Белгідрамет назваў беларускія гарады з самым брудным паветрам. Сярод іх і Магілёў
Паводле кіраўніцы службы экалагічнай інфармацыі Белгідрамета Алены Багадзяж, гаворка ідзе пра перыядычныя пагаршэнні стану паветра ў гэтых месцах, а не сталае забруджванне.
— У 2018 годзе якасць паветра заставалася стабільна добрай, за выключэннем шэрагу праблемных раёнаў у такіх гарадах як Мінск, Жлобін, Гомель, Магілёў і Наваполацк, у якіх назіраецца перавышэнне асноўных забруджвальных рэчываў, такіх як азота дыяксід, азота аксід, а таксама цвёрдых часціц. У асноўным гэтыя перавышэнні фіксаваліся ў перыяды без ападкаў, а таксама ў неспрыяльны перыяд для рассейвання забруджвальных рэчываў.
Летась магутнасць дозы гама-выпраменьванняў па краіне заставалася стабільнай, за выключэннем зоны, пацярпелай ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Але і там падвышаныя значэнні ўзроўню магутнасці дозы гама-выпраменьвання не перавышалі шматгадовы фон.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя