыяў, як мая, яна начулася шмат. Сказала, што пакараны штрафам 270 рублёў і ўсё. Суд быў нядоўгім.

Як вызваліўся, паехаў фатаграфаваць справу, дык яна не была пранумараваныя і прашнураваная і пасьля маёй заўвагі ўсё гэта за 20 хвілінаў зрабілі. Напісаў скаргу на факт зьбіваньня і парванай курткі ў Сьледчы камітэт. У аддзеле міліцыі праводзілі сьледчы экспэрымэнт, але там не захацелі адчыняць кабінэты. Супрацоўнік, які меўся гэта зрабіць, некуды раптоўна зьехаў.

У маім разуменьні тое, што са мною адбылося, гэта беззаконьне. Міліцыянтам было загадана зьверху так абыходзіцца зь людзьмі, каб запалохаць іх. Гэта і было зроблена. І дагэтуль працягваюць хапаць на вуліцах“.

Фота: Радыё Свабода

Крыніца: Радыё Свабода