Манета – гэта грашовы знак, які можа шмат чаго важнага паказаць і расказаць пра дзяржаву і працэсы ў ёй. Напрыклад, вазьміце ўсяго толькі дзве манеты Расійскай Федэрацыі: 1 рубель 1997 года і манету гэтага ж намінала толькі 2016 г. Калі паглядзець на рэверс манет, то ён аднолькавы, дзе прапісваецца намінал. А вось аверс у манет рознага года выпуска розны. Нават пры першым разглядзе грашовых знакаў розніца відавочная. На абодвух манетах аднолькавага намінала на аверсе расійскі герб (арол) выглядае па-рознаму. На аверсе манеты 1997 года выпуска размешчаны арол, які з’яўляецца афіцыйнай сімволікай Часовага ўраду, які аб’явіў Расійскую імперыю рэспублікай. Асаблівасць герба ў тым, што двухгаловы арол намаляваны без атрыбутаў царскай улады. Эмблема была зацверджана старшынёй Часовага ўраду князем Рыгорам Львовым і міністрам замежных спраў Паўлам Мілюковым. Такім чынам, эмблема новай дзяржавы нагадвала сабой двухгаловага арла Расійскай імперыі, аднак пазбаўленага дзяржаўна-манархічнай атрыбутыкі. Даволі вялікая розніца была ў тым, што крылы двухгаловага арла на гербе проста разведзены па баках. Гэтай сімволікай фактычна карысталася савецкая ўлада ў першы год свайго існавання. З двухгаловым арлом без манархічнай атрыбутыкі выйшлі першыя савецкія банкноты 1918 г.
У сучаснай Расійскай Федэрацыі, пасля распаду Савецкага Саюза, аналагічная эмблема стала афіцыйнай для Цэнтральнага банка РФ. Пачынаючы з 1992 года манеты розных наміналаў выходзілі менавіта з гербам былога Часовага ўраду. Манеты 1990-х гг. і ў прыватнасці грашовы знак наміналам 1 рубель 1997 года, канешне ж не паказальнік палітыкі расійскай кіруючай эліты і яе поглядаў на ўладкаванне дзяржавы, аднак ускосным адлюстраваннем пэўных працэсаў з’яўляецца дакладна. 1990-я гг. можа характарызавацца адноснай дэмакратызацыяй у расійскім грамадстве, нягледзячы на тое, што менавіта ў гэты час аднаўляліся імперскія замашкі, калі праводзіліся т зв. “чачэнскія” кампаніі. І гэта нягледзячы на тое, што народ Чачэнскай рэспублікі з поўным правам, згодна федэратыўнаму ўладкаванню дзяржавы, мог выйсці са складу РФ, аднак на практыцы ўсё адбывалася па-іншаму. Тым не менш адкрытай канфрантацыі з краінамі-суседзямі і дзяржавамі Заходняй Еўропы ў той час цяжка было ўявіць. У тыя часы практычна немагчыма было ўявіць ваенны канфлікт з Украінай, які праз пятнаццаць-дваццаць год стаў рэальнасцю. Мусіць выкарыстанне эмблематыкі Часовага ўраду на манетах адлюстроўвала адносна мірную знешнюю палітыку Расійскай Федэрацыі ў тыя часы. Грашовыя знакі розных наміналаў гэта добрае і яскравае пацверджанне прааналізаваных працэсаў.
Змена ж у 2016 годзе аверса манеты наміналам у 1 рубель (усе астатнія наміналы таксама) засведчыла размяшчэнне на іх дзяржаўнага герба Расійскай Федэрацыі. Г. зн. што двухгаловы арол Часовага ўрада на манетах быў заменены на герб царскай Расіі. Дзяржаўны герб Расійскай Федэрацыі цалкам капіруе сімволіку Расійскай імперыі, дзе арол у лапах трымае атрыбуты царкай улады (скіпетр, дзяржава), сам увянчаны двума малымі і адной вялікай каронамі, а яго крылы распушчаныя і паднятыя ўверх. Вобраз арла з распушчанымі крыламі падобны на драпежную жывёліну, якая ашчэрылася і гатовая да агрэсіўных дзеянняў. Гэтая, здаецца, непрыкметная падзея, на мой погляд, падвяла рысу ўсім дзеянням сучаснай палітычнай эліты РФ. Сёння агрэсіўная знешняя палітыка Расійскай Федэрацыі вельмі падобная на імперскую, якая практычна не прыкрываецца ніякай заслонай ці нават шырмай. Вайсковы канфлікт з Грузіяй, стварэнне т.зв. “народных рэспублік” на ўсходзе Украіны, націск на палітычныя колы Беларусі з мэтай дасягнуць большую інтэграцыю паміж “саюзнымі” дзяржавамі. Усё гэта можна расцэньваць як жаданне мець максімальны ўплыў на кожную незалежную (ці адносна незалежную) краіну-суседку, а пры добрай магчымасці і інкарпараваць новую тэрыторыю у склад федэратыўных рэспублік і аўтаномных акругаў, кіруючыся “гістарычным правам” на суседнія землі. Такім чынам, змены эмблематыкі манет у 2016 годзе падвяла тлустую рысу пад усімі імперскімі замашкамі і ваеннымі канфліктамі сённяшніх палітычных колаў Расійскай Федэрацыі.
З прыведзеных фактаў вынікае, што звычайныя манеты могуць з’яўляцца яскравай сімволікай ў разуменні сутнасці дзяржаўнай палітыкі ў пэўным сэнсе, бо змена эмблематыкі аверса манеты можа сведчыць і пра змену палітычнага курса, а дакладней пра ўзмацненне імперскіх амбіцый Расійскай Федэрацыяй, а таксама прэтэнзіі на ролю сусветнага гульца. Менавіта дэманстрацыя моцы праз ваенныя канфлікты (у тым ліку ў дачыненні да суседніх краін, як кажуць “Бей своих, чтоб чужие боялись”) павінна ілюстраваць веліч краіны, па меркаванню сучаснай палітычнай эліты Расіі.
Алесь Крыжэвіч