Каля сотні прыхільнікаў беларушчыны прыйшлі 12 студзеня, каб адзначыць 30 гадавіну дзейнасці Магілёўскіх абласной і гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы (ТБМ) імя Францыска Скарыны.
Як адзначыў кіраўнік гарадской арганізацыі ТБМ Алег Дзячкоў, які быў вядучым на святкаванні, 30 гадоў магілёўскай суполцы споўнілася ў снежні 2019 года. Паводле філолага, былога старшыні абласной арганізацыі Яраслава Клімуця, 19 снежня 1989 года адбылася ўстноўчая канферэнцыя рэгіянальнай арганізацыі, якую ён разам з іншымі рупліўцамі беларушчыны ладзіў ужо як сябра аргкамітэта па стварэнні ТБМ.
«Тады прыходзілася пераадольваць многа перашкод. Асноўнае – што нельга было дамовіцца з месцам правядзення сходу. Пакуль не прыйшоў ліст з ЦК кампартыі, што трэба не стрымліваць, а садзейнічаць. Пра гэта нашым камуністам напомнілі маскоўскія камуністы. Тады мы ўжо здолелі і правесці канферэнцыю», – успомніў былы старшыня.
Цяперашні старшыня абласной арганізацыі Міхась Булавацкі нагадаў, што намаганнямі тбм-аўцаў у Магілёве штогод праходзіць «Беларускае пяціборства» – інтэлектуальнае спаборніцтва па пяці дысцыплінах. Сёлета яно мае адбыцца ўжо 18-ы раз.
Пра тое, што менавіта мова ёсць вельмі важным чыннікам у існванні нацыянальнай дзяржавы казаў і былы старшыня ТБМ Алег Трусаў – гісторык, які родам з Мсціслава. «Магілёўцы і мсціслаўцы ніколі не паміралі на сваёй лаўцы. Мы заўсёды былі фарпостам супраць Залатой арды і спадкаемцаў Залатой арды, якія не раз хадзілі на нашу зямлю і зноў хочуць прыйсці», – казаў навуковец і грамадскі дзеяч.
Ён узгадаў, што некалькі гадоў таму ў Мсціславе знайшлі парэшткі рыцара, які абараняў Мсціслаў у самым пачатку 16-га стагоддзя. «Адкрылі ўрачыста помнік. Але там быў яшчэ меч. І гэты меч чорныя капальнікі скралі, вывезлі ў Расію, але магілёўцы выкупілі гэты меч і ён зноў вернецца ў Магілёў», – паведаміў Трусаў удзельнікам сустрэчы. Дарэчы, прэзентацыя мяча намечана на 15 студзеня ў Музеі гісторыі Магілёва.
Сярод тых, хто прыйшоў павіншаваць магілёўскую арганізацыю з юбілеем былі прадстаўнікі украінскай і яўрэйскай дыяспары. Генадзь Гузій ад украінцаў Магілёва падараваў тбм-аўцам некалькі кніг, адзначыўшы, што мова – гэта сэрца нацыі, а Аляксей Каплан ад Магілёўскай яўрэйскай абшчыны – насценны дыванок з выявай Марка Шагала. У сваім віншавальным слове Каплан нагадаў прысутным пра іўрыт, які доўгі час быў кніжнай мовай, але намаганнямі такіх рупліўцаў як Эліэзэр Бэн-Егуда, які нарадзіўся ў 1858 годзе ў Беларусі, мае цяпер трывалыя пазіцыі сярод нашых сучаснікаў.
Старшыня ТБМ імя Ф.Скрыны Алена Анісім, віншуючы магілёўцаў адзначала: «Тое, што ў ТБМ-аўскай хаце ідзе парадак, відаць па ўсім. А тое, што ў магілёўскай арганізацыі ёсць парадак, відаць кожнаму, хто мае вочы. Бо дастаткова только зазірнуць у Вайбер і адразу даведаешся пра ўсе справы, ініцыятывы, праекты, ідэі і г.д.». Паводле Анісім, магілёўская арганізацыя жывая, жвавая, энергічная і не жыве толькі тымі здзяйсненнямі, што адбываліся на працягу 30 год, але і вылучае новыя ідэі.
«Незабывайма, што справа нашай незалежнасці застаецца ў нашых руках. І нездарма мы ездзілі ўсе разам з розных гарадоў Беларусі на перапахаванне Кастуся Каліноўскага. Дзяржава нас туды не пасылала, але мы ведаем, дзе нам трэба быць і без розных там кіраўнікоў», – сказала госця з Мінску.
Яна пажадала, каб «наша ўлада была нашай не толькі па крыві, па месцы нараджэння, але нашай па духу». Алена Анісім нагадала пра Кангрэс за незалежнасць, які мае адбыцца 15 сакавіка, які ў дзяржаўным календары святаў пазначаны як Дзень Канстытуцыі.
Падчас віншаванняў Алег Дзячкоў уручыў граматы шэрагу актывістаў. Прагучалі песні, быў арганізаваны святочны стол, а таксама беларускія народныя танцы.
Фота: Алесь Сабалеўскі
Уладзімір Лапцэвіч