Галоўная » Марыя Калесьнікава: рэакцыя грамадзтва на інаўгурацыю Лукашэнкі можа быць непрадказальнай

Марыя Калесьнікава: рэакцыя грамадзтва на інаўгурацыю Лукашэнкі можа быць непрадказальнай

Прадстаўніца Каардынацыйнай рады Марыя Калесьнікава не выключае вастрэйшай рэакцыі беларускага грамадзтва на афіцыйнае паведамленьне аб інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта.

«Трэба разумець, што ў Беларусі грамадзтва нагэтулькі не прызнае Лукашэнку і яго новы прэзыдэнцкі тэрмін, які ён сам сабе намаляваў, што прадбачыць, як большасьць адрэагуе нават на заяву аб інаўгурацыі, проста немагчыма», — сказала Марыя Калесьнікава ў інтэрвію ўкраінскаму выданьню lb.ua.

Паводле яе, пакуль Каардынацыйная рада ня мае пляну дзеяньняў на выпадак уступленьня Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта: «За месяц шмат што можа зьмяніцца. Тут варажыць няма сэнсу».

Марыя Калесьнікава мяркуе, што кадравыя зьмены, якія робіць Аляксандар Лукашэнка ў сілавых органах, сьведчаць аб расколе ў праваахоўных структурах:

«Вялікая колькасьць сілавікоў ужо пераходзіць на бок большасьці. Мы ведаем, што там абсалютны раскол».

У той жа час, паводле яе, кіраўніцтва сілавых органаў застаецца на бку Лукашэнкі, бо «многія зь іх вельмі баяцца за тыя злачынствы, якія яны ўчынілі»:

«І мы сапраўды лічым, што забойствам і катаваньням людзей ня месца ў трэцім тысячагодзьдзі ў цэнтры Эўропы. Яны павінны быць расьсьледаваныя паводле беларускіх законаў. Тыя людзі, якія ня хочуць сябе асацыяваць з гэтай крывёю і гэтым гвалтам, зараз робяць маральны выбар. Гэта вельмі цяжка. Мы гэта выдатна разумеем. Але трэба разумець таксама і тое, што большасьць зь іх да гэтага ня маюць дачыненьня. Тут ідзецца пра тое, што гэта дапаможа ім сябе засьцерагчы. Мы можам гэта толькі падтрымліваць, бо прысягу яны давалі не Лукашэнку, а беларускаму народу».

Алена Літвінава

Крыніца: Радыё Свабода