Галоўная » Магілёўцы ўшанавалі памяць ахвяр Халакосту

Магілёўцы ўшанавалі памяць ахвяр Халакосту

27 студзеня магілёўцы ўшанавалі памяць ахвяраў Халакосту. Прадстаўнікі габрэйскіх суполак і рэлігійных канфесій правялі памятную цырымонію ля памятнага знака магілёўскаму гета: узгадалі тыя жахлівыя падзеі, прачыталі вершы і малітвы, запалілі свечкі.
 
Менавіта гэты дзень адзначаецца як “Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакоста”. Ён быў устаноўлены Генеральнай Асамблеяй ААН у 2005 годзе і прымеркаваны да даты вызвалення ў 1945 годзе савецкімі войскамі вязняў нацысцкага лагера смерці Аўшвіц, ахвярамі якога за гады вайны  сталі каля 1,4 мільёна чалавек, з якіх 1,1 мільёна – габрэі.
 
Пад час Халакосту, па розных падліках, загінула прыкладна 12 тысяч магілёўскіх габрэяў. А ўсяго да вайны, у адпаведнасці з перапісам насельніцтва 1939 году, у Магілёве жыло 19 715 габрэяў – амаль 20% ад агульнай колькасці жыхароў гораду. Ад самага пачатку акупацыі нацысты перасялялі габрэяў у асобныя раёны і тэрыторыі, а ў верасні 1941 году гета перанеслі на набярэжную ракі Дубравенка ў межах ад Быхаўскага рынка да вуліцы Віленскай (цяпер Лазарэнка). На месцы ўвахода ў гета – каля абласной філармоніі, 12 лістапада 2008 года быў адкрыты памятны знак “У памяць аб габрэях Магілёва – ахвярах нацызму”. 
Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара.