22 чэрвеня ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна на Віцебшчыне адбылася мемарыяльная імпрэза ў гонар пісьменніка Васіля Быкава, якую наведалі прыхільнікі яго творчасці са Шклова.
Удзельнікі мерапрыемства завіталі ў музей-сядзібу славутага пісьменніка, а потым на сядзібе, у якой калісці месцілася школа, дзе вучыўся хлапчук Васіль Быкаў адбылася імпрэза.
У гонар пісьменніка гучалі прамовы, вершы і музычныя творы. Сярод удзельнікаў імпрэзы адчувалася асаблівая натхнёнасць.
Гістарычная даведка: Васіль Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Памёр 22 чэрвеня 2003 года ў Бараўлянах. Вядомы як пісьменнік, публіцыст і грамадскі дзеяч. Большасць яго твораў – гэта аповесці пра Другую сусветную вайну, пра маральны выбар чалавека ў драматычныя моманты жыцця. У гонар пісьменніка створаны тры музеі – сядзіба-музей у Бычках, на радзіме пісьменніка, музей у Гародні, створаны намаганнямі пенсіянера, ветэрана вайны Мікалая Мельнікава і дача-музей пад Менскам у Ждановічах. Сядзіба-музей, які месціцца на радзіме Васіля Быкава, у невялікай вёсцы Бычкі, Ушацкага раёна Віцебскай вобласці, быў адкрыты ў гонар яго васьмідзесяцігадовага юбілею. Але яго экспазіцыя размешчаная не ў тым будынку, дзе менавіта нарадзіўся і жыў пісьменнік. Хата была вельмі лядашчая, таму яе разабралі. А на яе месцы пабудавалі новую, практычна дакладную копію той хаты, у якой жыў Быкаў. Ды і гістарычная дакладнасць выкананая ў поўнай меры. У доме прадстаўлены прадметы побыту пісьменніка і яго сям’і. На жаль, іх не так і шмат, але нават тое нямногае, што засталося, дазваляе адчуць атмасферу побыту грандыёзнай постаці ХХ стагоддзя, сапраўднага сына Беларусі – Васіля Быкава. У музеі можна пабачыць тагачасныя ложкі, калыску, некалькі табурэтаў, печ, калаўрот, гліняны посуд, кнігі, абраз маці Божай ды іншае. Па словах Антаніны Быкавай, удавы роднага брата Васіля Быкава і першай загадчыцы дзеючага сядзібы-музея ў Бычках, беларусы ніколі не забываюцца на свайго вядомага земляка.
Алесь Грудзіна. Фота аўтара