Галоўная » Магілёўскі апазіцыйны актывіст пакараны штрафам за ўдзел у мірнай акцыі

Магілёўскі апазіцыйны актывіст пакараны штрафам за ўдзел у мірнай акцыі

Суд Ленінскага раёна Магілёва 20 лютага пакараў штрафам у 810 рублей актывіста апазіцыі Станіслава Паўлінковіча за ўдзел у мінскай мірнай акцыі ў абарону беларускай незалежнасці. Раней суд у Мінску ў таямніце ад яго аштрафаваў маладога чалавека па аналагічным абвінавачванні.

Як распавёў “Магілёўскаму рэгіёну” Станіслаў Паўлінковіч, ён быў аштрафаваны за ўдзел у мінскай акцыі, што праходзіла 20-21 снежня. Яна была несанкцыянаваная, але мірная і прымеркаваная да перамоў кіраўнікоў Беларусі і Расіі, дзе, па мяркаванні неабыякавых беларусаў, магла ісці размова аб здачы Маскве беларускай краіны.

“Чаканае рашэнне. Ціск з мэтай адбіць у людзей усялякае жаданне выходзіць на мітынгі. Пацверджанне таго, што ўлада ў краіне антыбеларуская”, – пракаментаваў судовы вырак апазіцыянер.

Паводле Паўлінковіча, 19 лютага, калі яму ў Ленінскім РАУС уручалі позву ў суд, ён даведаўся, што суд у Мінску яшчэ 26 снежня 2019 года аштрафаваў яго на 637 рублёў. Прычым пасяджэнне адбылося ў таямніцы ад Паўлінковіча. Тым разам апазіцыянеру ўмянілі ўдзел у аналагічных акцыях 7 і 8 снежня.

Малады чалавек не шкадуе ад праведзеных мітынгах і сваім удзеле ў іх. “Затое ўвесь свет убачыў, што нацыя ёсць. І калі б мы не выходзілі на гэтыя пяць мітынгаў, тады б увесь свет сцвярджаў, што беларусы самі жадаюць у Расію”, – адзначыў грамадскі актывіст.

Уладзімір Лапцэвіч