Галоўная » Мастацкая выстава пра Беларусь, якую не жадаюць бачыць чыноўнікі

Мастацкая выстава пра Беларусь, якую не жадаюць бачыць чыноўнікі

23 кастрычніка ў Магілёве прэзентавалі мастацкую выставу “100 гадоў барацьбы, гонару і годнасці”. У экспазіцыі прадстаўлены творы жывапісу з выставы “Код: 25.03.18”, што ўвесну 2018 года ладзілася  Беларускім саюзам мастакоў у мінскім Палацы мастацтваў. 

На выставе можна пабачыць працы мастакоў суполкі “Пагоня” розных стыляў жывапісу і графікі, але аб’ядноўвае іх тэма Беларусі – тут ёсць выявы адметных гістарычных будынкаў, краявіды і, безумоўна, вядомыя асобы – прадстаўнікі беларускага адраджэння. Усяго на выставе можна пабачыць больш за дваццаць работ аўтарства Міколы Купавы, Віктара Маркаўца, Мікалая Крукава, Міколы Рыжага, Віктара Мікіта і Людмілы Зарубінай. Акрамя мастацкіх твораў, экспазіцыю дапаўняюць вялікія постэры з фотапартрэтаў дзеячаў ураду БНР і беларускага нацыянальнага руху розных часоў – Вацлава Ластоўскага, Язэпа Лёсіка, Ларысы Геніюш і іншых.

Пад час прэзентацыі падрабязна распавёў пра ўсе акалічнасці, звязаныя як з самой суполкай “Пагоня”, так і непасрэдна з ідэяй і рэалізацыяй мастацкага праекту “100 гадоў барацьбы, гонару і годнасці” магілёўскі мастак Базыль Камароў. Ён жа зладзіў і невялічкую “экскурсію” па экспазіцыі. Больш падрабязныя звесткі пра перыяд БНР і ўвогуле пра гісторыю адраджэння нашае дзяржаўнасці на працягу гэтых 100 год, пра некаторых нацыянальных дзеячаў распавялі гісторыкі Ігар Пушкін і Аляксандр Агееў. Але зрабілі яны гэта не звычайным спосабам, а ў выглядзе гістарычнай віктарыны з цікавымі прызамі. Адзін з пачынальнікаў новага адраджэнскага руху канца 80-х пачатку 90-х гадоў Міхась Булавацкі дадаў крыху падрабязнасцяў пра найноўшы перыяд нашай гісторыі і яркіх асобаў гэтага часу.

Мастак Базыль Камароў Ігар Пушкін – беларускі гісторык, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, першы дырэктар Музэю гісторыі горада Магілёва (1992—2001) Сціслая лекцыя па гісторыі Аляксандр Агееў — гісторык, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін МДУ імя Куляшова Прыз для аднаго з пераможцаў віктарыны Гісторыю ў нас ведаюць людзі розных узростаў, нават такія юныя беларусы І яшчэ адзін пераможца Міхась Булавацкі – беларускамоўны настаўнік матэматыкі, паэт і публіцыст, грамадскі дзеяч, старшыня абласнога аддзялення Таварыства беларускай мовы імя Скарыны

Трэба дадаць, што першапачаткова планавалася зладзіць выставу ў адным з гарадскіх музеяў, але адказныя чыноўнікі зацягвалі час на бясконцыя ўзгадненні, таму экспазіцыю размясцілі ў адным з памяшканняў грамадскага цэнтру “Кола” па завулку Чкалава, 16. Пабачыць выставу можна пад час розных культурніцкіх і грамадскіх мерапрыемстваў, што кожны дзень адбываюцца ў гэтай утульнай і сяброўскай прасторы.  Выстава прабудзе ў Магілёве яшчэ некалькі дзён, пасля чаго пераедзе далей – у Гомель і Берасце.

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара