Галоўная » Магілёўскія бажаўцы накіравалі звароты з асуджэннем метадаў дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў

Магілёўскія бажаўцы накіравалі звароты з асуджэннем метадаў дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў

Магілёўскія сябры ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 23 траўня накіравалі калектыўныя звароты на адрас Магілёўскага аблвыканкама, Магілёўскага гарвыканкама і УУС аблвыканкама.

У зваротах бажаўцы выказалі свой пратэст на факт неабгрунтаванага жорсткага абыходжання з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў падчас затрымання магілёўскай журналісткі Аліны Скрабуновай.

21 траўня 2018 года была з гвалтам затрыманая і дастаўленая ў Ленінскі аддзел міліцыі магілёўская журналістка-фрылансер Аліна Скрабунова. Ёй удалося зняць тое, што з ёй адбывалася, на камеру мабільнага тэлефона. Як вынікае з запісу, затрымлівалі журналістку людзі ў цывільным. Яны не патлумачылі, чым выклікана такая форма зняволення і не назваліся. Аўтамабіль, на якім двое мужчын прыехалі па Скрабунову, быў не службовы. Магілёўскія журналісты лічаць, што ўсё гэта нагадвае «выкраданне» чалавека, а не яго «законнае затрыманне».

Далейшае развіццё сітуацыі паказала, што гвалт у дачыненні да журналісткі быў арганізаваны толькі для таго, каб у Ленінскім аддзеле міліцыі ёй уручылі позву на 23 мая.

“Мы, сябры грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» выказваем пратэст на факт неабгрунтавана жорсткага абыходжання з нашай калегай. Мы разглядаем метад, абраны міліцыяй для яе затрымання, як спробу запалохаць журналісцкую супольнасць, і лічым неабходным заявіць, што гэта недапушчальна для прававой, дэмакратычнай краіны. Падобнае абыходжанне з журналісткай не спрыяе росту аўтарытэту органаў міліцыі ў грамадстве”, — напісалі ў сваіх зваротах магілёўскія бажаўцы.

Журналісты просяць, каб мясцовыя органы ўлады і УУС Магілёўскага аблвыканкама патлумачылі, чым была выклікана неабходнасць гвалтоўнага затрымання Скрабуновай. Таксама яны патрабуюць, каб былі прыцягнутыя да адказнасці тыя асобы, якія прымалі рашэнне аб сілавым затрыманні журналісткі Аліны Скрабуновай і яго выконвалі. Бажаўцы патрабуюць недапушчэння паўтарэння падобных дзеянняў з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў у далейшым.

23 траўня магілёўскія журналісты-фрылансеры Аліна Скрабунова і Яўген Глушкоў былі выкліканыя ў Ленінскі РАУС горада Магілёва. Там высветлілася, што ў дачыненні да іх распачатыя адразу дзве адміністрацыйныя справы — журналісты абвінавачваюцца ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ для спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”. Падставамі для адміністрацыйных спраў сталі два відэасюжэты на “Белсаце” ад 4 і 5 красавіка: пра высяленне людзей з дамоў па вуліцах Заслонава і Будаўнікоў у Магілёве, і пра самагубства ў Шклоўскім раёне кіраўніка аграхолдынга «Купалаўскае» Дзмітрыя Васілеўскага.

Аліна Скрабунова, Барыс Бухель і Яўген Глушкоў

Аліна Скрабунова падчас наведвання Ленінскага РАУС адразу ж зарэгістравала дзве скаргі на імя начальніка РАУС Аляксея Шчэрбакова. У скаргах журналістка распавяла пра незаконныя дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

“Першая скарга тычылася інцыдэнту на выходных, калі невядомыя людзі, якія назваліся супрацоўнікамі міліцыі, ламіліся ў кватэру, калі мяне там не было і апытвалі суседзяў наконт мяне. Другая скарга тычыцца затрымання мяне ў панядзелак 21 траўня. Тады я папярэдне размаўляла з участковым і мы дамовіліся, што ён ператэлефануе мне ў аўторак. Аднак мяне схапілі ў цёмным пад’ездзе, паводзілі сябе па-хамску, што ніяк не суадносіцца з дзеяннімі органаў правапарадку. Да таго ж я хачу даведацца, чаму другі чалавек, які затрымліваў мяне з участковым Марозавым, не назваў сябе”, — распавяла Аліна Скрабунова карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ”.

Па словах журналісткі, у аддзяленні міліцыі старэйшы ўчастковы інспектар Ленінскага РАУС Руслан Марозаў апытваў яе наконт паказанага на “Белсаце” відэасюжэта пра высяленне жыхароў дамоў у Магілёве. Нягледзячы на адмову Скрабуновай даваць нейкія сведчанні, быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Доказам віны журналісткі сталі паказанні сведак, якія нібыта апазналі яе на фотаздымку. Руслан Марозаў папярэдзіў Скрабунову, што 29 траўня ёй неабходна патэлефанаваць у Ленінскі райсуд Магілёва, бо ў гэты дзень магчымы разгляд яе адміністрацыйнай справы.

Таксама ў памяшканні Ленінскага РАУС журналістку хацеў апытаць намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Шклоўскага РАУС Віталь Бугаёў, якога цікавіў паказаны па “Белсаце” відэасюжэт пра самагубства кіраўніка аграхолдынга “Купалаўскае” Дзмітрыя Васілеўскага. Скрабунова адмовілася ад гутаркі з супрацоўнікам шклоўскай міліцыі, спаслаўшыся на дрэннае самаадчуванне. Ёй уручылі позву з’явіцца па гэтай справе ў Ленінскі РАУС у 10 гадзін раніцы 25 траўня.

На падставе гэтых жа двух відэасюжэтаў на “Белсаце” міліцыянты склалі два пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да магілёўскага журналіста-фрылансера, відэааператара Яўгена Глушкова.

Неабходна адзначыць, што маёр міліцыі Руслан Марозаў адмовіў у магчымасці прысутнічаць пры правядзенні апытання праваабаронцу Барысу Бухелю, якога Яўген Глушкоў заявіў ў якасці свайго прадстаўніка. Руслан Марозаў патлумачыў праваабаронцу, што ўся працэдура апытання Яўгена Глушкова зойме нібыта толькі 5-7 хвілін, насамрэч журналіста апытвалі ў Ленінскім РАУС больш за дзве гадзіны.

Паводле Яўгена Глушкова, і старэйшы ўчастковы інспектар Руслан Марозаў, і капітан Віталь Бугаёў паводзілі сябе пры правядзенні апытання і складанні пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні дастаткова карэктна. Глушкоў не пагадзіўся з напісаным у пратаколах і дадаў да іх цэлы шэраг заўваг і тлумачэнняў.

Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што адміністрацыйныя справы ў адносінах да журналістаў Аліны Скрабуновай і Яўгена Глушкова з’яўляюцца палітычна матываванымі. На думку праваабаронцы, журналісты не з’яўляюцца правапарушальнікамі, у іх дзеяннях адсутнічае склад правапарушэння, прадугледжаны ч. 2 арт. 22.9 КаАП, бо вырабляе прадукцыю СМІ рэдакцыя, а не канкрэтныя журналісты.

Крыніца: baj.by