Магілёвец Аляксей Паўлоўскі выйграў грамадзянскую справу ў судзе Кармянскага раёна Гомельскай вобласці ў прыватнага прадпрыемства «СаняМакс», у краме якога яму не выдалі бясплатны паліэтыленавы пакет.
Ілюстрацыйнае фотаПадзеі адбываліся у жніўні, калі Аляксей Паўлоўскі аднойчы купляў прадукты харчавання ў краме «Верасень» па вуліцы Іллюшчанка ў райцэнтры Карма. Набыўшы хлеб, малако і булачкі з макам, магілёвец звярнуў увагу на касавы чэк. Там, акрамя вышэй пазначаных тавараў, ён убачыў, што з яго ўзялі па дзве капейкі за тры пакеты, у якія былі запакаваны хлебабулачныя вырабы. Гэта непрыемна ўразіла пакупніка і ён запатрабаваў ад загадчыцы крамы вярнуць яму грошы за ўпакоўку, якая мусіць быць бясплатнай. Тая адмовілася. Тое ж самае адбылося і іншым разам, калі Паўлоўскі набыў булачку і з яго ўзялі дзве капейкі за пакет.
У выніку магілёвец звярнуўся ў мясцовы суд, і ўжо там выставіў патрабаванне да прадпрыемства «СаняМакс» – вярнуць восем капеек за ўпакоўку і выплаціць 500 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.
Паводле пастановы Мінгандлю №703 ад 2014 года, тавары, якія патрабуюць упакоўкі, а хлебабулачныя вырабы адносяцца менавіта да такіх, перадаюцца пакупніку без спагнання платы за ўпакоўку. Але адказчык і яго яго прадаўцы сцвярджалі, што даны тавар быў запакаваны ў платныя пакеты, пра што ў адпаведным месцы мелася інфармацыя. Бясплатныя пакеты, паводле супрацоўнікаў крамы, можна было ўзяць на касе. Такія довады былі прызнаны судом нявартымі.
У выніку «СаняМакс» быў прызнаны вінаватым у парушэнні беларускага заканадаўства і правоў спажыўцоў. У прадаўцоў крамы «Верасень» адсутнічалі якія-небудзь законныя падставы для спагнання платы за ўпакоўку, у якую былі ўпакаваныя хлебабулачныя вырабы, набытыя Паўлоўскім, высвятліў кармянскі суд. Такім чынам ён пагадзіўся з магілёўцам і пастанавіў спагнаць з прыватнага прадпрыемства «СаняМакс» восемь незаконна атрыманых капеек, а таксама кампенсаваць Паўлоўскаму маральную шкоду. Праўда, яе памер, паводле суда, мусіць быць 100 рублёў. Таксама «СаняМакс» абавязаны выплаціць дзяржаве пошліну ў памеры трох базавых велічынь (76 рублёў 50 капеек).
Як распавёў «Магілёўскаму рэгіёну» Аляксей Паўлоўскі, ён задаволены гэтым рашэннем суда Кармянскага раёна.
Уладзімір Лапцэвіч