Бялыніцкая мастачка Ларыса Журавовіч стала пераможцам рэспубліканскага конкурсу на лепшы культурны праект патрыятычнай тэматыкі у намінацыі “Лепшы графічны твор патрыятычнай тэматыкі”.
Перамогай у конкурсе Ларыса Віктараўна была ўганараваная за серыю работ “Вяртанне”, паведаміла раённая газета “Зара над Друццю”. На сваіх палотнах гэтай серыі мастачка рэканструявала вобразы хрысціянскіх храмаў, якія раней дзейнічалі на тэрыторыі Бялыніцкага раёна. Серыя налічвае каля трыццаці карцін, над ёй мастачка працавала больш за паўтара года.
Міністэрства культуры аб’явіла конкурс на лепшы культурны праект патрыятычнай тэматыкі ў сакавіку 2021 года. Конкурс быў прысвечаны Году народнага адзінства і накіраваны на выяўленне, матэрыяльную падтрымку і папулярызацыю культурных праектаў патрыятычнай тэматыкі.
Культурныя праекты, прадстаўленыя ўдзельнікамі конкурсу, павінны былі адпавядаць пэўным патрабаванням – быць творамі мастацтва або культурнымі мерапрыемствамі, прысвечанымі гісторыі і культуры Беларусі, традыцыям, звычаям беларускага народа, важным падзеям сучаснага жыцця Беларусі, знакамітым суайчыннікам; быць упершыню публічна апублікаванымі з 1 студзеня 2020 года па 1 кастрычніка 2021 года; мець высокі прафесійны ўзровень; вызначацца наватарствам і арыгінальнасцю ў раскрыцці патрыятычнай тэматыкі; мець станоўчыя водзывы ў сродках масавай інфармацыі Беларусі і (або) замежных краін, уключаючы інтэрнэт-рэсурсы.
Ларыса Журавовіч нарадзілася ў 1965 годзе ў Бялынічах. Мастачка і зараз стала пражывае на сваёй малой радзіме.
Ларыса Віктараўна скончыла мастацкае аддзяленне Рэспубліканскай школы-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І. Ахрэмчыка (1983), аддзяленне графікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (1989). Вучылася ў творчых акадэмічных майстэрнях Беларусі (1994). Член БСМ (1993).
Працуе ў галіне станковай графікі (літаграфія, гуаш). З 1994 г. — выкладчык Бялыніцкай дзіцячай школы мастацтваў.
Галоўная тэма твораў — вясковы нацюрморт: “Нацюрморт з салам” (2008), “Нацюрморт з капустай” (2007), “Нацюрморт з лямпай” (2006). Піша партрэты блізкіх людзей: маці, бацькі, а таксама аўтапартрэты. У апошнія гады актыўна звяртаецца да пейзажа, які стаў крыніцай новых адчуванняў і перажыванняў: “У жніўні” (2004), “Вясновае неба” (2007).
Удзельнiк раённых, рэспублiканскiх i замежных выстаў. За цыкл афортаў “Восень. Зямля і людзі” на Усесаюзнай выставе дыпломных работ узнагароджана бронзавым медалём Акадэміі мастацтваў СССР (1989), у 2000 г.- памятным знакам “2000 гадоў хрысьціянства”; 2016 г.- нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”.
Удзельніца пленэраў, прысвечаных памяці В.К. Бялыніцкага-Бірулі (1997—2001). Лаўрэат прэміі “Чалавек года” Бялыніцкага раёна ў сферы культуры (2001). Узнагароджана дыпломам, медаллю і прэміяй імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі (2002). Аўтар герба і сцяга г. Бялынічы.
Работы знаходзяцца ў Бялыніцкім мастацкім музеі імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі, Магілёўскім музеі імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі, Магілёўскай карціннай галерэі імя П.В. Масленікава, Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (г. Мінск), Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, у прыватных зборах Польшчы, Вялікабрытаніі, Германіі, Швецыі, Швейцарыі, Аўстраліі.
Напярэдадні Дня беларускага пісьменства, які прайшоў у Бялынічах 6 верасня 2020 года, у выдавецтве «Беларусь» выйшаў мастацкі альбом «Ларыса Журавовіч».
З работамі таленавітай бялыніцкай мастачкі жыхары і госці Магілёва могуць азнаяміцца ў музеі В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве. Якраз зараз там праходзіць выстава яе твораў з новага праекта «Цёплая, халодная, с онечная, снежная…», у склад якога ўвайшлі выключна зімовыя краявіды і нацюрморты мастачкі.
Фота: mogilevnews.by
Вераніка Бялевіч