Кампанія “Будзьма беларусамі!” распачынае праект “Маё права”, які пакліканы пашырыць веды пра свае правы ды магчымасці ў дзяцей малодшага школьнага ўзросту і падлеткаў.
Праблема неабароненасці новага пакалення ў нашай краіне выклікае трывогу. Сучасная беларуская моладзь часцяком банальна не толькі не ведае сваіх правоў, але і наогул слаба знаёмая з такім паняткам, як правы чалавека. І ў выпадках крытычных сітуацый нават не ведае, куды звярнуцца па дапамогу.
Праблема не выглядае надуманай. Паводле дадзеных ЮНІСЭФ у Беларусі, у нашай краіне 31% бацькоў усё яшчэ практыкуе фізічнае пакаранне альбо псіхалагічны ціск на дзяцей, а больш за 30% дзяцей ва ўзросце ад 10 да 18 гадоў падвяргаліся розным відам гвалту (псіхічны, фізічны, сэксуальны). Насцярожанасць выклікае і той факт, што нярэдка дзеці сутыкаюцца з такімі дзеяннямі з боку спецыялістаў, якія паводле сваіх пасадаў мусілі б займацца адваротным – абараняць і дапамагаць.
Разам з партнёрамі “Будзьма!” у межах праекта распачынае шырокую камунікацыйную кампанію, якая будзе складацца з культурніцкіх, асветніцкіх, дыскусійных і кансультацыйных мерапрыемстваў. А менавіта:
– правядзенне інтэрактыўных гульняў-спектакляў па асновах правоў чалавека для самых маленькіх;
– шэраг тэматычных артыкулаў на сайце budzma.by з каментарамі экспертаў і практычнымі парадамі;
– конкурс эсэ для школьнікаў;
– публічныя дыскусіі не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах;
– шэраг відэаролікаў з удзелам адмыслоўцаў, дзе будуць разбірацца канкрэтныя сітуацыі. Першы ролік пра тое, якім чынам вырашыць канфлікт паміж настаўнікам і вучнем ужо дасяжны для прагляду: