Што ёсць мастацтвам? Сто год назад ніхто не задаваўся такім пытаньнем. Было зразумела, што гэта спосаб адлюстраваньня рэчаіснасці, уменне ствараць ілюзію жывога жыцьця. Сёння так вызначаюць толькі рэалізм, мастацтва – якое засталося “ззаду” альбо складае толькі частку мастацкай ноасферы. Цяпер мастацтвам можа стаць любая рэч, выява ці …ідэя, якая трапіла ў “магнітнае поле” мастака, прыцягнула ягоную ўвагу ці запаліла “творчую іскру”. Стары ключ, падвешаны на нітцы. Стаптаны чобат, разрэзаны напалам і зьмешчаны ў раме. Піраміда, складзеная з соцен маленькіх пірамідак. Фотаздымкі голых целаў у зімовым лесе, аздобленыя яловымі лапкамі, навагодняй гірляндай і памінальнымі зьнічамі … Ці мастацтва гэта?
Ажурную белую піраміду можна лічыць увасабленьнем матэматычнай гармоніі і дасканаласьці чалавечага розуму, а можна — сымбалем аўтарытарызму (узгадайма фараонаў). Здымкі голых целаў на снезе – як алюзіяю на замярзаючых ля беларуска-польскай мяжы мігрантаў, а можна —як крохкасьць чалавечага лёсу перад сіламі бязлітаснай прыроды. Насамрэч, у новым пострэалістычным мастацтве ад мастака залежыць не так шмат, як ад …гледача. Бо на яго кладзецца асноўная “нагрузка”, ён—глядач— галоўная мэта і канчатковы “прадукт” мастацтва. Ён інтэрпрэтатар і спажывец, тое “дно”, ніжэй якога апусьцца ўжо немагчыма. Ён відавочца, суаўтар і саўдзельнік праекта, бо “вечныя” творы ўсё часцей ператвараюцца ў аднамаментныя акцыі, перфомансы, хутка знікаючыя інсталяцыі. Таму “патрабаваньні” да гледача сёньня не меньшыя, чым да мастака. Каб разумець сучаснае мастацтва, трэба прайсці пэўную эстэтычную эвалюцыю, якая ўключае ў сябе і школу старога рэалізму, і вопыт уласнага інтэлектуальнага жыцьця.
Мастацтва сёньня—гэта тое, што прыцягвае ўвагу, выклікае эмоцыі або прымушае задумацца. Вось такія думкі ўзьніклі ў мяне пасьля наведваньня арт-праета (акцыі?) маладых магілёўскіх і віцебскіх мастакоў “THRO”. Дарэчы, у мяне ёсць беларускі вольны пераклад гэтага таемнага ангельскага слова: “ТЫ ХТО?”, “ТХЛО”, альбо проста – “ТРОЛІ” … Вось такі атрымліваецца мастацкі тролінг.