У Магілёўскім абласным судзе 6 лютага адбыўся разгляд скаргі дрыбінскага актывіста Андрэя Юркова на пастанову суда Дрыбінскага раёна па адміністрацыйнай справе за распаўсюд экстрэмісцкай сімволікі паводле ч.2 арт.17.11 КаАП.
Нагадаем, што 23 снежня суд Дрыбінскага раёна пакараў штрафам у 10 базавых велічынь (255 рублёў) Андрэя Юркова за эмодзі “сумую” ў сацыяльнай сетцы “Одноклассники”.
Суддзя Барыс Пігаль палічыў, што паставіўшы значок “сумую” пад ілюстрацыяй, дзе параўноўваліся савецкі і нацысцкі рэжымы, Андрэй Юркоў распаўсюдзіў экстрэмісцкую сімволіку і такім чынам здзейсніў адміністрацыйнае правапарушэнне. На ілюстрацыі ў “Одноклассниках” утрымліваліся выявы савецкай і нацысцкай сімволікі, пасля таго, як актывіст націснуў “сумую”, дзякуючы алгарытму сацыяльнай сеткі допіс аўтаматычна з’явіўся на яго старонцы.
Сам Юркоў сцвярджаў, што ён не меў ніякага намеру распаўсюджваць чужы пост, а з дапамогай дыслайка выказваў негатыўнае стаўленне да нацысцкага і савецкага рэжымаў.
Андрэй ЮркоўУ сваім выступе ў Магілёўскім абласным судзе Андрэй Юркоў звярнуў увагу на тры факты, – на тое, што малюнак, пад якім ён паставіў значок “сумую”, не ўваходзіць у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў Міністэрства інфармацыі РБ; на тое, што, паставіўшы значок, ён не меў намеру здзейсніць нейкія злачынныя супрацьпраўныя дзеянні; а таксама на тое, што Канстытуцыя і беларускае заканадаўства дае яму права сумаваць і выказваць сваё асабістае негатыўнае стаўленне да нацысцкай і савецкай сімволікі.
Юркоў звярнуўся да абласнога суда з просьбай адмяніць пастанову суда Дрыбінскага раёна і спыніць адміністрацыйную справу ў адносінах да яго.
Суддзя Магілёўскага абласнога суда Аляксандр Іванкоў, заслухаўшы довады А. Юркова і кіруючыся п.3 ч.1 арт 12.9 ПВКоАП РБ, прыняў рашэнне адмяніць пастанову суддзі Барыса Пігаля аб пакаранні А. Юркова штрафам у памеры 10 базавых велічынь, і накіраваў адміністрацыйную справу ў адносінах актывіста ў суд Дрыбінскага раёна на новы разгляд другому суддзі.
Копія рашэння суддзі А. Іванкова на працягу трох дзён будзе выслана Андрэю Юркову і ў суд Дрыбінскага раёна.
Падтрымаць А. Юркова ў абласны суд прыйшлі паўтара дзесятка грамадскіх актывістаў з Магілёва.
Сяргей Семяновіч