Галоўная » Магілёўскіх эка-актывістаў не дапусцілі да парламенцкіх выбараў

Магілёўскіх эка-актывістаў не дапусцілі да парламенцкіх выбараў

Акруговая выбарчая камісія не зарэгістравала Андрэя Бодзілева і Дзмітрыя Еўстратава кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, паведамляе mspring.online.

Каардынатар ініцыятывы «За здаровы Магілёў» Андрэй Бодзілеў, які патрабуе ад завода «Омск Карбон Магілёў» празрыстасці і выканання экалагічных нормаў, вылучаўся зборам подпісаў выбаршчыкаў. Яго калега Дзмітрый Еўстратаў вылучыўся ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Абодва ішлі ў парламент па Магілёўскай-Сельскай акрузе №88 – у яго ўваходзіць, у тым ліку, «Свабодная эканамічная зона Магілёў» (СЭЗ), дзе размясціліся адразу некалькі прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку «Омск Карбон». У межы акругі ўключылі таксама аграгарадкі Вейна і Навасёлкі, якія больш за ўсё пакутуюць ад суседства з СЭЗ.

17 кастрычніка акруговая выбарчая камісія (АВК) прыняла рашэння не рэгістраваць Еўстратава і Бодзілева ў якасці кандыдатаў. Старшыня АВК Валерый Яленскі распавёў, што абодва эка-актывіста дапусцілі прамашкі пры падачы дакументаў:

– Бодзілеў вылучаўся зборам подпісаў і паспеў іх здаць літаральна за пяць хвілін да канца патрэбнага часу. Ён сам усё разумее. Пры падліку камісія высветліла, што ён сабраў 901 подпіс. А трэба мінімум 1000, што аўтаматычна не дае нам права рэгістраваць яго як кандыдата ў дэпутаты, – выказаўся пра Бодзілева Яленскі.

У Дзмітрыя Еўстратава іншыя праблемы – па дадзеных выбарчай камісіі, ён пры вылучэнні не пазначыў, што яму належыць 100% долі статутнага капіталу сялянска-фермерскай гаспадаркі «Паўлаўскае-агра”, што з’яўляецца значным парушэннем.

Еўстратаў, які прысутнічаў на паседжанні АВК, у сваю абарону сказаў, што «Паўлаўскае-агра» ужо некалькі гадоў не ажыццяўляе гаспадарчай дзейнасці і не мае бухгалтэрыі:

– Проста яно не закрытае афіцыйна, але фактычна самой гаспадаркі ўжо няма, як і самога статутнага капіталу, – адзначыў Еўстратаў.

Камісію гэта не пераканала – Еўстратаву ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты адмовілі. Эка-актывіст рашэнне АВК не абскарджваў.