Галоўная » Магілёўскі актывіст, паплечнік Статкевіча, заявіў, што яго збілі за «прыналежнасць да апазіцыі»

Магілёўскі актывіст, паплечнік Статкевіча, заявіў, што яго збілі за «прыналежнасць да апазіцыі»

Дзмітрый Астапаў расказаў, што двое незнаёмых людзей збілі яго з-за майкі з «Пагоняй», а міліцыя не хоча ва ўсім гэтым разбірацца, паведамляе mspring.online.

Дзмітрый Астапаў, 24 гады, 31 кастрычніка прыехаў у госці да бацькоў, якія жывуць на вуліцы Астроўскага ў Магілёве. Увечары ён выйшаў пакурыць на вуліцу, калі да яго, паводле ягоных слоў, падышлі двое невядомых людзей.

– Перад пад’ездам было вельмі цёмна, я не заўважыў іх спачатку. На мне была майка з нацыянальнай сімволікай – бел-чырвона-белым сцягам і «Пагоняй». Неяк яны падышлі да мяне, спыталі, ці апазіцыянер я. Калі я адказаў станоўча і запытаўся, у чым праблема, адзін з іх паспрабаваў мяне стукнуць, але не атрымалася. Я пачаў уцякаць, але мяне павалілі і пачалі збіваць удваіх. Я закрычаў, яны паспяшаліся збегчы. Напрыканцы адзін з іх заявіў, што наступны раз можа быць апошнім, – распавёў Астапаў MSPRING.ONLINE.

Паводле яго слоў, гэты напад можа быць спланаваным – ён не верыць, што у 2019 годзе чалавека могуць без прычыны збіць у Беларусі за палітычныя погляды. Астапаў ужо каля года ўваходзіць у аргкамітэт па стварэнні БСДП (Народная грамада), арганізацыю апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча. Ён дапускае, што напад – гэта спроба сілавікоў запалохаць яго.

Дзмітрый спачатку не звяртаўся па медыцынскую дапамогу – кажа, што спачатку з-за псіхалагічнага ўзрушэння не звяртаў увагі на боль. Аднак за некалькі дзён болі ў тэле ўзмацніліся і 3 лістапада ён вырашыў праверыцца ў траўмапункце.

– Лекары пачалі задаваць пытанні, як я атрымаў такія траўмы – яны дыягнаставалі удар грудной клеткі злева, левай паяснічнай вобласці. Я адказаў, як і за што мяне збілі. Лекар па прозвішчы Грудзін пачаў усміхацца з гэтага, пасля чаго выклікаў міліцыю па факце нанясення мне цялесных пашкоджанняў.

Па словах Астапава, яго забралі двое супрацоўнікаў міліцыі на грамадзянскім аўто, пасля чаго адвезлі ў Кастрычніцкі РАУС Магілёва. Там яго, аднак, не зарэгістравалі, не адабралі тэлефон, а правялі ўнутр праз вароты паркоўкі. На працягу некалькіх гадзін, як сцвярджае прыхільнік Статкевіча, з ім напераменку размаўлялі некалькі супрацоўнікаў міліцыі.

– Яны прама казалі, што маю справу ніхто расследаваць не будзе, што пісаць заяву мне няма сэнсу. Абражалі, смяяліся. Мае паказанні яны не запісвалі, самі не прадстаўляліся, – заявіў Астапаў.

Паводле яго слоў, толькі калі ён цвёрда даў зразумець, што будзе пісаць заяву, у РАУС прыехала старэйшы следчы Вольга Башарымава з Магілёўскага міжраённага аддзела Следчага камітэта. Яна зафіксавала паказанні Дзмітрыя Астапава:

– Увесь гэты час супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС былі ў кабінеце, здзекаваліся над апазіцыяй і маёй дзейнасцю. Яны не прадстаўляліся, акрамя Башарымавай, хоць я іх прасіў. Потым мяне павезлі на апазнанне – паказалі некалькі тысяч асоб з базы дадзеных злачынцаў і правапарушальнікаў. Я нікога не пазнаў.

Астапаў лічыць, што супрацоўнікі міліцыі і Следчага камітэта спрабуюць замяць справу. Ён кажа, што не былі прагледжаныя вонкавыя камеры відэаназірання, якія размяшчаюцца недалёка ад месца збіцця, а таксама не быў складзены фотаробат тых, хто нападаў.

Судмедэкспертыза пацвердзіла факт збіцця Астапава. У дадзены момант ён чакае, калі будзе скончана праверка і спадзяецца, што Следчы камітэт узбудзіць крымінальную справу.

Таксама ён упэўнены, што сілавікі працягваюць ціснуць на яго, толькі ўжо маральна – па словах Астапава, на працягу некалькіх дзён за ім сачылі з шэрага аўто, якое яму ўдалося сфатаграфаваць.

З-за інцыдэнту, як сцвярджае Дзмітрый, ён страціў працу. Да гэтага ён працаваў у якасці афіцыянта на круізных лайнерах на сезонных работах у ЗША. Калі ён паведаміў працадаўцу аб фізічных траўмах, з ім разарвалі кантракт.

Фота з сайта mspring.online