Суд Ленінскага раёна Магілёва 19 сакавіка разгледзіць адміністрацыйныя справы журналістаў-фрылансераў Аліны Скрабуновай і Аляксандра Сідарэўскага. Журналістаў абвінавачваюць у тым, што яны парушылі Закон “Аб сродках масавай інфармацыі”, зрабіўшы рэпартаж пра суд над грамадскім актывістам Станіславам Паўлінковічам 20 лютага.
Разглядаць адміністрацыйную справу Аліны Скрабуновай будзе суддзя Ратнікава, Аляксандра Сідарэўскага – суддзя Літвіна. Пачатак разгляду спраў абодвух журналістаў прызначаны на 15-00.
Рэпартаж быў паказаны на тэлеканале “Белсат” у праграме “Аб’ектыў”. На гэтай падставе супрацоўнікі міліцыі абвінавацілі журналістаў у працы на замежнае СМІ без акрэдытацыі. Цяпер Скрабуновай і Сідарэўскаму пагражае прыцягненне да адказнасці згодна ч. 2 арт. 22.9 КаАП РБ (незаконны выраб прадукцыі СМІ). Журналістаў могуць пакараць штрафам у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь.
Зусім нядаўна Скрабунова і Сідарэўскі ўжо прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці Кастрычніцкім райсудом Магілёва паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП. Суд пакараў іх штафамі ў памеры 50 і 20 базавых велічынь адпаведна за станоўчы рэпартаж пра юбілей Магілёўскага тралейбуснага парка. Журналісты абскардзілі рашэнні райсуда ў Магілёўскім абласным судзе.
Таксама 19-га сакавіка, але ўжо ў судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва, павінна была разглядацца адміністрацыйная справа яшчэ аднаго магілёўскага журналіста – Міхася Аршынскага. Яго затрымалі 12 сакавіка каля свайго дома ў Магілёве, прымусова завезлі ў Кастрычніцкі РАУС, дзе склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле артыкула 22.9 КаАП РБ. У віну Аршынскаму паставілі здымкі акцыі пратэсту супраць падвышэння коштаў на бензін, якая праходзіла 8 лютага ў Магілёве каля ГЦ «Е-сіці».
Журналісту выпісалі позву ў суд на 19 сакавіка, але ўчора прышло СМС-паведамленне з суда, што разгляд справы перанесены на 27 сакавіка.
Іван Барысаў