У Бялынічах надпіс на рэканструюемым да XXVII Дня беларускага пісьменства раённым музеі плануецца зрабіць на рускай мове. Прадастаўленае райвыканкамам фота праекта з выглядам музея пасля рэканструкцыі апублікавала газета “Зара над Друццю”.
На своеасаблівае “ноў-хаў” бялыніцкіх чыноўнікаў звянуў увагу журналіст “Магілёўскага рэгіёну” Барыс Вырвіч. Ён звязаўся з галоўным рэдактарам “Зары над Друццю” Міхасем Карпечанкам. М.Карпечанка адказаў, што нічога не ведае пра ініцыятыву чыноўнікаў, але пацвердзіў, што фота ў газету было прадастаўлена Бялыніцкім райвыканкамам.
13 сакавіка Б.Вырвіч накіраваў электронны зварот на імя старшыні Бялыніцкага райвыканкама Васілія Захаранкі. У звароце журналіст папрасіў галоўнага бялыніцкага начальніка патлумачыць, хто быў ініцыятарам такога “мастацкага аздаблення” раённага мастацкага музея імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі, назваўшы канкрэтныя прозвішчы. Таксама Вырвіч прапанаваў В.Захаранка перагледзець гэта “бязглуздае і недарэчнае рашэнне, унесці адпаведныя змены ў праект”.
“Мне асабіста абсалютна незразумела, які разумнік з узначальваемага Вамі райвыканкама дадумаўся прапанаваць на будынку, у якім адбываецца рэканструкцыя менавіта да XXVII Дня беларускага пісьменства, зрабіць рускамоўны надпіс. Большай непавагі да роднай мовы, да шматгадовай гісторыі Бялыніцкай зямлі ўявіць цяжка.
На вялікі жаль, складваецца ўражанне, што ў Бялыніцкім райвыканкаме працуюць манкурты, якія не паважаюць ні свой народ, ні яго духоўныя каштоўнасці”, – напісаў журналіст у звароце.
Зараз будынак музея амаль цалкам зруйнаваны, на яго месцы будуецца фактычна новы, больш сучасны і тэхналагічны.
У межах падрыхтоўкі да Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах разгарнулася маштабная рэканструкцыя. У прыватных гутарках і ў сацсетках бялынічане адзначаюць, што сродкі выдаткоўваюцца нерацыяльна, – рэканструкцыя праводзіцца на вуліцах Мічурына і Савецкай, якія і так знаходзяцца ў добрым стане. У гэты ж час нават у цэнтры горада ёсць вуліцы без асфальтавага пакрыцця.
Таксама бялынічане кажуць пра тое, што шмат добрых будаўнічых матэрыялаў з разбураемых аб’ектаў папросту “расцягваюцца”.
XXVІІ Дзень беларускага пісьменства пройдзе у Бялынічах у першую нядзелю верасня 2020 года. Вялікія змены чакаюць цэнтр горада. Вуліцы Савецкая і Мічурына, парк Ліпавы гай, гарадскі стадыён, раённы мастацкі музей імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі будуць значна рэканструяваны. У музеі будзе захоўвацца фрагмент фрэскі з Бялыніцкага манастыра. Рамонт з элементамі мадэрнізацыі чакае многія сацыяльныя аб’екты горада і жылыя дамы.
Ірына Беганкіна