Магілёўская суполка грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў” запрашае на прэзентацыю чарговага нумара літаратурна-мастацкага альманаха “Брама”.
Выданне ахоплівае вельмі шырокі жанравы і тэматычны дыяпазон, рэпрэзентуе аўтараў самых розных пакаленняў — ад пачаткоўцаў да старэйшын рэгіянальнага друку. У чарговым нумары размешчаны творы 26 аўтараў, і, па традыцыі, многія з іх самі пачытаюць нешта са сваіх твораў на прэзентацыі. Пад час сустрэчы можна будзе больш даведацца пра нашых магілёўскіх літаратараў, пра іх творчасць, набыць новую “Браму” і атрымаць памятныя аўтографы ад аўтараў.
“Брама” – штогадовае выданне магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў” (незалежны пісьменніцкі саюз, які існуе паралельна з “афіцыйным” аб’яднаннем СПБ). Альманах быў заснаваны ў 2013 годзе, і новы нумар за 2017 год – ужо пяты па ліку.
Прэзентацыя “Брамы-2017” адбудзецца ў чацвер, 14 чэрвеня, у грамадскім цэнтры Кола (зав. Чкалава, 16).