Валерый Малашка доўгі час жыў у Магілёве, таму павінен зразумець магілёўцаў, ўпэўненыя ў ініцыятыве «За здаровы Магілёў».
Некалькі дзясяткаў чалавек запатрабавалі сустрэчы з міністрам аховы здароўя Валерыем Малашкай.
– У лістападзе 2018 года паўднёвыя наваколлі Магілёва і Магілёўскага раёна былі засыпаны чорнай сажай ў выніку пробнага пуску прадпрыемства ЗТАА «Омск Карбон Магілёў». Для прыцягнення да адказнасці вінаватых, былі накіраваны калектыўныя звароты ў розныя дзяржаўныя органы, – паведаміў Андрэй Бодзілеў.
Паводле яго інфармацыі, 25 студзеня ў сельскі савет прыбылі прадстаўнікі прадпрыемства ЗТАА «Омск Карбон Магілёў», але на гэтую сустрэчу многіх пацярпелых не дапусцілі.
– Санітарны лекар г. Магілёва ў сваім адказе паведаміў, што ён перадаў інфармацыю пра забруджванне ў сельскі савет, але гэтая інфармацыя была схаваная ад насельніцтва, – упэўнены Бодзілеў.
На яго думку, дагэтуль кіраўнікі прадпрыемства і дзяржаўныя служачыя адмаўляюцца даць праўдзівую інфармацыю пра прычыны забруджвання жылых дамоў прадуктамі дзейнасці прадпрыемства і чаму вінаватыя не панеслі пакаранне.
– Пацярпелыя, у тым ліку дзеці, пасля гэтага выкіду адчуваюць хваравіты стан дыхальных шляхоў, але многія дзяржаўныя служачыя адмаўляюцца прызнаць сам факт гэтага забруджвання, – абураны актывіст.
Ён сабраў некалькі дзясяткаў подпісаў, каб з жыхарамі Магілёва і жыхарамі пацярпелых раёнаў сустрэўся міністр аховы здароўя Валерый Малашка, які доўгі час займаў пасаду намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама.
– Мы хочам высветліць, чаму бяздзейнічаюць органы дзяржаўнай улады і санітарных службаў, – растлумачыў Бодзілеў.
Такія ж паведамленні былі разасланыя генеральнаму пракурору і міністру эканомікі. Пад кожным з паведамленняў сабралі 30 подпісаў.
Ігар Лазоўскі
Крыніца: mspring.online