Галоўная » Мерапрыемствы да стагоддзя савецкай беларусізацыі ў Магілёве заўважыць будзе цяжка

Мерапрыемствы да стагоддзя савецкай беларусізацыі ў Магілёве заўважыць будзе цяжка

Нейкіх адмысловых мерапрыемстваў, выключна прымеркаваных да палітыкі беларусізацыі, што праводзілася ў БССР у 20-ыя гады мінулага стагоддзя, магілёўскія гарадскія ўлады ладзіць не збіраюцца.

Гэта вынікае з адказу намесніцы старшыні гарвыканкама на зварот круглага стала «З гісторыі ў будучыню», які адбыўся 26 снежня 2019 года. Яго ўдзельнікі прадстаўлялі Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, Магілёўскі абласны аддзел ГА “Беларускае геаграфічнае таварыства”, грамадскую ініцыятыву “Грамадскі магістрат Магілёва”, грамадскае аб’яднанне “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”, вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы горада.

Звяртаючыся да гарадскіх улад актывісты грамадскасці адзначалі, што, зважаючы на вопыт вельмі гучнага святкавання 100-годдзя УЛКСМ у 2018 годзе, яны хацелі б, каб у мерапрыемствах, прысвечаных беларусізацыі 20-х гадоў ХХ стагоддзя, якія можа арганізаваць Магілёўскі гарвыканкам, былі б агульнагарадскія выставы, інфармацыйныя гадзіны, тэатральныя пастаноўкі, паказы кінафільмаў, лекцыі гісторыкаў і культуролагаў. «Таксама раім размясціць вонкавую інфармацыю на білбордах у цэнтры горада, стварыць адмысловыя праграмы на абласным тэлебачанні, размясціць серыю артыкулаў аб беларусізацыі ў газеце «Веснік Магілёва» і на сайце гарвыканкама», – указвалася ў дакуменце.

Паводле адказу намесніцы старшыні Магілёўскага гарвыканкама Алы Галушкі, установы культуры горада правядуць цыкл нейкіх гістарычных і інфармацыйна асветніцкіх мерапрыемстваў; літаратурныя вечары творчасці Цішкі Гартнага, Язэпа Пушчы, Уладзіміра Дубоўкі, Кузьмы Чорнага; будуць вырабляцца абярэгі і абрадавыя лялькі; правядуць экскурсіі, кніжныя выставы на гістарычную тэматыку; моўны марафон; бібліяфэст да дня беларускай пісьменнасці; фальклорнае свята да Дня Рэспублікі.

У сваю чаргу ўстановы адукацыі наладзяць у сябе ў рамках прадметнага тыдня класныя і інфармацыйныя гадзіны, прысвечаныя беларусізацыі 20-х гадоў ХХ стагоддзя, пра што педагогам рэкамендуецца напісаць артыкулы для перыядычных выданняў Магілёва.

Таксама тэму палітыкі беларусізацыі будуць вывучаць, згодна навучальнай праграмы, вучні дзявятых і адзінаццатых класаў, дадаткова паведамляе Галушка.

Варта нагадаць, што да «стагоддзя» камсамола, які, як вядома, разам з СССР аказаўся на звалцы гісторыі і, натуральна, не дажыў да свайго гучна адзначанага юбілея, магілёўскія ўлады стваралі адмысловы аркамітэт па яго святкаванні. Сярод прымеркаваных да гэтага «свята» мерапрыемстваў: віншаванні ў грамадскім транспарце, шматлікія выставы, спартыўныя спаборніцтвы, моладзевы квэст, фестываль «Залатая пара», пасадка алеі, святочны канцэрт ў Палацы культуры вобласці і шмат чаго іншага.

Але, калі казаць па шчырасці, сёння, акрамя ўспамінаў, ад таго камуністычнага саюзу моладзі застаўся хіба што штучна створаны БРСМ, які фінансуецца за кошт падаткаплацельшчыкаў і не змагаецца за перамогу камуністычнай ідэі.

Што ж тычыцца савецкай беларусізацыі 20-гадоў ХХ стагоддзя, то падчас яе пачаўся перавод навучання ў школах пераважна на беларускую мову, арганізаваліся школы для нацыянальных меншасцяў на іх роднай мове. Быў наладжаны выпуск газет, часопісаў, кніг на беларускай мове і мовах нацыянальных меншасцяў. Пачалі дзейнічаць беларускія тэатры. У 1921 годзе быў адкрыты Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Быў заснаваны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), шэраг бібліятэк. Пачалі працаваць Дзяржаўны музей і Цэнтральны архіў. Зроблена было яшчэ шмат іншага, што напоўніла тагачасную БССР – папярэдніцу Рэспублікі Беларусь рэальным дзяржаўным зместам і стала дзейснай процівагай ідэі БНР. Менавіта палітыка беларусізацыі 20-х гадоў ХХ стагоддзя прывабіла шмат каго з беларускіх антыбальшавіцкіх дзеячоў, прымусіўшы іх ідэйна разброіцца і вярнуцца з палітэміграцыі (спойлер: дарэмна).

Зыходзячы з усяго вышэйазначанага, паўстае пытанне, ці ёсць у магілёўскіх гарадскіх чыноўнікаў дзяржаўнае мысленне?

Уладзімір Лапцэвіч